19 красавiка 2024, Пятніца, 9:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады самі выклікалі віхуру

27
Улады самі выклікалі віхуру

У чым таямніца поспеху пратэстаў у Берасці?

У Берасці традыцыйная нядзельная акцыя супраць акумулятарнага завода перарасла ў масавае шэсце, у якім узялі ўдзел блізу 500 чалавек. Відавочцы паведамляюць, што падчас руху калоны па цэнтры горада да пратэстоўцаў далучаліся звычайныя мінакі.

Падрабязнасці пра тое, што адбываецца ў горадзе над Бугам, сайту Charter97.org распавёў прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Берасці, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда.

- 500 чалавек на маршы - гэта рэкорд для акцый супраць акумулятарнага завода, да гэтага выходзіла максімум 300. Чаму колькасць людзей павялічылася?

- Адказ просты: улады самі выклікалі віхуру сваімі палавіністымі заявамі і спробамі падмануць берасцейцаў. Напраўду, ні на якія саступкі ў справе будаўніцтва і працы акумулятарнага завода яны не ідуць. Чым больш зыходзіць ад іх абяцанняў прыпыніць завод на час праверкі, тым больш людзей разумее: улады проста цягнуць час, адцягваюць людзей ад плошчы, прызначаючы нейкія «перамовы», ледзь не за горадам.

Фактычна такую тактыку яны спрабавалі выкарыстаць у гэтую нядзелю: за гадзіну да пачатку акцыі ў Доме прафзвязаў была прызначаная сустрэча са старшынём Берасця Аляксандрам Рагачуком і прадстаўніком аблвыканкама ў пытаннях экалогіі. Ініцыятыўная група ў барацьбе з акумулятарным заводам разважыла, што на гэтую сустрэчу ніхто не пойдзе - і байкот атрымаўся, зала была пустая. Вядома, улады прывезлі паўтара дзясятка сваіх "падсадных", якія ківалі ім у такт галовамі.

Але людзі разумеюць: улады не хочуць закрываць завод, а праверкі, якія яны абяцалі правесці, так і засталіся абяцаннямі. Адзіны варыянт у гэтай сітуацыі - гэта працягваць акцыі пратэсту на вуліцах. І акцыі не проста працягваюцца: да іх далучаюцца цалкам новыя людзі.

- Што казалі людзі на акцыі ў нядзелю, якія настроі у прысутных?

- Людзі разумеюць, што ініцыятыва цяпер - на нашым баку, а ўлады разумеюць толькі мову мірнага ціску на плошчы і вуліцах. Пакуль мы надумалі працягваць ціск традыцыйнымі акцыямі: кармленне галубоў на плошчы і шэсці цэнтральнымі вуліцамі горада.

Але ўсё разумеюць: калі тактыка зацягвання часу з боку ўладаў працягнецца, то формы пратэсту самі па сабе могуць стаць больш радыкальнымі. Наколькі я зразумеў з настрою пратэстоўцаў, акцыі будуць успыхваць не толькі ў Берасці, але і за межамі горада.

Можа дайсці да таго, што калі завод зноў пачне ў адкрытую працаваць, людзі будуць проста перацінаць цэнтральную магістраль Берасце - Масква насупраць завода. Людзі да гэтага гатовыя: такія ідэі прагучалі ўчора на акцыі пратэсту. Людзі гатовыя: пакуль іх ўтрымлівае ад гэтага ініцыятыўная група барацьбы з заводам, але можа надысці час, што успыхнуць стыхійныя пратэсты.

Гэта павінен разумець і старшыня Берасця, які ўжо шмат разоў схлусіў берасцейцам наконт гэтага завода, і наш так званы «губернатар». Калі завод не будзе закрыты раз і назаўжды - пратэсты прадоўжаццаа, і гэта можа быць ужо зусім іншая, стыхійная, сіла народнай незадаволенасці.

Цяпер у Берасці адбываецца тое, пра што я казаў і раней: калі ўлада хлусіць, людзей на вуліцы выходзіць усё больш і больш.

- Як можна выкарыстоўваць досвед Берасця ў іншых гарадах Беларусі?

- Сакрэт поспеху берасцейцаў - у добрай арганізацыі ініцыятыўнай групы, якая спачатку складалася з людзей, якія жывуць побач. Але з часам яна разраслася і пачала ахопліваць усё больш простых людзей, якія хочуць жыць у чыстым навакольным асяроддзі.

У Беларусі шмат праблемных месцаў. Важна ствараць ва ўсёй краіне групы «па інтарэсах» для абароны сваіх правоў. А абарона правоў у нас у краіне магчымая толькі пасля вынясення сваіх патрабаванняў на плошчу. У Берасці гэта атрымалася, і няма падстаў меркаваць, што гэта не атрымаецца ў іншых гарадах.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках