28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Чэхіі праходзіць найбуйнейшая за 30 гадоў акцыя пратэсту

1
У Чэхіі праходзіць найбуйнейшая за 30 гадоў акцыя пратэсту
ФОТА: AP

Чэхі патрабуюць адстаўкi прэм'ер-міністра Бабіша.

У сталіцы Чэхіі Празе 23 чэрвеня праходзіць масавая акцыя пратэсту супраць прэм'ер-міністра краіны Андрэя Бабіша, якая з'яўляецца найбуйнейшай за 30 гадоў, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на чэшскія СМІ.

Мітынг праходзіць у парку Летна – тамсама, дзе ў дні Аксамітнай рэвалюцыі 1989 г. былі арганізаваныя маштабныя пратэсты супраць кіравання камуністычнай партыі. У іх удзельнічалі блізу паўмільёна чалавек. На дэманстрацыі, якая праходзіць 23 чэрвеня, арганізатары чакалі да 250 тысячаў удзельнікаў.

Акцыі супраць Бабіша праводзяцца з красавіка ў Празе і іншых гарадах Чэхіі. Лік іх удзельнікаў увесь час расце. Тры тыдні таму дэманстранты запоўнілі Вацлаўскую плошчу ў цэнтры горада, іх было, паводле розных звестак, ад 90 да 120 тысячаў чалавек. Таму арганізатары перанеслі сённяшні мітынг на Летну, у цэнтры ягоныя ўдзельнікі ўжо не змясціліся б.

Як паведамляюць чэшскія СМІ, удзельнікі акцыі прыбывалі ў Прагу на аўтобусах і цягніках з усёй краіны.

Нагодай для маштабных пратэстаў стала крымінальная справа супраць Бабіша паводле падазрэння ў махлярстве з фондамі Еўрапейскага Звязу. Сцвярджаецца, што сямейная фірма Бабіша атрымала грошы ад ЕЗ праз парушэнне закона. Еўракамісія таксама абвінаваціла прэм'ера Чэхіі ў канфлікце інтарэсаў пры атрыманні датацый для ягонага холдынгу Agrofert. Непасрэднай прычынай росту ліку ўдзельнікаў акцый пратэсту стала прызначэнне міністрам юстыцыі прыхільніцы Бабіша Марыі Бенешавай. Праціўнікі прэм'ера асцерагаюцца, што яна будзе рабіць ціск на следства.

Андрэй Бабіш адмаўляе сваю віну і сцвярджае, што прычынаў для масавых дэманстрацый няма.

Андрэй Бабіш – адзін з найбагацейшых людзей Чэхіі, уладальнік шэрагу буйных прадпрыемстваў і СМІ. Ён узначальвае кааліцыйны ўрад, які абапіраецца, у тым ліку, на галасы дэпутатаў ад Камуністычнай партыі, што таксама абурае многіх дэманстрантаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках