«Раскосмас» забароніць расейскім касманаўтам мацюкацца
19- 22.06.2019, 14:21
- 11,046
Падрыхтаваны праект Кодэкса прафесійнай этыкі касманаўтаў РФ.
Гэты дакумент, тэкст якога быў апублікаваны на федэральным партале праектаў і прававых актаў у пятніцу, 21 чэрвеня, змяшчае, сярод іншага, патрабаванне адмовіцца ад выкарыстання нецэнзурнай лексікі і непрыстойных выразаў пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці, а таксама мець вонкавы выгляд, які "адпавядае агульнапрынятаму справавому стылю" і "спрыяе фармаванню паважлівага стаўлення грамадзянаў да касманаўтам Расейскай Федэрацыі", піша dw.com.
Касманаўтаў абавяжуць папярэджваць "карупцыйна-небяспечныя паводзіны" калегаў
Таксама касманаўтам прадпісваецца ўстрымлівацца ад публічных выказванняў, меркаванняў і ацэнак у дачыненні да "Раскосмаса" і прымаць у рамках сваіх паўнамоцтваў захады для папярэджанні карупцыі. Так, касманаўту РФ варта рабіць "захады для таго, каб касманаўты Расейскай Федэрацыі, у дачыненні да якіх ён мае кіраўнічыя паўнамоцтвы, не дапускалі карупцыйна-небяспечных паводзінаў", гаворыцца ў дакуменце.
Акрамя іншага, кодэкс рэгулюе паводзіны касманаўтаў у сацсетках і забараняе выкладваць у інтэрнэт фатаграфіі або інфармацыю пра іншых асобаў без іхняга дазволу.
Пакаранне за парушэнні кодэкса этыкі
Кодэкс не прадугледжвае грашовых штрафаў за ягонае парушэнне, аднак у падобным выпадку касманаўт "можа быць папярэджаны пра недапушчальнасць неэтычных паводзінаў", гаворыцца ў дакуменце.
Акрамя таго, парушэнні кодэкса будуць улічвацца пры правядзенні атэстацыі касманаўта, "прыняцці ў дачыненні да яго захадаў заахвочвання", а таксама пры прыняцці пастановаў пра ягонае павышэнне на пасадзе.