Спякота і бульба?
15- 19.06.2019, 16:51
- 20,967
Як спякотнае і засушлівае лета адаб'ецца на якасці ўраджаю і ці не падыме такое надвор'е кошты да восені.
«Збажына будзе больш дробнай, і бульбіны - драбнейшыя»
Надвор'е небяспечная для сельгаскультур найперш засухай, піша kp.by.
- Расліны пакутуюць ад засухі, парушаецца адэкватнае мінеральнае сілкаванне, у выніку ўраджайнасць будзе значна ніжэйшай, будзе горшы і біяхімічны склад прадукцыі. Збожжа будзе драбнейшым, і бульбіны - драбнейшыя. Наогул, няма культур, для якіх засуха была б спрыяльная, - кажа Тамара Рабцава, кандыдат сельскагаспадарчых навук і навуковы рэдактар часопіса «Наша сельская гаспадарка».
Паводле ейных слоў, цяпер асабліва пакутуе Берасцейская вобласць, некаторыя раёны Гарадзенскай вобласці і два раёны Менскай вобласці ў Берасцейскім кірунку, дзе за два месяцы ападкаў практычна не было, а калі і ішлі дажджы, то недастатковыя. Але казаць пра татальную засуху пакуль нельга. Акрамя таго, у іншых частках Беларусі дажджы ўсё ж ідуць, і сітуацыя ў рэгіёнах краіны будзе рознай.
Экспэрт падкрэслівае, што пакуль засуха не настолькі негатыўна паўплывала на расліны, як у мінулым годзе, сітуацыю крытычнай назваць нельга.
Засушлівы травень і пачатак лета ўжо тэндэнцыя, якую адзначаюць цягам апошніх чатырох гадоў.
«Да коштавых шокаў гэта не прывядзе»
У Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі бульбаводства і плодаагародніцтва пацвярджаюць, што спякота дрэнна адбіваецца на ўраджаі, асабліва на ранніх гатунках бульбы. Але ў Беларусі лішак бульбы, таму нават калі надвор'е не выправіць сітуацыю, якая пакуль «больш-менш прымальная», кошты не павінны значна вырасці.
- Кошты могуць падняцца праз тое, што нешта пойдзе на экспарт. Тым больш, наколькі я ведаю, і ў Расеі і Украіне неспрыяльныя ўмовы. Украіну наогул заліло - і пасевы задыхнуліся, - сказала навуковая сакратарка цэнтра Іна Радзькіна, дадаўшы, што ў цэнтры чакаюць кошты на ўзроўні вясновых.
Можна пачынаць вырошчваць кавуны
Цяперашняя спякота і засуха - гэта праява змяненняў клімату.
- Гэта не перыяд, які пройдзе. Хоць, вядома, могуць быць і ваганні ў асобныя гады. Акрамя ўзняцця тэмпературы змяненне клімату - гэта змена ўсёй кліматычнай сістэмы. На тэрыторыі Беларусі гэта азначае больш цёплыя зімы і скарачэнне снежнага покрыва, хвалі спёкі і засухі летам, перыяды экстрэмальнага выпадзення ападкаў (агульная колькасць іх не надта зменіцца, але будзе то густа, то пуста, што мы і назіраем), плюс шквальныя вятру і іншыя з'явы, - тлумачыць Марыя Фалалеева, кіраўнік МГА «Экапраект» і эксперт у галіне кліматычнай палітыкі.
Каб правільна адаптавацца да новых умоў, экспэртка раіць назіраць за зменамі клімату для сваёй тэрыторыі. Перамены не абыдуцца і без плюсаў: праў пацяпленне павялічыцца вегетацыйны перыяд, і ў асобных месцах ураджай можна будзе здымаць па два разы на год, як у паўднёвых рэгіёнах. Таксама, са слоў экспэрткі, можна вырошчваць цеплалюбівыя культуры: кавуны, дыні, персікі і вінаград. Але трэба арганізаваць дадатковы паліў і вучыцца ратаваць агарод ад вады падчас ліўняў.
У Гомельскай вобласці тэрмінова збіраюць згарэлы з-за працяглай засухі ўраджай. Дажджоў тут не было яшчэ з траўня, моцна пацярпелі яравыя культуры.
- Праз надвор'е засталася адна салома. Яшчэ больш чакаць - усё перасохне, і мы не возьмем нічога, - распавёў намеснік дырэктара ААТ «Знамя радзімы» Максім Карняенка.
Пасля збору ўраджай адправяць на корм жывёлам. У некаторых СВК спадзяваюцца перасеяць ураджай зноўку. У Віцебскай вобласці, каб захаваць гародніну, выкарыстоўваюць спецыяльную палівальную ўстаноўку, якая палівае капусту з самае раніцы і да самай ночы. А ў Менскай вобласці расліны апрацоўваюць прэпаратамі, якія дазваляюць знізіць стрэс ад спёкі.