18 красавiка 2024, Чацвер, 22:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Невядомы Быкаў

1
Невядомы Быкаў
Васіль Быкаў у працоўным кабінеце
Фота Уладзіміра Кармілкіна

19 чэрвеня Васілю Быкаву было б 95.

І зусім побач з гэтай датай — дзень сыходу. Сёлета ўжо 16 гадоў, як Беларусь жыве без Быкава, і, мусіць, час прыгадаць, што было зроблена для яго памяці.

Легенда з назваю «Быкаўскі камень»

Яшчэ восенню 2004 года на магіле Васіля Быкава паўстаў валун з Фінляндыі, дзе пісьменнік жыў па першым часе пасля ад’езду ў 1998 годзе за мяжу. Гэта стала магчымым дзякуючы найперш намаганням паэта Уладзіміра Някляева, кіраўніка Хельсінкскага дэпартамента культуры Юрыё Лармолы і віцэ-прэзідэнта Фінскага ПЭН-цэнтра Юкі Малінена.

Чаму валун (з адваротнага боку якога надпіс «Ад горада Хельсінкі») не з радзімы Быкава, а з Фінляндыі, дзе, як казаў Юка Малінен, што апякаў Васіля Уладзіміравіча падчас фінскага перыяду ягонага жыцця, ён не толькі вельмі плённа працаваў, але і знайшоў пейзаж сваёй душы? Рыгор Барадулін бачыў у гэтым невытлумачальную загадку. Дый сам Някляеў, калі пісаў пра дарэшты выкананую апошнюю волю Быкава, задаваўся пытаннем: «Што ў ёй, у гэтай волі? Чаму не беларускі камень на магіле аднаго з найгодных сыноў Беларусі, а гранітны валун з Фінляндыі, дзе пражыў Быкаў зусім нядоўга?.. Чаму менавіта так, а не інакш выявіў сваю апошнюю волю чалавек, які ніколі і нічога не вырашаў выпадкова?.. Кожны пра тое можа меркаваць па-свойму. Быкаў пакінуў нам і нашым нашчадкам геніяльную загадку, па смерці напісаную прыпавесць, легенду з назваю «Быкаўскі камень», твор з глыбіннай метафарай і сюжэтам, які ў будучыні будзе поўніцца самымі рознымі здагадкамі, будзе працягвацца, дапісвацца ў самых розных варыянтах».

Зрэшты, правільней было б сказаць, што апошняя быкаўская прыпавесць засталася незавершанай. І дапісаць яе ўзяўся Уладзімір Някляеў.

«…і хата таксама пасівеець»

2004 год быў адзначаны яшчэ адной неверагоднай падзеяй: у роднай быкаўскай вёсцы Бычкі рашэннем віцебскіх уладаў паўстала Сядзіба-музей Васіля Быкава. Праўда, адразу ўзніклі пытанні — найперш: ці варта было руйнаваць старую хату? Другое пытанне — аўтэнтычнасці. Сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна, убачыўшы наноў адбудаваны дом, казала: «Хата мая як цэркаўка стала, нават не пазнала яе!» Аднак мудра разважыў Генадзь Бураўкін: «Мы пасівелі — і хата таксама пасівеець. Галоўнае, каб цяпер тут з’явіўся дух Васіля Быкава». Зрэшты, трэба аддаць належнае: гэта быў смелы, небывалы ўчынак віцебскіх уладаў, які варты ўсялякай павагі, — наважыцца стварыць першы ў краіне быкаўскі музей.

2004 год, вёска Бычкі. Сядзіба-музей Васіля Быкава вось-вось адчыніцца. Фота Сяргея Шапрана

Бычкі хутка зрабіліся своеасаблівым эпіцэнтрам культурнага жыцця: сюды не толькі завітвалі беларускія і замежныя турысты — мастакі пачалі ладзіць пленэры, а Аляксандр Мілінкевіч у дзень народзінаў пісьменніка штогод ўручаў прэмію «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава (сярод яе лаўрэатаў Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Алесь Марачкін, Алесь Пушкін, Валеры Мазынскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Віктар Шалкевіч, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, а таксама краязнаўцы Алесь Белакоз і Ада Райчонак).

З цягам часу з’явіліся і іншыя быкаўскія музеі. Так, у Гродне музей Васіля Быкава стварылі ветэраны Другой сусветнай вайны. Экспазіцыя, што месцілася ў невялічкім пакойчыку ветэранскай арганізацыі, вылучалася ўнікальнасцю, бо галоўнае яе багацце склалі рэчы, што падаравала ўдава пісьменніка Ірына Міхайлаўна. Але сёлета з прычыны адсутнасці фінансавання музей быў зачынены, а яго экспанаты перададзены ў гродзенскі Музей Максіма Багдановіча.

Пяць гадоў таму яшчэ адзін ўнікальны музей з’явіўся і пад Мінскам, у Ждановічах. Гэта сталася магчымым пасля бязвыплатнай перадачы Ірынай Міхайлаўнай дзяржаве сямейнага лецішча і дзякуючы спрыянню тагачаснага міністра культуры Паўла Латушкі.

Аднак усе іншыя ініцыятывы і да сёння застаюцца ініцыятывамі — у Беларусі няма ні помніка народнаму пісьменніку, ні бібліятэк і навучальных устаноў з яго імем, няма яго і на мапе Мінска. Затое такія вуліцы пачалі паціху з’яўляцца па-за сталіцай: у Ждановічах, Лельчыцах, Смалявічах. Да таго ж у Віцебску павесілі адпаведную мемарыяльную дошку на будынку былога мастацкага вучылішча, дзе ў 1939—1940-х гадах вучыўся пісьменнік.

Падсумоўваючы, трэба сказаць дзеля справядлівасці, што першы быкаўскі музей узнік усё ж не ў Беларусі, а ва Украіне, у сяле Вялікая Севярынка, што на Кіраваградчыне, дзе ў 1943-1944 гадах ваяваў Быкаў і дзе на мясцовым абеліску ў гонар загінулых у Другой сусветнай вайне доўгі час значылася і ягонае імя.

«Наш Быкаў»

Ужо праз год пасля смерці пісьменніка намаганнямі выдавецтва «Кніга» і блізкага быкаўскага сябра паэта Генадзя Бураўкіна выйшаў зборнік успамінаў «Наш Быкаў», сярод аўтараў якога былі сваякі — сястра Валянціна Уладзіміраўна і сын Васіль — і славутыя літаратары, мастакі, навукоўцы, палітычныя і грамадскія дзеячы: Валянцін Аскоцкі, Мікола Аўрамчык, Рыгор Барадулін, Лявон Баршчэўскі, Данута Бічэль, Валянцін Блакіт, Гаўрыла Вашчанка, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Алесь Жук, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько, Барыс Кіт, Анатоль Кудравец, Лазар Лазараў, Раман Лубкіўскі, Сяргей Навумчык, Уладзімір Някляеў, Зянон Пазьняк, Дзмітро Паўлычка, Давід Сімановіч, Івонка Сурвіла, Валянцін Тарас, Леанід Шчамялёў, Уладзімір Яварыўскі, Сакрат Яновіч

І хоць Бураўкіна часам упікалі за тое, што ён нібыта паспяшаўся з гэтай кнігай, але час паказаў, што Генадзь Мікалаевіч меў рацыю, бо шматлікія ўспаміны, што з’явіліся пасля выхаду «Нашага Быкава», засталіся раскіданымі ў часе і прасторы, то-бок у розных кнігах і на газетна-часопісных старонках, сабраныя ж пад адной вокладкай так і не былі. Што шкада, бо ў ліку аўтараў успамінаў Чынгіз Айтматаў, Святлана Алексіевіч, Грыгорый Бакланаў, Генадзь Бураўкін, Барыс Васільеў, Ніл Гілевіч, Аляксандр Дракахруст, Барыс Клейн, а таксама першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч і былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.

Да таго ж можна ўзгадаць кніжачку паэтычных прысвячэнняў «Пасланец мужнасці», складзеную з 77 вершаў 56 паэтаў, сярод якіх Рыгор Барадулін, Данута Бічэль, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Сцяпан Гаўрусёў, Ніл Гілевіч, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Караткевіч, Навум Кіслік, Уладзімір Някляеў, Пімен Панчанка, Яўгенія Янішчыц.

Безумоўна, вартая ўвагі і манаграфія канадскага прафесара Зіны Гімпелевіч «Васіль Быкаў: кнігі і лёс», якая была выдадзена па-англійску, а потым і ў перакладзе на рускую мову. Можна было б сказаць колькі слоў і пра двухтомнік «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах», але паколькі ён падрыхтаваны аўтарам гэтых радкоў, дастаткова, мусіць, будзе згадкі.

Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін не толькі сябравалі — выйшла некалькі іх сумесных кніг. Фота Уладзіміра Кармілкіна

Невядомы Быкаў

Яшчэ пры жыцці пісьменніка «Мастацкай літаратурай» быў запланаваны яго васьмітомны Збор твораў, але ў кнігарнях ён не з’явіўся ні ў 2003 годзе, ні пасля. Нягледзячы нават на тое, што Генадзь Бураўкін звяртаўся да тагачаснага кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Урала Латыпава з просьбай выдаць хоць бы некалькі асобнікаў, каб Быкаў паспеў патрымаць іх у руках.

Затое Саюзам беларускіх пісьменнікаў спачатку пры дапамозе былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна і маскоўскага выдавецтва «Время», а пасля разам з беларускім выдавецтвам «Кнігазбор» было распачата выданне 14-томнага Поўнага збору твораў Быкава. Праўда, з цягам часу высветлілася, што ўсяго напісанага Васілём Уладзіміравічам можа хапіць ажно на дваццаць тамоў, у выніку праца расцягнулася на доўгі час. Сёлета павінна выйсці 2-я кніга 10-га тома.

Зрэшты, пра Быкава выдаўцы не забываліся ўвесь гэты час. Сярод адметных выданняў варта ўзгадаць кнігу «Калі рукаюцца душы…: паэзія з прозай», куды ўвайшлі не толькі быкаўскія прыпавесці, але і паэтычныя лісты Барадуліна. Другім сумесным праектам паэта і празаіка стала кніга «Дажыць да зялёнай травы…: ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960—2003)» — эпісталярна-літаратурны дыялог двух вялікіх пісьменнікаў. Апроч таго, падзеяй зрбіўся і публіцыстычны зборнік «Быкаў на Свабодзе», у які патрапілі інтэрв’ю, пачынаючы з 1991 года і заканчваючы чэрвенем 2003 года, калі Васіль Уладзіміравіч, каментуючы сітуацыю вакол Беларускага ліцэя, даў апошняе сваё інтэрв’ю.

Дзякуючы блізкаму сябру Васіля Быкава Генадзю Бураўкіну ў 2004 годзе з’явілася кніга ўспамінаў «Наш Быкаў». Фота Уладзіміра Крука

Увогуле, толькі пасля сыходу Быкава стала вядома, што дасюль апублікавана далёка не ўся яго літаратурная спадчына. Невядомыя апавяданні, прыпавесці і аўтабіяграфічныя запісы працяглы час друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў». Гэтаксама з цалкам невядомых твораў была складзена кніга «Гарадзенскі архіў», куды ўвайшлі не толькі незавершаныя і невядомыя апавяданні і прыпавесці 1957—1972 гадоў, але і нататнікі з хатняга архіва, які захавалі сыны пісьменніка Сяргей і Васіль.

Аднак і гэта былі не ўсе літаратурныя сенсацыі…

Без цэнзуры

Толькі ў 2004 годзе стала вядома пра аповесць, якую перад ад’ездам у Фінляндыю Быкаў перадаў на захаванне крытыку Міхасю Тычыну, сказаўшы пры гэтым: «Гэтую павястушку публікаваць пакуль што ня час. Няхай пачакае. Я вам давяраю. Казаць пра гэта нікому ня трэба». Аповесць пра наш сённяшні час (унікальны выпадак для Быкава) неаднойчы потым друкавалася, прычым кожнага разу пад рознымі аўтарскімі назвамі — і нейтральнай, як «Афганец», і бязлітасна-метафарычнай, як «Час шакалаў».

Вокладка кнігі «Час шакалов» Толькі пасля смерці пісьменніка стала вядома пра аповесць, якая цяпер друкуецца пад рознымі назвамі («Афганец», «Час шакалаў»)

У 2007 годзе пабачыла свет і незавершаная аповесць «Бліндаж», а праз пяць гадоў і больш ранняя па часе напісання аповесць «Атака» (прадвесніца «Праклятай вышыні»). І зноў жа без перабольшвання літаратурнай сенсацыяй сталі непадцэзурныя выданні «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыі» (аўтарская назва «Сотнікава»), што ўпершыню праз дзясяткі гадоў былі надрукаваны без умяшальніцтва цэнзуры. (Між іншым, сам Быкаў не раз шкадаваў з прычыны страты першай рэдакцыі «Мёртвым не баліць», аднак знойдзена была не толькі яна, але нават і чарнавік твора.)

Вокладка кнігі «Мёртвым не баліць. Без цэнзуры»

Сумна іншае: гэтыя выданні аказаліся першыя і апошнія — і ў Беларусі, і па-за яе межамі па-ранейшаму аддаюць перавагу падцэнзурнаму Быкаву. І толькі ва Украіне да 95-годдзя беларускага пісьменніка выдалі пераклад ранняй рэдакцыі «Мёртвым не баліць», гэтаксама вярнуўшы ў тэкст усе дзвесце купюр, што былі зроблены шчыраваннем пільных савецкіх цэнзараў.

Рэквіем па фільму

Пасля сыходу пісьменніка з’явілася адразу некалькі дакументальных фільмаў: «Васіль Быкаў. Апошнія дні» Галіны і Сяргея Навумчыкаў, «Васіль Быкаў. Вяртанне» Сяргея Ісакава (абодва — тэлеканал «Белсат»), «Васіль Быкаў. Настальгія» Віктара Дашука, а таксама расійскія стужкі «Васіль Быкаў. Лінія фронта» Сяргея Агеенкі і «Васіль Быкаў. Рэквіем» Сяргея Галавецкага.

І толькі адну, першую стужку — «Дарогу дадому… Рэквіем» Мікалая Дзінава і Ірыны Пісьменнай — напаткаў незайздросны лёс: аўтарам было адмоўлена ў пракатным пасведчанні. Афіцыйная матывацыя: «Прадстаўлены фільм прысвечаны ўспамінам пра пісьменніка-франтавіка Васіля Быкава, чыя творчасць па ваеннай тэме амаль цалкам экранізавана. Аднак у прадстаўленым фільме не распавядаецца пра Васіля Быкава-пісьменніка, а сам фільм можа адмоўна паўплываць на маральна-этычныя асновы жыцця беларускага народа».

Пакідаючы без каментароў сумніўную матывацыю адмовы, заўважым, што экранізавана далёка не ўся быкаўская творчасць. І ў гэтай сувязі як не ўзгадаць, што так і не атрымаў магчымасці зняць апавяданне «Жоўты пясочак» кінарэжысёр Ігар Дабралюбаў, які шмат гадоў літаральна прагнуў паставіць гэтае, па яго словах, апавяданне біблейскага характару. Гэта быў ужо другі выпадак у творчай біяграфіі Ігара Міхайлавіча — яшчэ ў 1970-х гадах яму не дазволілі экранізаваць славутага «Сотнікава», хоць Быкаў па просьбе Дабралюбава напісаў кінасцэнарый, але яго «зарэзала» цэнзура, знойдзены і ўпершыню апублікаваны ён быў пасля смерці аўтара.

Эпілог да пралога

Чым яшчэ запомніліся гэтыя пятнаццаць з лішнім гадоў? Фільмам Сяргея Лазніцы «У тумане», што, удзельнічаючы ў конкурснай праграме Канскага кінафестываля, атрымаў спецпрыз Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы. Быкаўскімі выставамі ў музеях Мінска, Гродна, Віцебска. Першым франтавым лістом пісьменніка, які быў выпадкова знойдзены, калі хату Быкавых у Бычках разбіралі па бярвёнах. Венскім крэслам з той жа хаты, на якім маленькі Васіль выразаў нажом бацькавы ініцыялы («Б. В. Х.») і якое не ўзялі ў бычкоўскі музей таму, што яно было зламанае і выглядала не дужа прывабна. Не прынялі і пасля рэстаўрацыі, бо было перададзена “неадпаведным чынам”. Затое рарытэтнае крэсла без ваганняў тут жа прыняў сталічны Музей гісторыі беларускай літаратуры…

Увогуле, можна ўпэўнена сцвярджаць, што знаходкі і адкрыцці на гэтым не скончыліся — яны абавязкова яшчэ будуць, бо далёка не ўсе архівы Мінска, Гродна і Масквы даследаваны, не сабраная цалкам і эпісталярная спадчына. Аднак тут паўстае няўмольнае пытанне: калі гэта будзе зроблена і ці будзе зроблена наогул? Яно, гэтае невясёлае пытанне, застаецца адкрытым і пасёння. Нават праз пятнаццаць з лішнім гадоў пасля сыходу Васіля Быкава.

Сяргей Шапран, «Новы Час»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках