20 красавiка 2024, Субота, 12:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамісты распавялі, каго закране новы крызіс у Беларусі

10
Эканамісты распавялі, каго закране новы крызіс у Беларусі

Беднасць у краіне можа вырасці.

Паўтарэнне эканамічнага крызісу можа справакаваць імклівае павелічэнне беднасці ў краіне.

Такую выснову робіць навуковы супрацоўнік цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль, аўтар даследавання «Ацэнка беднасці ў Беларусі за 2017-2018 гады», піша «Ежедневник».

Ён адзначае, што ўзровень абсалютнай беднасці ў сярэднім у краіне за перыяд пасля эканамічнага спаду 2015-2016 гадоў знізіўся на 5,4 адсоткавыя пункты - з 29,3% да 23,9%.

Даследаванне таксама паказала, што ў рэгіянальным разрэзе самыя высокія маштабы беднасці назіраюцца ў Магілёўскай вобласці, дзе ўзровень абсалютнай беднасці ў параўнанні з 2016 годам вырас да 35,7%.

Хто ў групе рызыкі?

Згодна з дакументам, сацыяльна ўразлівымі групамі ў Беларусі застаюцца дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, якія пражываюць у сем'ях з прыбыткам ніжэй за рысу беднасці, шматдзетныя сем'і - у першую чаргу няпоўныя шматдзетныя сем'і, а таксама жыхары сельскай мясцовасці.

«З улікам высокага значэння паказчыка глыбіні абсалютнай беднасці можна сцвярджаць, што паўтор крызісу пагражае рэзкім павелічэннем дзелі беднага насельніцтва за кошт, найперш, гэтых груп насельніцтва», - адзначаецца ў даследаванні BEROC.

Алег Мазоль называе асноўную прычыну беднасці сярод дзяцей. Гэта, паводле ягоных слоў, нізкія даходы іх бацькоў.

У даследаванні тлумачыцца, што гэта таксама можа паўплываць на дабрабыт дзяцей, але ўжо ў працаздольным узросце, паколькі абмяжуе магчымасці атрымання добрай адукацыі і наступнага паспяховага працаўладкавання.

«Для шматдзетных сем'яў вызначальнымі чыннікамі ў перыяд эканамічнага крызісу сталі зніжэнне аплаты працы і патэнцыйная страта працы з боку дарослага, што для няпоўных шматдзетных сем'яў аўтаматычна азначала абсалютную беднасць», - адзначае ў даследаванні Алег Мазоль.

Паводле ягоных слоў, дагэтуль гэтая група насельніцтва адчувае істотныя матэрыяльныя цяжкасці. У 2018 годзе ўзровень абсалютнай беднасці сярод шматдзетных сем'яў склаў 62,1%, а глыбіня беднасці - 17,6%.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках