28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

MH17: Ланцужок расследавання цягнецца ў Маскву

22
MH17: Ланцужок расследавання цягнецца ў Маскву
ФОТА: РІА НОВОСТИ/АНДРЭЙ СЦЕНІН

Падазраваныя названыя, шлях да суду адкрыты.

Імёны чатырох падазраваных у датычнасці да катастрофы самалёта «малайзійскіх аваіяліній», збітага над Данбасам 17 ліпеня 2014 года, першымі даведаліся сваякі загінуўшых. Яны прыбылі ў кангрэс-цэнтр Ньівегейн побач з нідэрландскім горадам Утрэхтам на запрашэнне Міжнароднай следчай групы (JIT) у сераду, 19 чэрвеня, паведамляе DW.

На прэс-канферэнцыю, якая адбылася пасля сустрэчы са сваякамі, прыехалі некалькі дзясяткаў журналістаў. Атмасфера ў запоўненай да адмовы зале была вельмі напружанай: праз пяць гадоў пасля трагедыі, якая забрала жыцці 298 чалавек, следства паводле гэтай унікальнай справы выйшла нарэшце на фінішную прамую.

Вядучы каардынатар JIT, пракурор Нідэрландаў Фрэд Вэстэрбэке не ўтойваў палёгкі. Многія скептычна ставіліся да ідэі нашага расследавання, сказаў ён: «Нам казалі: вы можаце пачаць расследаванне, але ці зможаце давесці яго да канца?» Але «мы заўсёды казалі, што дасягнем мэты», дадаў Вэстэрбэке.

Квартэт: Стралкоў, Хмурны, Гюрза і Крот

Мэта, калі ўважаць давядзенне справы да суда, дасягнутая: да канца гэтага года матэрыялы следства перададуць у суд, і 9 сакавіка 2020 года пачнецца працэс паводле справы аб збітым над Украінай «Боінгу», заявілі прадстаўнікі JIT. На лаве падсудных павінны апынуцца трое расейцаў: былы «міністр абароны» так званай «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў), генерал-маёр Сяргей Дубінскі (па мянушцы Хмурны), палкоўнік Алег Пулатаў (Гюрза) і грамадзянін Украіны Леанід Харчанка (Крот).

Чаму гэтыя чацвёра? Гіркін - таму, што на той момант займаў самую галоўную вайсковую пасаду ў самаабвешчанай «ДНР», Дубінскі быў ягоным намеснікам, Пулатаў - намеснікам Дубінскага, а Харчанка - таму, што падпарадкоўваўся Дубінскаму. Так здолелі ўзнавіць «адзіны ланцужок» у гэтай справе, мяркуюць следчыя.

Законы Нідэрландаў дазваляюць прыцягнуць да адказнасці названых падазраваных, хоць «самі яны не націскалі на кнопку (пуску ракеты ЗРК «Бук» - Рэд.)», як сказаў кіраўнік нацыянальнай паліцыі і адзін з кіраўнікоў JIT Вільберт Паўлісэн. Але, згодна з высновамі следства, Гіркін і трое іншых спрыялі прыбыццю вайсковай тэхнікі з РФ і каардынавалі дзеянні ЗРК, адыграўшы такім чынам «ключавую ролю ў забойстве 298 чалавек».

Ланцужок расследавання - даўжэйшы і сыходзіць у Курск і ў Маскву

Але ланцужок, як упэўненыя ў Міжнароднай следчай групе, даўжэйшы і сыходзіць у 53-ю брыгаду СПА РФ пад Курскам, а таксама ў Крэмль. На прэс-канферэнцыі гаворка ішла пра былога старэйшага лейтэнанта, а цяпер капітана, «чыё імя пакуль не выдаецца». Зыходзячы з паказанай на прэс-канферэнцыі перапіскі ў сетцы «Вконтакте» з адным з жаўнераў 53-й брыгады, напрошваецца выснова, што экіпаж «Бука» пад кіраўніцтвам гэтага капітана адправіўся на заданне на тэрыторыю Украіны.

Таксама следчыя згадалі, што на «ўкраінскім» заданні было чацвёра чальцоў экіпажа. Яны не названыя па прозвішчах, таму што «супраць гэтых людзей няма дастатковых доказаў» для выстаўлення суду, адказаў на пытанне DW Вэстэрбэке.

У горадзе Утрэхце былі прадэманстраваныя перахопы тэлефонных званкоў паміж Гіркіным і кіраўніком Крыма Сяргеем Аксёнавым з просьбай аб «матэрыяльнай дапамозе» з «гатовымі спецыялістамі», а таксама паміж тагачасным «прэм'ер-міністрам» «ДНР» Аляксандрам Барадаем і Уладзіславам Сурковым, самым высокапастаўленым крамлёўскім фігурантам справы аб катастрофе MH17.

«Расея не адказала нават на простыя пытанні»

Падазраваных было б больш, калі б Расея пагадзілася супрацоўнічаць са следствам, ужо пасля прэс-канферэнцыі заўважыў Вільберт Паўлісэн. З ягоных слоў, следчыя задаюць Расеі «простыя пытанні»: «Мы чакаем адказу, дзе знаходзіўся ідэнтыфікаваны намі «Бук» 17 ліпеня. Але РФ не адказвае». «Яны цалкам ведаюць, што менавіта адбылося», - выказаў упэўненасць Вэстэрбэке.

Усе чацвёра падазраваных, паводле звестак Паўлісэна, цяпер знаходзяцца ў Расеі, але прасіць РФ ці Украіну аб іх выдачы Нідэрланды не збіраюцца, бо такі запыт бесперспектыўны. І хоць міжнародны ордэр на іх арышт будзе выдадзены, убачыць Крата, Гюрза, Хмурнага і Стралкова ў гаажскім судзе ніхто не разлічвае. Для следчых важней, што ў пытанне аб адказнасці ўнесеная яснасць, ці, як сказаў Вэстэрбэке: «У нас дастаткова сведчанняў таго, што Расея датычная да катастрофы «Боінга».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках