19 красавiка 2024, Пятніца, 21:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гнеў і злосць збіраліся 30 гадоў»

3
«Гнеў і злосць збіраліся 30 гадоў»
Фота: AFP

Пра пратэсты пасля «выбараў» у Казахстане.

Датэрміновыя прэзідэнцкія выбары ў Казахстане суправаджаліся антыўрадавымі пратэстамі і масавымі затрыманнямі іх удзельнікаў. З 9 да 12 чэрвеня паліцыя затрымала ў Нур-Султане, Алма-Аты і Шымкенце блізу тысячы чалавек. Са звестак генеральнай пракуратуры, за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 957 чалавек. Рэпарцёр Азатыка пацікавіўся думкамі вядомых у краіне асоб — пісьменнікаў, навукоўцаў, дзеячаў мастацтва, спартоўцаў — пра акцыі пратэстаў.

Канат Іслам, баксёр

У мяне неадназначнае стаўленне да апошніх падзей у Казахстане. Таму што, як мне здаецца, у тым, што моладзь пратэстуе, ёсць і віна ўлады. Бывалі моманты, калі ўлады дагэтуль дэманстравалі свае адмоўныя бакі. Да прыкладу, за 20 з гакам гадоў казахская мова так і не заняла сваё месца. Да гэтага дня не працавалі ў нацыянальных інтарэсах. Да казахаў ставіліся як да натоўпу, хацелі трымаць іх у становішчы рабоў. Таму што кіраваць натоўпам лёгка. Гэта падобна да сітуацыі, калі адзін чалавек пасе дзесяцітысячны статак авечак. Таму не магу сказаць, што ўлада чысцейшая за ваду і бялейшае за малако. Уважаю за заканамерны выхад народа на пратэсты. Мы будзем развівацца толькі тады, калі будзем казаць пра свае памылкі. На гэтых выбарах я падтрымаў Касым-Жамарта Такаева. Таму што яму не было роўных. Ён усё жыццё працаваў у сферы сусветнай палітыкі, напрактыкаваўся. Падчас сустрэчы з ім я падняў пытанне аб перасяленні замежных казахаў. "Канат, я ўвесь час думаю пра гэта. Кантралюю гэты пытанне. Перасяленне не будзе спыняцца", - сказаў ён. Калі казаць аб пратэстах пасля выбараў, гэта гнеў і злосць, якія збіраліся ў народа 30 гадоў. Народ выплюхвае гэта вонкі.

Сэкен Турысбекаў, кюйшы

Я падтрымліваю дзеянні моладзі і акцыі пратэсту, якія праводзяцца ёю. А ўлады робяць усё, што прыйдзе ў галаву.

Фота: Reuters

Паліцэйскія затрымліваюць дзяўчыну, якая прыйшла да плошчы Астана, якую забаронены ў краіне рух ДВК пазначыў, як месца збору для правядзення пратэсту. Алма-Аты, 12 чэрвеня 2019 года.

Бексултан Нуржэкееў, пісьменнік

Я бачыў відэазапісы [парушэнняў] на выбарах. Паглядзеў інаўгурацыю Касым-Жомарта Такаева. Паводле 30-гадовай традыцыі яе пачалі на казахскай мове, прадоўжылі на рускай. Гэта кажа аб тым, што нічога не змянілася. Моладзь не хоча гэтага. Яны хочуць быць роўнымі з іншымі краінамі. Мы кажам, што сталі дэмакратычнай краінай. Яны хочуць убачыць вынікі гэтай дэмакратыі. Маладыя людзі выязджаюць у іншыя краіны, бачаць, як там. Многія з іх беспрацоўныя. З трыма дыпломамі працуюць грузчыкамі ў аэрапорце і на вакзалах. Напраўду моладзь хоча ўбачыць плён дэмакратыі не на словах, а на справе. Мяркую, што моладзь стамілася ад усяго гэтага. Аднак сілавыя структуры не могуць прыйсці да дыялогу з імі. Пачынаюць іх затрымліваць, арыштоўваюць, б'юць. Ніхто з моладзі не збіраецца раскідваць дзяржаву, нішчыць усё. Яны сабраліся толькі для таго, каб мірным шляхам выказаць свой пратэст.

Біржан Хасангаліеў, спявак

Я працую ў дзяржаўнай установе. Цяпер у нас ідуць іспыты. Таму не магу нічога пракаментаваць, не крыўдуйце.

Ахмет Тактабай, навуковец-этнограф

Людзі, якія выйшлі на мітынг, не парушалі грамадскі парадак. Яны маюць законнае права на выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Нельга разганяць іх сіламі паліцыі і правакаваць такім чынам. Да прыкладу, я і мае сябры сям'і пайшлі на выбары і прагаласавалі. Я не бачыў парушэнняў. Але, тым не менш, людзі кажуць аб несправядлівасці і выказваюць пратэст. Гэта асабістае меркаванне кожнага чалавека. У кожнай дэмакратычнай краіне праходзяць шэсці, выказваюць меркаванні. У гэтым няма нічога асаблівага.

Мядзеў Арынбаеў, спявак

Я цяпер у студыі, запісваю песню. Вы збіваеце мяне з думкі. Патэлефануйце пазней.

11 чэрвеня эстрадны спявак Кайрат Нуртас апублікаваў допіс на сваёй старонцы ў Instagram'е і заклікаў вызваліць затрыманых падчас мітынгаў. Кайрат Нуртас заявіў, што "для ўладаў надышоў час пачуць спадзяванні народа". Спявак напісаў, што "яму не ўсё адно, што адбываецца ў краіне, і ён не можа прамаўчаць". Пазней спявак выдаліў гэты допіс.

Паліцыя ў Алма-Аты, Нур-Султану і Шымкенце цягам некалькіх дзён праводзіла затрыманні. Пазачарговыя прэзідэнцкія выбары 9 чэрвеня суправаджаліся акцыямі пратэсту на плошчы Астана ў Алма-Аты. На мітынг сабраліся сотні людзей. Нязгодныя з афіцыйнымі вынікамі выбараў жыхары зноў выйшлі на вуліцы 10 чэрвеня. Затрыманні прайшлі ў Алма-Аты і 12 чэрвеня. У гэтыя дні Паліцыя Алма-Аты, Нур-Султана і Шымкента затрымала больш за сотню людзей.

Улады краіны назвалі акцыі пратэсту спробай "дэстабілізаваць грамадскую абстаноўку з боку радыкальна настроеных элементаў”, а іх удзельнікаў — “правакатарамі". Яны таксама заявілі, што паліцыя дзейнічала "у адпаведнасці з законам". Відавочцы падзей кажуць, што ў гэтыя дні паліцыя таксама затрымлівала грамадзян, якія не маюць дачынення да мітынгаў. Праваабаронцы мяркуюць, што колькасць затрыманых вышэйшая, чым паказваецца ў звестках МУС. Яны выказаліся за стварэнне незалежнай камісіі для ацэнкі дзеянняў 9 і 10 чэрвеня.

У Генеральнай пракуратуры Казахстана паведамілі, што за ўдзел у незаконных мітынгах у Нур-Султане і Алма-Аты суды прыцягнулі да адказнасці 957 чалавек, 670 з іх арыштаваныя на тэрмін ад 6 да 15 дзён, 115 чалавек аштрафаваныя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках