26 красавiка 2024, Пятніца, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія эканамісты: Расейскі рубель - гэта ганьба

57
Беларускія эканамісты: Расейскі рубель - гэта ганьба

«Саюзная дзяржава» існуе толькі ў хворым уяўленні прапагандыстаў.

Міхаіл Бабіч атрымаў пасаду намесніка міністра эканамічнага развіцця Расеі. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што чыноўнік шмат у чым прадоўжыць займацца «інтэграцыйнай тэматыкай».

Акрамя таго, трэба ўлічыць, што новы начальнік Бабіча міністр Максім Арэшкін кіруе з расейскага боку рабочай групай ва ўрэгуляванні праблемных пытанняў і развіццю інтэграцыі з Беларуссю.

Ці з'яўляецца новае прызначэнне Бабіча дэманстратыўным крокам Масквы ў дачыненні да Менска?

Эканаміст Леў Марголін у каментары udf.by адзначыў, што ў стасунках Беларусі і Расеі эканоміка і палітыка перамяшаліся так, што ўспрымаць іх асобна стала вельмі складана.

«Гэта асабістая пастанова Пуціна што да Бабіча - ён жа ніколі не быў эканамістам. Таму перасаджванне яго з крэсла амбасадара ў крэсла намесніка міністра эканамічнага развіцця азначае толькі адно - Бабіч будзе адмысловым намеснікам міністра ў беларускіх справах. Хоча гэтага Менск або не, але на пастанову Пуціна Бабіч усё адно будзе курыраваць эканамічныя ўзаемастасункі з Беларуссю», - мяркуе Марголін.

На ягоную думку, з'яўленне Бабіча істотна паўплывае на працу дзвюх працоўных груп - беларускай і расейскай – у развязанні спрэчных пытанняў.

«Спосабы дзейнасці спадара Бабіча мы ўжо ўбачылі. Думаю, што ні ў кога няма ніякіх сумневаў, што ціск будзе нарастаць. Расейская група будзе душыць беларускую - і ўжо пытанне ў тым, як беларуская здолее не паддацца гэтаму ціску», - мяркуе эканаміст.

Але Марголін прагназуе, што цяперашнія перамовы ў далейшай эканамічнай інтэграцыі дзвюх краін скончацца нічым.

«Пакеты праблем, якія хвалююць беларускі і расейскі бакі, маюць мала пунктаў судакранання», - адзначае эканаміст.

Менск цікавіць, перш за ўсё (калі адкінуць пытанне кампенсацыі за падатковы манеўр у Расеі), праблема шматлікіх выняткаў у правілах працы ў ЕАЭС. Масква заходзіць з іншага боку.

«Яны кажуць: выняткі будуць заставацца, давайце развязваць пытанні, якія не развязваюцца наогул: гарманізацыі фінансавых, банкаўскіх, падатковых сістэм. На што відавочна не пагодзіцца Аляксандр Лукашэнка. Што такое ўвядзенне адзінай валюты? Гэта ж не будзе зроблена так, як у Еўразвязе, дзе кожная краіна мае свой эмісійны цэнтр і патрабуецца толькі падтрыманне пэўнага ўзроўню інфляцыі. Тут відавочна мяркуецца, што эмісійны цэнтр будзе адзін і размяшчацца будзе не ў Менску. Страціўшы яго, Лукашэнка страціць ўсе рычагі ўплыву на эканоміку краіны», - мяркуе Марголін.

«Інтэграцыя фактычна ў нас віртуальная»

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка прытрымліваецца іншага меркавання. Ён мяркуе, што ў новым прызначэнні Бабіча няма ніякага дэманстратыўнага кроку ў дачыненні да беларускіх уладаў.

«Крэмль і Пуцін не будуць азірацца на тое, што падумаюць у Беларусі. Гэта стандартная практыка, калі супрацоўніка спецслужбаў прызначаюць намеснікам міністра. Гэта ёсць і ў нас, і на Захадзе. Бо Мінэканамразвіцця працуе ў многіх кірунках, у тым ліку з замежнікамі, кантроль з боку ФСБ павінен быць - і Бабіч яго будзе ажыццяўляць. Калі Трамп абуў белыя тапачкі, то не варта ў гэтым бачыць папрок беларускай лёгкай прамысловасці. Не трэба шукаць такіх сувязяў», - мяркуе Заіка.

Няспынныя перамовы ў паглыбленні інтэграцыі эканаміст успрымае крытычна.

«Будуць рукамі разводзіць і маляваць нейкія перспектывы, але інтэграцыя па сутнасці справы ў нас віртуальная. «Саюзная дзяржава» існуе толькі ў хворым уяўленні прапагандыстаў. Колькі даводзілася быць у Расеі, на нізавым узроўні беларусы ўспрымаюцца як замежнікі - як з іх бяруць грошы ў музеях (хай і не ўсюды), няма гарантый у медыцынскім абслугоўванні акрамя хуткай дапамогі. А дзе адзіная лічбавая прастора, тарыфы, медыцынская дапамога і г.д.?» - адзначае Заіка.

Крытычна ён успрымае і размовы аб увядзенні адзінай валюты як пагрозу суверэнітэту Беларусі.

«А браць у Расеі танную нафту - гэта не пагроза? Іншае пытанне, што расейскі рубель - гэта ганьба. Хай яго выкарыстоўваюць у Эвенкіі, Пензе, Самары, але ў цяперашнім выглядзе ён непрымальны ў якасці адзінай валюты. Беларусь у грашовай палітыцы далей прасунулася, у тым ліку, у плане інфляцыі. Беларускі рубель на фоне расейскага не такі дрэнны для выкарыстання ў якасці адзінай грашовай адзінкі», - адзначыў эканаміст.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках