19 красавiка 2024, Пятніца, 1:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Беларускія прадпрыемствы ператварыліся ў «дзіцячыя садкі» для дарослых

20
Экспэрт: Беларускія прадпрыемствы ператварыліся ў «дзіцячыя садкі» для дарослых
ФОТА: 1PROF.BY

Афіцыйныя прафзвязы не столькі займаюцца абаронай правоў, колькі размяркоўваюць туры і квіткі на канцэрты.

Міжнародная федэрацыя прафзвязаў панізіла Беларусь у індэксе глабальных правоў да перадапошняй пазіцыі. Мы ўвайшлі ў Катэгорыю краін, дзе працоўным не гарантуецца захаванне іхніх правоў. Ніжэй у рэйтынгу толькі дзевяць афрыканскіх і блізкаўсходніх дзяржаў. Сам сабой гэты характэрны факт мала паўплывае на якасць нашага з вамі жыцця, бо залежыць яно не ад радка ў рэйтынгу. Але ўсё ж гэта добрая падстава моцна задумацца, як мы дакаціліся да такога жыцця. Я, не быўшы экспэртам у прафесійных звязах, усё ж выкажу сваё меркаванне, піша сацыёлаг Наталля Рабава для onliner.by.

Наша краіна дэкларуе сябе як дзяржава для народа, дзе працуе сацыяльна арыентаваная эканоміка, усё робіцца ў інтарэсах простых людзей — рабочых, службоўцаў, настаўнікаў, лекараў і г. д. Але што з абаронай правоў і выказваннем інтарэсаў гэтых самых працоўных, дзеля якіх нібыта і працуе ўся дзяржаўная машына? Што скажуць прафзвязы?

У Беларусі ёсць нешматлікая група людзей, якія залічваюць сябе да незалежных прафзвязаў, і яны кажуць, што праблем процьма — адна вастрэйшая за другую. І ёсць велізарная структура (Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі), якую наўрад выпадае назваць цалкам незалежнай. І гэтая большасць, мяркуючы з усяго, не бачыць катастрофы, заўважанай Міжнароднай федэрацыяй прафзвязаў. У адваротным выпадку ФПБ, валодаючы вельмі вялікай, разгалінаванай структурай, даўно заўважыла б негатыўныя тэндэнцыі і біла ў набат.

Асабіста ў мяне ўзнікае ўражанне, што прафзвязы на большасці беларускіх прадпрыемстваў не столькі займаюцца абаронай правоў працоўных, колькі размяркоўваюць туры і квіткі на канцэрты. Часам, дарэчы, у ахвотна-прымусовым парадку.

Чаму так адбываецца? Таму што для абароны правоў працоўных трэба ўступаць у канфрантацыю з працадаўцам і дзяржавай. Гэтая патрэба ўмайстраваная ў здаровыя, эфектыўна дзейныя прафзвязы апрыры. Прафзвязу нельга "сябраваць з начальствам", гэта робіць яго бяззубым і кіраваным. Мне здаецца, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўспрымае сябе часткай вертыкалі ўлады, што ўжо ніяк не настройвае на канфрантацыю.

Сама гістарычная сутнасць прафзвязаў у тым, што яны, выказваючы інтарэсы працоўных, і з'яўляюцца пасярэднікамі паміж імі, кіраўніцтвам прадпрыемства і дзяржавай. Ці памятаеце вы, якую канкрэтна вашу праблему прафзвязы даносілі да дырэктара (я не кажу ўжо пра больш высокі ўзровень) і баранілі яе развязанне?

Для таго, каб механізм зваротнай сувязі працаваў, патрабуюцца ўмовы для законнага цывілізаванай абароны інтарэсаў працоўных - ад перамоў да страйку. Такія законы ёсць у шмат якіх краінах свету, і таму часам дрэнна дзейнічаюць аэрапорты, службы таксі, нават лекары і настаўнікі — страйк у нас, маўляў, прабачце. Такія прэцэдэнты прыносяць процьму невыгод, выдаткаў, яны рэальна вар’ююць... Але затое дзяржава звяртае ўвагу на важнасць працы пратэстоўцаў і ідзе на вымушаны дыялог з імі.

У нашай краіне людзі маюць тэарэтычнае права на страйкі, якія практычна чамусьці не ладзяцца. І ўжо дакладна іх не ладзяць суполкі ФПБ. Я не кажу: страйкі - гэта добра. Я кажу: добра, калі відаць, што людзі бароняць свае правы. Ці ў нас усё так файна? Дарэчы, нешматлікія незалежныя прафзвязы ў той жа самы час бароняць інтарэсы пакрыўджаных працадаўцам людзей у судзе - гэта значыць, выконваюць сваю працу.

Агульны ўзровень даверу насельніцтва да прафзвязаў знаходзіцца на нізкім узроўні. Папросту кажучы, ім болей не вераць. Гэтаму ёсць прычыны - людзі не разумеюць, для чаго ім фундаваць структуры, якія ўвогуле мала што вызначаюць. Мы гаворым аб рэальных праблемах - напрыклад, аб незаконных звальненнях або аб дрэнных варунках працы. Бо праблему свайго вольнага часу і адпачынку кожны можа ўладзіць самастойна, калі ён мае годныя варункі працы і адпаведны ім заробак.

У дачыненні да працы існуе і яшчэ адна праблема. Часцяком беларусы ставяць пад сумнеў вартасць сваёй працы, не заўсёды разумеюць, для чаго наогул яны працуюць. У трансляванай нам рыторыцы ёсць ідэя, што ўсе павінны працаваць незалежна ад таго, якую заплату бяруць і якіх вынікаў дасягаюць. Праца, маўляў, зрабіла з малпы чалавека. Рэалізацыя гэтай ідэі яскрава ўвасобілася ў "дэкрэце аб дармаедах", у якім наша канстытуцыйнае права на працу ператварылася ў абавязак працаваць незалежна ад таго, які пры гэтым чалавек бярэ заробак, ці працуе ён у сваёй галіне і паводле сваёй адукацыі, ці падабаецца яму праца, ці мае ён пры гэтым перспектывы... Галоўнае, што называецца, быць занятым.

Не важна, што ад працы на стратным прадпрыемстве няма ніякай карысці і ўвогуле — сэнсу. Важны працэс. Такія прадпрыемствы фактычна выступаюць асобнымі "дзіцячымі садкамі для дарослых", у якія чалавека здаюць раніцай і забіраюць увечары, каб ён не сноўдаўся без справы. На такім прадпрыемстве "прафзвяз здаровага чалавека" не патрэбны - навошта ён у дзіцячым садку?

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках