29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладальнік бара «Kalinoŭski»: Беларусь славілася тым, што ў нас было шмат шляхты

11
Уладальнік бара «Kalinoŭski»: Беларусь славілася тым, што ў нас было шмат шляхты

Аляксей Славута распавёў, чым павінен ганарыцца кожны беларус.

У выхадныя на пешаходнай вуліцы Менска адкрыўся незвычайны бар - Kalinoŭski. Яго заснавальнік Аляксей Славута распавёў nn.by, чаму натхніўся менавіта гэтым героем, ці былі праблемы пры ўзгадненні інтэр'еру з цытатамі з «Мужыцкай праўды» і чаму ўвечары ў бары гучаў - сорамна сказаць - Леанід Агуцін.

Аляксей Славута - прадпрымальнік. Мае фермерскую гаспадарку (вырошчвае яблыкі), займаецца праектамі ў сферы нерухомасці. Адкрыць уласны бар было ягонай марай.

- Мяне яшчэ са школы натхняў Кастусь Каліноўскі. Гэта беларускі нацыянальны герой. Да таго ж ён мой зямляк: мая сям'я - па лініі бацькі і маці - родам з Мастоўскага раёна. Я і цяпер езджу ў тыя мясціны. Там дагэтуль жывуць сваякі, стрыечнай сястры дом застаўся ад бацькоў, - распавядае Аляксей. - Ідэі, сфармуляваныя Каліноўскім у свой час у «Мужыцкай праўдзе» актуальныя і сёння. Мне не падабаецца, калі яго спрабуюць палітызаваць, кажуць, што ён паляк, а не беларус. Мне б хацелася больш распавесці пра гэтага чалавека, данесці людзям, кім ён быў.

АЛЯКСЕЙ СЛАВУТА

Чаму менавіта бар? Прадпрымальнік тлумачыць: цяпер гэта самае папулярнае месца для стасункаў і сустрэч.

- Бар мае на ўвазе нейкае бунтарства, весялосць, рамантыку. Многія рэвалюцыі, напэўна, зараджаюцца вось так, за размовамі.

Вуліца Зыбіцкая была абраная спантанна. Аляксей выпадкова ўбачыў аб'яву, маўляў, там здаецца памяшканне, уклаў дамову арэнды і ўжо праз паўтара месяца адкрыўся бар. «Мне кажуць, што гэта адзін з рэкордаў у хуткасці адкрыцця ўстановы ў Менску», - усміхаецца прадпрымальнік.

Дызайн інтэр'еру ён прыдумаў сам. Хацеў адысці ад пастаральнай тэматыкі, якую часта абгульваюць ва ўстановах з нацыянальным каларытам.

- Я хацеў паказаць іншую Беларусь, якая славілася тым, што ў нас было шмат шляхты. Мы павінны ганарыцца тым, што нашы продкі былі адукаванымі, культурнымі людзьмі. Плітка, якой дэкараваная барная стойка, пераклікаецца з кафляй старадаўніх печаў, дэкор сцен нагадвае сядзібны інтэр'ер таго часу, люстры выкананыя ў замкавым стылі. І ў той жа час гэта нейкі лофт.

Бар працуе пакуль у тэставым рэжыме, таму падаюць толькі аўтарскія кактэйлі. Ежа ў меню з'явіцца праз пару тыдняў.

- Мы супрацоўнічаем з Арцёмам Ракіцкім, шэф-поварам кавярні-гасцёўні «Чэхаў», які прапагандуе новую беларускую кухню. У меню будуць толькі халодныя закускі - рыхтаваць іншыя стравы тэхнічна не дазваляе памяшканне. Да таго ж у нас хутчэй піцейная ўстанова.

Дранікаў не будзе, але прапануем нейкую інтэрпрэтацыю. Усе закускі - на беларускі лад. Мы не імкнёмся аднавіць старадаўнія стравы - хочам паказаць нешта новае.

Урачыстае адкрыццё і прэзентацыя кухні запланавана на 3 ліпеня, на Дзень незалежнасці. «Мне здаецца, будзе сімвалічна», - адзначае ўладальнік бара.

А праблемы на стадыі ўзгаднення? Са слоў Аляксея, іх не было: «Усе, хто прыходзіў да нас, у тым ліку з дзяржаўных інстанцый, казалі: малайцы, хлопцы, што робіце хоць нешта пра Беларусь».

Але персанал пры гэтым дрэнна размаўляе па-беларуску.

- Мы падчас набору не ставілі перад імі такую задачу. Тым больш, сярод работнікаў ёсць расейцы, бармэн - афрыканец. Мы не хочам намагаць. Хоць вось якая цікавая рэч: мне бармэны самі напісалі ў чаце, што варта запісацца на нейкія курсы, каб падцягнуць беларускую мову, маўляў, шмат людзей, якія прыходзілі і звярталіся па-беларуску. Гэта, мне здаецца, самы найлепшы вынік.

У некаторых гасцей былі нараканні на музыку ў бары - маўляў, песні Леаніда Агуціна зусім не вяжуцца з атмасферай месца.

- У нас ёсць арт-дырэктар Даша Пушкіна, вядомая менская дыджэйка. Яна падбірае музычнае суправаджэнне, значыць, так бачыць, - каментуе ўладальнік бара. - У будучыні хочам запрашаць беларускія калектывы, якія будуць у нас граць па выходных. У астатні час - сучасная танцавальная музыка, плюс-мінус як і ў астатніх установах.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках