20 красавiка 2024, Субота, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму свет 20 гадоў жыве ў «залатой ліхаманцы»

7
Чаму свет 20 гадоў жыве ў «залатой ліхаманцы»

Кошт на золата б'е гістарычныя рэкорды.

Пазіцыю лідара традыцыйна займаюць Злучаныя Штаты Амерыкі, якія валодаюць самым вялікім залатым запасам у свеце – 8133 т на суму $ 373 млрд. У агляднай будучыні ні адна краіна ў свеце не зможа прынамсі наблізіцца да гэтага паказніку – занадта вялікі разрыў. У Нямеччыне, якая займае другі радок, аб'ём залатога рэзерву складае "ўсяго" 3369 т. Трэцім ідзе аўтар рэйтынгу – МВФ – 2814 т, хоць ён і не краіна, але таксама ўключаны ў спіс. Першая дзясятка заставалася без змяненняў доўгія гады. Каб перамясціцца ў рэйтынгу хоць на адну пазіцыю, Цэнтрабанку той ці іншай краіны неабходна за кароткі перыяд набыць некалькі дзясяткаў тонаў золата. Такі рэзкі крок можа апраўдаць толькі глыбокі эканамічны крызіс, а эканамічна развітыя краіны на сёння знаходзяцца ў перыядзе адноснай стабільнасці, піша dsnews.ua.

КРЫНІЦА: МВФ

У пагоні за золатам

Выключэннем з агульнай тэндэнцыі стала Расея, якая ў пачатку гэтага года паводле аб'ёму залатога запасу абагнала Кітай, пацясніўшы яго з шостага радка ў рэйтынгу МВФ. Шэсць гадоў запар расейскі цэнтрабанк актыўна і ў вялікіх колькасцях скупляе золата. У 2017 г., да прыкладу, было набыта 224 т. Стаўка на золата – гэта адно з наступстваў міжнародных санкцый, звязаных з анэксіяй Крыма. У асноўным Расея набывае каштоўны метал за грошы, атрыманыя ад продажу амерыканскіх дзяржаўных аблігацый. З пачатку года расейскі залаты запас папоўніўся яшчэ на 55,3 т, дасягнуўшы адзнакі 2168 т. Набываючы золата, Расея адначасова зніжае залежнасць ад даляра ЗША, спрабуючы абараніцца ад магчымага крызісу сусветнай эканомікі.

Цэнтрабанк Расеі – не адзіны актыўны гулец на рынку золата. Пра намер да канца года на 10 т папоўніць залаты рэзерв абвесціла Сербія. У планах мясцовага ЦБ давесці аб'ём да 50 т да 2020 г. з сённяшніх 20. Рэзервовы Банк Індыі з пачатку года набыў 8,2 т золата, што пакуль нашмат менш, чым у 2018 г. – 42,3 т. Пасунуты Расеяй Кітай павялічыў рэзервы ў 2019 г. на 33 т. Але ў КНР ёсць адна асаблівасць: нягледзячы на тое, што краіна – найбуйнейшы ў свеце здабытчык золата, у яе золатавалютных рэзервах каштоўны метал займае даволі сціплае месца – 2,4%. Гэта самы нізкі паказнік сярод першай дзясяткі цэнтрабанкаў свету.

Пералічаныя банкі вылучаюцца з агульнай тэндэнцыі толькі аб'ёмамі набыцця золата: усяго восем фінустановаў з пачатку года набылі больш за адну тону золата. У 2010 г. скончыўся перыяд (з 1997 г.) калі ЦБ у асноўным прадавалі золата. У наступныя гады сукупны запас цэнтрабанкаў стабільна павялічваўся на 300–500 т штогод. Паводле звестак Сусветнай рады золата (World Gold Council) за I квартал гэтага года з 1053 т прададзенага на глабальным рынку золата ўсімі відамі пакупнікоў 40 т было набыта для забеспячэння золатам каштоўных папераў ETF-фондаў (+49% у параўнанні з I кварталам 2017 г.); 257 т набылі камерцыйныя банкі ў выглядзе зліткаў і манетаў (-1%); 530 т "паглынула" ювелірная прамысловасць (+1%) і яшчэ 79 т (-3%) было выкарыстана ў IT-індустрыі. У сваю чаргу цэнтрабанкі набылі ў першыя тры месяцы 2019-га 145 т золата, што з'яўляецца самым буйным прыростам за першыя кварталы з 2013 г. (для параўнання, у I кв. 2018 года яны набылі 86 т.). Адна з прычынаў такой актыўнасці ў тым, што ЦБ імкнуцца дыверсіфікаваць актывы на карысць бяспечных і ліквідных праз неспакойную геапалітычную сітуацыю.

Скупка каштоўнага металу нацыянальнымі рэгулятарамі стымулюе і іншых інвестараў пераключаць увагу на золата. Да пачатку лета ажыятаж дасягнуў такіх маштабаў, што паўстала пытанне, якой коштавай мяжы можа дасягнуць золата ў агляднай будучыні.

КРЫНІЦА: WORLD GOLD COUNCIL

Коштавыя спекуляцыі

Уладальнік здабыўной карпарацыі Electrum Group мільярдэр Томас Каплан актыўна інвестуе ў каштоўныя металы, ён без ценю сумневаў назваў $ 5000 за тройскую унцыю (т. у. = 31,1 г) новым арыенцірам для максімальнага кошту на золата. У інтэрв'ю агенцтву Bloomberg ён аргументавана растлумачыў свой прагноз: "За апошняе дзесяцігоддзе глабальная эканоміка перажывала розныя цыклы – ад крызісаў да перыядаў адноснай стабільнасці. Цягам гэтага часу нязменным заставалася адно – рост коштаў на золата. Вядома, часам кошт падаў на некалькі сотняў даляраў ці, наадварот, мы назіралі рэзкія скокі. Але асноўная тэндэнцыя захоўвалася: золата станавілася даражэйшым і надалей будзе ўпэўнена расці ў кошце ў найбліжэйшыя гады".

Рабіць доўгатэрміновыя прагнозы датычна біржавога кошту золата – справа вельмі ўдзячная. З 2000 г. кошт тройскай унцыі вырас на 363%. І калі казаць пра перспектывы на адно або два дзесяцігоддзі, без уліку яшчэ не сустрэтых у гісторыі глабальных форс-мажораў, то золата рана ці позна наблізіцца да адзнакі $ 5000 за тройскую унцыю, прадказанай Капланам.

КРЫНІЦА: WORLD GOLD COUNCIL

З пачатку года кошт на золата рос больш імклівымі тэмпамі ў параўнанні з аналагічнымі справаздачнымі перыядамі папярэдніх гадоў і ўжо ў чэрвені пачаў абнаўляць гістарычныя рэкорды. У ЗША тройская унцыя дасягнула $ 1356, што з'яўляецца самым высокім коштам за апошнія 14 месяцаў. На Шанхайскай біржы – галоўнай азіяцкай пляцоўцы гандлю каштоўнымі металамі – золата пабіла шасцігадовы рэкорд, зафіксаваны на адзнацы 310 ен за адзін грам. У Еўропе ўпершыню з красавіка 2017 г. унцыя перасекла рысу 1200 еўраў. Зыходзячы з цяперашняй дынамікі, аналітычныя агенцтва перагледзелі прагнозы і сышліся на дыяпазоне $ 1400– $ 1550 за т. у. як найбольш верагодным кошце да канца 2019 г. У адсоткавых суадносінах – гэта павелічэнне на 20% у параўнанні з папярэднім годам. Дарэчы, паводле вынікаў 2018 г. золата патаннела на 3,4%, адкрыўшы год з адзнакі $ 1312 за т. у. і скончыўшы з паказнікам $ 1268 за т. у.

"Новы віток кошту адбудзецца, калі золата перавысіць адзнаку $ 1375 за т. у., якую інвестары сёння вызначылі як базавую, каб яшчэ больш актыўна набываць каштоўны метал. Здарыцца гэта ў кастрычніку-лістападзе", – прагназуе ў інтэрв'ю анлайн-выданню MarketWatch Такі Тсаконас, фінансавы аналітык інвестфонда Investing Haven.

Чаму даражэе золата

Традыцыйна рост кошту на золата тлумачаць набліжэннем эканамічных крызісаў або геапалітычных катаклізмаў. Напярэдадні такіх перыядаў інвестары аддаюць перавагу таму, каб пазбаўляцца ад рызыкоўных актываў і пераводзіць капітал у менш прыбытковыя, але больш надзейныя гавані. Цяперашні скачок кошту аналітыкі тлумачаць трыма прычынамі. Першая – гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем усё больш набывае прыкметы глабальнай. Другая – магчымы ўзброены канфлікт паміж ЗША і Іранам. Верагоднасць пачатку поўнамаштабных ваенных дзеянняў у Персідскім заліве невысокая, але дастатковая, каб узмацніць пазіцыю золата. І трэцяя прычына – зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту ў Кітаі. Пакуль аналітыкі толькі мяркуюць, да якіх межаў можа замарудзіцца кітайская эканоміка і якімі наступствамі пагражае магчымы крызіс у самай буйной эканоміцы Азіі для развітых краінаў. Але агульнае меркаванне такое, што неспрыяльная сітуацыя ў Кітаі негатыўна адаб'ецца на ўсіх – у першую чаргу на Злучаных Штатах. "Мы ўсё яшчэ чакаем, што эканамічная сітуацыя ў ЗША будзе пагаршацца цягам летніх месяцаў, а ўжо ў верасні Федэральнаму рэзерву давядзецца знізіць уліковую стаўку, каб выправіць сітуацыю", – упэўнены Эндру Хантрэ, галоўны эканаміст інвестфонду Capital Economics. А да гэтага часу, раіць эканаміст, варта запасацца золатам. Бо ў крызіс яно будзе яшчэ даражэйшым.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках