20 красавiка 2024, Субота, 14:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Грабоўскі афіцыйна абвясціў пра заканчэнне гульнявой кар'еры

2
Міхаіл Грабоўскі афіцыйна абвясціў пра заканчэнне гульнявой кар'еры
МІХАІЛ ГРАБОЎСКІ І КРЭЙГ ВУДКРАФТ
ФОТА: ПРЭСБОЛ

Грабоўскі чатыры разы прызнаваўся найлепшым хакеістам Беларусі.

Асістэнт Крэйга Вудкрафта ў трэнерскім штабе менскага «Дынама» Міхаіл Грабоўскі афіцыйна абвясціў аб заканчэнні гульнявой кар'еры. Пра гэта экс-форвард распавёў у эфіры праграмы «Спартклуб» на ОНТ.

- Для беларускіх заўзятараў афіцыйна абвяшчаю, што з гульнявой кар'ерай я закончыў.

- Вас не палохае новы выклік - трэнерская праца?

- Сам для сябе пастанавіў, што сядзець дома - не найлепшы варыянт. Трэба чымсьці займацца. Як гулец у матчах я больш не магу ўдзельнічаць, таму хачу паспрабаваць сябе ў ролі трэнера.

- Ужо размаўлялі з Крэйгам Вудкрафтам? Што ён думае з нагоды вашага трэнерскага тандэму?

- Знаёмы з ім даўно, дзесьці з 2014 года. Мы размаўлялі, разам рабілі дзіцячы летнік для нашых юніёраў. Ведаю, што ён за чалавек, як вядзе гульню, як рыхтуе каманду. Акрамя таго, калі ён працаваў у «Дынама» раней, я быў на матчах і бачыў ягоны стыль гульні. Думаю, з Крэйгам мне будзе даволі проста. Гэта магчымасць для мяне чамусьці навучыцца як трэнеру.

- Што трэба змяніць у «Дынама»? Над чым давядзецца працаваць найперш?

- Зробім акцэнт на тым, каб не адыходзіць ад сваіх прынцыпаў і данесці іх да гульцоў, да каманды. Галоўнае, каб усе працавалі разам як адзіны калектыў. Думаю, гэта будзе спрыяць добрай гульні «Дынама», - падае hockey.by словы Міхаіла Грабоўскага.

Кар'ера Міхаіла Грабоўскага ў НХЛ абарвалася праз траўму. У лютым 2016 года ён атрымаў чарговае страсенне мозгу, пасля чаго прапусціў 10 матчаў, вярнуўся, у сакавіку сыграў яшчэ ў адным паядынку, але толькі пагоршыў пашкоджанне і выбыў да канца сезона, нагадвае tut.by.

Фота: Reuters

З тых часоў нападнік, нягледзячы на упартыя і шматлікія спробы, так і не змог аднавіцца для таго, каб працягнуць кар'еру хакеіста. Хоць афіцыйна пра яе заканчэнне ён абвяшчаць не спяшаўся.

З 296 (125+171) баламі ў 534 матчах Міхаіл Грабоўскі з'яўляецца найлепшым беларускім бамбардзірам у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ. У Кубках Стэнлі - 2 (0+2) балы ў 10 паядынках.

За 10 сезонаў у наймацнейшай лізе свету ён гуляў за «Манрэаль», «Таронта», «Вашынгтон» і «Нью-Ёрк Айлэндэрз». Улетку 2017 гады права на гульца ў выніку драфта пашырэння атрымаў новы клуб НХЛ «Вегас», але за феерычным выступам пачаткоўца лігі Міхаіл назіраў з боку, бо здароўе так і не дазволіла яму вярнуцца на лёд.

Тым часам Міхаіл Грабоўскі паступова асвойваў трэнерскае рамяство, а таксама з задавальненнем праводзіў трэнінг-кэмп і майстар-класы.

ФОТА: ЯЎГЕН ЯРЧАК, TUT.BY

На драфце НХЛ Міхаіл Грабоўскі быў абраны даволі позна - у 20-гадовым узросце ў 2004 годзе (пад агульнай 150-м нумарам). Да ад'езду за акіян выступаў за менскае «Юнацтва», «Нафтахімік» (Ніжнякамск, Расея), «Дынама» (Масква, Расея). А ў НХЛ прабіваўся праз фарм-клуб «Манрэаля» «Гамільтан», з якім выйшаў у плэй-оф АХЛ і здабыў Кубак Колдэра (2007 г.). Уладальнік Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў у форме маскоўскага «Дынама» (2006).

Падчас лакаўту ў НХЛ (2012/13) пагуляў разам з Паўлам Дацюком за маскоўскі ЦСКА ў КХЛ.

Чэмпіён Беларусі (2005, 2006). Удзельнік чэмпіянатаў свету (2004 - у першым дывізіёне, 2005, 2006, 2008-2012, 2014). Усяго за каманду правёў 55 матчаў, набраў 48 (21+27) балаў, атрымаў 26 хвілін штрафу пры каэфіцыенце карыснасці «+10».

У 2011 годзе быў капітанам каманды Беларусі.

Міхаіл Грабоўскі чатыры разы прызнаваўся найлепшым хакеістам Беларусі (2009, 2011, 2013, 2014).

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках