19 красавiка 2024, Пятніца, 6:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Спробы кіраваць па-старому нічога не даюць

14
Леанід Злотнікаў: Спробы кіраваць па-старому нічога не даюць

Харчовая прамысловасць - адная з самых стратных галін, хоць займае другое месца паводле аб'ёму экспарту.

Перыядычнае ўвядзенне Рассельгаснаглядам абмежавальных захадаў да беларускіх прадпрыемстваў у большай ступені не звязана з якасцю прадукцыі, заявіў пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву ТАСС. Паводле ягоных слоў, беларускія вытворцы выконваюць усе патрабаванні і стандарты, прынятыя ў ЕАЭС і «якія ў шэрагу пазіцый у нас больш жорсткія, чым у Еўразвязе», піша «Заўтра тваёй краіны».

Да нас зноў чэпяцца або дыму без агню не бывае?

На думку кандыдата эканамічных навук Леаніда Злотнікава, аб'ектыўна адказаць на гэтае пытанне немагчыма.

- Для гэтага трэба ведаць вынікі лабараторных праверак. Я мяркую, што дыму без агню не бывае. З іншага боку, ёсць ціск з боку расейскіх сельгасвытворцаў, каб Беларусь не дэмпінгавала, не збівала кошты.

- Але ў той жа Літве, ва Украіне ў крамах можна ўбачыць шырокі асартымент беларускай малочнай прадукцыі.

- Некаторыя прадукты Беларусь прадае са стратай для сябе. Напрыклад, блізу ста тысяч тон ялавічыны мы пастаўляем на экспарт, а гэта нямала. Вытворцы ялавічыны маюць страты ад гэтага экспарту. Гэта тычыцца і масла, мы прадаем 60-70 тысяч тон масла сабе ў страту. Харчовая прамысловасць - адная з самых стратных галін, хоць яна займае другое месца паводле аб'ёму экспарту.

Малака мы, напэўна, вырабляем больш, чым у Расеі, а што мы маем? Бядотныя прадпрыемствы сельгасвытворчасці. Стратная харчовая прамысловасць. Тут ёсць яшчэ і коштавы момант. Магчыма, расейскія сельгасвытворцы ціснуць на тое, што беларускія, перашкаджаюць ім вырабляць уласную прадукцыю.

Да таго ж, у нас разглядаецца як малако прадукт, калі ён зроблены з парашку. А паводле расейскіх стандартаў яно павінна быць натуральным.

- Паводле афіцыйнай інфармацыі, цяперашні рост ВУП складае 1%, што значна ніжэй за прагноз урада на гэты год (4%). Сярод адсталых галін і сельская гаспадарка, якая дае мінус 1,8%.

- Трэба казаць не пра сельскую гаспадарку агулам, а пра прадукцыю сельскай гаспадаркі. І тут адбыўся рост вытворчасці ў вартасным вылічэнні на 5%. За гэты час закупкавыя кошты на сельгаспрадукцыю выраслі на 6%, гэта значыць, невялікі рост вартасных аб'ёмаў вытворчасці адбыўся за кошт росту коштаў. Але гэта не рэальны рост.

- Чаму беларускія ўлады так упарта трымаюцца менавіта за сельскую гаспадарку?

- Цяперашняя наменклатура высокага ўзроўню кіруецца каштоўнасцямі ўраўняльнага размеркавання, якія не дапускаюць рынкавай эканомікі. Сельская гаспадарка - гэта не рынкавая эканоміка. У нас проста камандная эканоміка, якая не дае жыць сельгасвытворцам. Лепш бы гэта ўсё рэгуляваў рынак, а не вертыкаль. У нас не тая сістэма і ў эканоміцы, і ў дзяржкіраванні.

- Новае кіраўніцтва нашай паўднёвай суседкі Украіны ўжо заяўляе, што пара адмаўляцца ад такога паняцця, як краіна сельскагаспадарчай вытворчасці, і настройвацца на іншы лад. Калі беларускія ўлады саспеюць да такога разумення?

- Акурат ва Украіне сельская гаспадарка з'яўляецца самай эфектыўнай галіной, якая дае даходы. Напрыклад, гэта масла, алей, цукар. Што яны рабілі? Яны наадварот, далі свабоду сельгасвытворцам, увялі прыватную ўласнасць на зямлю. Праўда, гэтую зямлю нельга перапрадаваць. Але што тады робяць сяляне? Яны здаюць гэтую зямлю ў арэнду тым, хто хоча вырабляць сельгаспрадукцыю.

Там ужо так склалася, што існуюць буйныя сельгаспрадпрыемствы, якія самі зямлёй не валодаюць, але бяруць у арэнду ў сялян, у пенсіянераў, якія на гэтым таксама зарабляюць. Увогуле, гэта амаль капіталістычная вытворчасць.

Ва Украіне маюць даволі эфектыўную сельскую гаспадарку. Гэта як бы каменьчык у агарод беларусаў - спробы кіраваць па-старому, ад імя дзяржавы, нічога не даюць.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках