23 красавiка 2024, aўторак, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіі ў Беларусі: што далей?

29
Пенсіі ў Беларусі: што далей?

Адным павелічэннем пенсійнага ўзросту ўлады могуць не абмежавацца.

Сярод планаў на наступны год міністр фінансаў Максім Ермаловіч назваў «павелічэнне пенсіі да 40% ад сярэдняга заробку». Cайт Сharter97.org спытаў у эканаміста Льва Марголіна, ці здолеюць улады ажыццявіць свае планы.

- Ёсць пэўныя рызыкі, бо заробак у нашай краіне расце не за кошт павелічэння ВУП, а за кошт скарачэння колькасці работнікаў. А гэта азначае, што рэсурсы ФСАН не растуць так, як гэта было б трэба. З гэтай прычыны ФСАН датуецца з бюджэту. Не выключана, што для таго, каб павысіць гэтыя суадносіны, давядзецца павялічыць датацыі з бюджэту. Убачым гэта ў канцы года, калі будзе вярстацца бюджэт.

- Выказваецца меркаванне, што ўлады могуць скараціць іншыя выплаты з ФСАН і накіраваць іх на пенсіі. Ці магчымы такі сцэнар?

- Я думаю, што вялікага сэнсу ў такім пераразмеркаванні няма. Нягледзячы на тое, што фонд дзеліцца на пэўныя часткі (выплаты бальнічных, іншых сацыяльных аплатаў, пенсій), але яны выдаткоўваюцца так, як выдаткоўваюцца. Калі ў нейкім годзе атрымоўваецца зэканоміць, то ўсе гэтыя сродкі ідуць на выплату пенсій у наступным годзе.

З бюджэту датуюцца не нейкія кірункі, а дэфіцыт фонду агулам. Думаю, што за доўгія гады сфармаваўся аб'ём выплат, якія робяцца, да прыкладу, на бальнічныя. І штучна іх скараціць не атрымаецца. Можна скараціць толькі час знаходжання на бальнічным, альбо скараціць адсотак кампенсацыі выдаткаў.

- Ці ёсць магчымасць таго, што беларусам прапануюць самім збіраць на пенсіі?

- Пенсійная сістэма з'яўляецца ўстойлівай тады, калі яна складаецца з трох частак. Першая частка - калі праз салідарную сістэму працоўныя плацяць за пенсіянераў, другая - назапашвальная, калі пенсіянеры самі нешта адкладаюць, трэцяя частка - страхавая, якая можа выкарыстоўвацца на прадпрыемствах, сярод прадпрымальнікаў, каб заахвоціць працаваць.

Праблема палягае ў тым, што для гэтага трэба мець устойлівае развіццё і эканамічную сістэму, а самае галоўнае - нізкую інфляцыю. Уявіце сабе, што вы зрабілі адлічэнні на свой рахунак у пенсійным фондзе, а за год яны практычна на дзесяць адсоткаў скараціліся. А праз год адбудзецца тое, што ў нас ужо не раз адбывалася: інфляцыя 20, 30 або нават 100 адсоткаў. І вашы зберажэнні «як карова языком злізала».

- Людзям з маленькім заробкам не так проста адкласці грошы на пенсію...

- Калі б сістэма была ўстойлівай, то думаю, што нават пры невялікім заробку знайшліся б людзі, якія думаюць пра будучыню. Існуе неафіцыйная сістэма прыцягнення сродкаў праз міжнародныя пенсійныя фонды. Ведаю, што многія людзі карыстаюцца гэтай магчымасцю. Бо людзі ўпэўненыя, што гэтыя грошы захаваюцца і нават, магчыма, прырастуць. Галоўнае - не нарвацца на ашуканцаў.

- Ці будзе павялічвацца «дзірка» ў сістэме ФСАН?

- Тут вялікае значэнне мае скарачэнне працоўных месцаў у краіне. Скажам, ёсць такая табліца «Прынятыя і звольненыя з працы». У графе «прынятыя» - 70 тысяч чалавек, у графе «звольненыя» - 100 тысяч. Гэта азначае, што 30 тысяч працоўных месцаў «карова языком злізала». Пры такой дынаміцы рэсурсы ФСАН будуць скарачацца. Гэтая праблема і выклікала пастанову аб падвышэнні пенсійнага ўзросту. Не выключаю, што гэтым падвышэннем улады не абмяжуюцца.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках