23 красавiка 2024, aўторак, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Прыадчынілася заслона таямніцы над тым, што збіраюцца рабіць з грашыма ў Беларусі

15
Эканаміст: Прыадчынілася заслона таямніцы над тым, што збіраюцца рабіць з грашыма ў Беларусі

Для рубля гэта можа мець негатыўныя наступствы.

Курс даляра ЗША на БВФБ можа значна вагацца, але за тыдзень здольны як вырасці на дзелі адсотка, так і знізіцца на дзелі адсотка. Умацаванне расейскага рубля мае высокія шанцы прадоўжыцца, піша ў артыкуле на сайце «Белрынок» эканаміст Уладзімір Тарасаў.

Сярэднеўзважаны курс даляра ЗША на Беларускай валютна-фондавай біржы на мінулым тыдні знізіўся, як і прагназавалася, хоць і ў большай ступені: на 1,2% (да 2,0417 рубля за даляр 21 чэрвеня).

Сярэднеўзважаны курс еўра пры гэтым упаў на 1%, прычым ён значна вагаўся на цягам тыдня і склаў на 21 чэрвеня 2,307 рубля за еўра.

Аналагічны курс расейскага рубля на біржы за тыдзень вырас на 0,9% і дасягнуў 3,2352 беларускіх рубля за 100 расейскіх.

Кошт валютнага кошыка з даляра ЗША, еўра і расейскага рубля пры гэтым на мінулым тыдні знізіўся, але ўсяго на 0,1%. У пачатку тыдня ён паменшыўся, але затым пайшоў уверх, а ў пятніцу зноў упаў. Сума таргоў валютамі на БВФБ вырасла ў сувязі з выплатай падаткаў да 75 млн рублёў у сярэднім за дзень (з 40 млн рублёў на папярэднім тыдні).

Курс беларускага рубля ў дачыненні да кошыка валют

Пры гэтым лішак рублёвых рэсурсаў у банкаўскай сістэме РБ у сувязі з выплатай падаткаў значна скараціўся. На праведзеным 19 чэрвеня аўкцыёне для размяшчэння кароткатэрміновых аблігацый Нацбанка з тэрмінам абарачэння, роўным 7 дням, попыт на гэтыя каштоўныя паперы знізіўся да 887,45 млн. рублёў з 2 240,54 млн. рублёў на аўкцыёне 12 чэрвеня. Стаўка адсячэння засталася роўнай 9,9993% гадавых, як і сярэднеўзважаная стаўка (9,9888%). Фактычны аб'ём размяшчэння роўны попыту.

Нацыянальны статыстычны камітэт РБ на мінулым тыдні апублікаваў даволі сумныя звесткі аб стане беларускай эканомікі. За студзень-травень гэтага года ВУП нашай краіны вырас усяго на 1%, хоць за чатыры месяцы прырост складаў 1,4%. Аб'ём прамысловай вытворчасці за пяць месяцаў павялічыўся, але ўсяго на 0,3%. Да гэтага прывяло, хутчэй за ўсё, зніжэнне перапрацоўкі расейскай нафты на беларускіх НПЗ у сувязі з пагаршэннем яе якасці.

Рост ВУП у гэтым годзе забяспечвае ўнутраны чыннік: павелічэнне даходаў насельніцтва, якія за студзень-красавік выраслі на 7,6% у супастаўных цэнах. Далей урад РБ, відавочна, збіраецца ўсё ў большай ступені задзейнічаць ўнутраны чыннік для «ўздыму эканомікі». Міністр фінансаў РБ Максім Ермаловіч 20 чэрвеня паведаміў, што ў 2020 годзе плануецца выканаць рэспубліканскі бюджэт з нулявым прафіцытам, гэта значыць урад нарэшце перастане эканоміць. Гэта не дзіўна: набліжаюцца прэзідэнцкія выбары.

Максім Ермаловіч нарэшце прыадчыніў заслону таямніцы над тым, што ўрад збіраецца рабіць з грашыма, якія былі назапашаныя за мінулыя гады за кошт эканоміі на выдатках. Паводле ягоных слоў, гэтыя сродкі будуць выкарыстоўвацца ў 2020-2021 гадах з тым, каб падтрымаць капітальныя ўкладанні, бюджэтныя інвестыцыі і ўзровень жыцця насельніцтва. А ў гэтым годзе прафіцыт рэспубліканскага бюджэту будзе знана ніжэйшы, чым у 2018 годзе, і складзе 1,7 млрд рублёў. Такім чынам, стала ясна, навошта ўрад некалькі гадоў эканоміў на выдатках: каб іх істотна павялічыць перад выбарамі прэзідэнта і забяспечыць ўздым эканомікі. Для беларускага рубля гэта негатыўны чыннік.

Негатыўная для беларускага рубля інфармацыя на мінулым тыдні паступіла з Масквы: 17 чэрвеня былы амбасадар РФ у РБ Міхаіл Бабіч быў прызначаны намеснікам міністра эканамічнага развіцця РФ. Ён зоймецца інтэграцыяй у рамках СНД, у тым ліку і Расеі з Беларуссю ў рамках Саюзнай дзяржавы. Гэта азначае, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падзяляе погляды Міхаіла Бабіча на інтэграцыю з Беларуссю, гэта значыць на перамовах з Лукашэнкам зойме жорсткую пазіцыю. А гэта значыць, што Беларусь можа не разлічваць на шчодрасць Расеі.

Улічваючы даволі неспрыяльныя ўмовы на замежных рынках, а таксама ваганні кошту валютнага кошыка на мінулым тыдні, можна чакаць, што на гэтым тыдні ён трохі падрасце: на 0-0,5%.

Курс даляра ў дачыненні да еўра

Курс амерыканскай валюты ў дачыненні да еўра на рынку форэкс на мінулым тыдні значна вагаўся. Спачатку ўдар па еўра нанёс кіраўнік Еўрапейскага Цэнтрабанка Марыё Драгі, які падчас форуму ў партугальскім Сінтры заявіў, што калі перспектыва для эканомікі Еўразвязу не палепшыцца, то спатрэбяцца дадатковыя стымулы, а новае зніжэнне стаўкі ЕЦБ – частка неабходнага для гэтага інструментару. Пасля гэтага курс еўра на форэкс зноў апусціўся ніжэй за ўзровень 1,12 даляраў за еўра.

Аднак 19 чэрвеня кіраўнік ФРС Джэрам Паўэл нанёс удар па даляры. Пасля заканчэння пасяджэння Камітэта аперацый на адкрытым рынку ФРС ён заявіў, што нявызначанасць, звязаная з гандлёвымі войнамі і іх патэнцыйна разбуральнымі наступствамі для ЗША і іншых эканомік, прымусіла кіраўніцтва ФРС змяніць сваю грашовую палітыку. Джэром Паўэл заявіў аб магчымым зніжэнні ставак ФРС у самы бліжэйшы час, і не выключыў, што яна будзе паменшаная на палову адсоткавага пункта.

У сувязі з такой смелай заявай, даляр значна патаннеў, прычым не толькі ў дачыненні да еўра, але і да іншых валют.

Яго далейшая дынаміка ў значнай ступені залежыць ад вынікаў сустрэчы кіраўнікоў ЗША і КНР Дональда Трампа і Сі Цзіньпіна, якая адбудзецца на саміце Вялікай дваццаткі на гэтым тыдні. Калі яна апынецца станоўчай гэта падтрымае даляр, бо ў гэтым выпадку ФРС можа не спатрэбіцца хутка і рашуча зніжаць стаўкі.

У сувязі з нявызначанасцю ў дачыненні да вынікаў гэтай сустрэчы, можна прагназаваць, што курс еўра супраць даляра на рынку форэкс на гэтым тыдні можа значна вагацца. Што да выніковай змены за тыдзень, то яна цалкам можа апынуцца нулявой, бо нявызначанасць, хутчэй за ўсё, захаваецца.

Курс расейскага рубля ў дачыненні да даляра

Расейская валюта, як і еўра, падаражэла ў дачыненні да даляра пасля заяў кіраўніка ФРС. На Маскоўскай біржы 20 чэрвеня курс даляра ўпершыню з ліпеня мінулага года ўпаў ніжэй за 63 рублі (да 62,9775 рубля за даляр).

Рубель атрымаў падтрымку і ад росту коштаў нафты на сусветным рынку. Да гэтага прывялі падзеі, у якіх таксама ўдзельнічалі ЗША. А менавіта, іранскімі СПА быў збіты амерыканскі беспілотнік, у сувязі з чым значна абвастрыліся стасункі паміж дзвюма краінамі. У сувязі з гэтым нафта маркі Вrent вырасла ў цане за адзін дзень амаль на 4%.

На гэтым тыдні расейскі рубель можа працягнуць ўмацаванне, бо яго падтрымае продаж валюты экспарцёрамі ў мэтах ажыццяўлення падатковых плацяжоў. Пік выплат прыпадае на 25-28 чэрвеня, калі расейскія кампаніі выплачваюць ПДВ, ПЗКВ, акцызы і падатак на прыбытак. У сувязі з гэтым можна чакаць зніжэння курсу даляра на Маскоўскай біржы на гэтым тыдні яшчэ прыкладна на 0,5%.

Курс беларускага рубля ў дачыненні да даляра

Калі зробленыя вышэй прагнозы курсаў валют спраўдзяцца, то курс даляра ЗША на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы можа як трохі (на дзелі адсотка) знізіцца, так і трохі вырасці, у залежнасці ад таго, які працэс будзе пераважаць: паслаблення даляра да расейскага рубля або паслабленне беларускага рубля да кошыка валют. Не выключаны значныя ваганні курсу амерыканскай валюты.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках