23 красавiка 2024, aўторак, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома, якія бясплатныя фестывалі пройдуць у Менску летам

2
Стала вядома, якія бясплатныя фестывалі пройдуць у Менску летам

Спіс менскіх фестываляў на тры найбліжэйшыя месяцы.

Лета - час, калі хочацца, каб хтосьці вас пазабаўляў, пажадана бясплатна. Tut.by сабраў усе менскія фэсты на тры найбліжэйшыя месяцы, куды можна схадзіць за новымі ўражаннямі і не выдаткаваць пры гэтым ні рубля.

Кіно: Open Air Cinema

Калі: кожную другую і чацвёртую суботу.

Дзе: дворык гатэля «Манастырскі» (вул. Кірыла і Мяфодзія, 6).

Колькі: бясплатна, як і ўсё тут.

У дворыку гатэля «Манастырскі» ў Верхнім горадзе яшчэ 25 траўня стартавалі паказы абсалютна разнамаснага кіно на адкрытым паветры. Пачалі з карціны «Я, Францыск Скарына» з Янкоўскім, а тыдзень таму глядзелі савецкую класіку «Жаніцьбу Бальзамінава». Гэта значыць, што праз суботу арганізатары анансуюць новую тэму і новы фільм, а потым паклічуць вас глядзець яго на адкрытым паветры. На выпадак дажджу вам рэкамендуюць браць парасоны і пледы, таму што ўся гэта весялосць пачынаецца а 21.30.

Фестываль маладога беларускага кіно

Калі: з 16 чэрвеня два разы на месяц, 21.00.

Дзе: панадворак Ok16 (вул. Кастрычніцкая, 16).

Усё лета ва ўнутраным дворыку прасторы Оk16 пад адкрытым небам можна бясплатна глядзець маладое беларускае кіно, якое больш нідзе не паказваюць, і слухаць жывыя трансляцыі ў кампаніі галоўных менскіх хіпстэраў. Можна сказаць, што гэта будзе «Белкінолета» 2.0, заміксаванае з такімі ініцыятывамі, як «Нефільтраванае кіно» і «Кінабалаган». Пакуль што поўнай праграмы няма, але мы ведаем, што паказы будуць праходзіць двойчы на месяц па выхадных а 21.00. Не празявайце першы агляд - ён ужо сёння. У рамках опэн-эйра дакладна будуць круціць штосьці з менскага фэста Cinema Perpetuum Mobile, напрыклад, альманах «Драму» ад найлепшых маладых рэжысёраў Беларусі - раней яго можна было паглядзець толькі за грошы, а зараз бясплатна.

Музыка: «Пешаходка»

Калі: кожную суботу.

Дзе: Верхні горад.

«Пешаходка» - гэта максімальна нефармальны фестываль вулічнай музыкі, які праходзіць кожную летнюю суботу ў раёне карэтнага панадворка, на вуліцы Кірылы і Мяфодзія і ў Музычным завулку. Там збіраюцца музыкі-аматары і прафесіяналы і спяваюць сваю музыку. Толькі не думайце, быццам бы там толькі і спяваюць «батарэйкі» і «Тры чарапахі». У некаторыя суботы цалкам сабе можна натрапіць на вечар якаснай электронікі або што-небудзь фолкавае. Праходзяць музычныя спатканні з другой паловы дня да позняй ночы.

Джазавыя вечары

Калі: з 22 чэрвеня да 6 ліпеня, 20.30.

Дзе: Верхні горад.

Кожную суботу з канца чэрвеня «Джазавыя вечары зноў будуць збіраць меламанаў ля сталічнай Ратушы. Сёлета менчукам і гасцям горада абяцаюць прывезці музыкаў амаль з усіх кантынентаў. Наогул, «Джазавыя вечары» даўно сталі знакавай падзеяй культурнага жыцця сталіцы, асабліва для тых, хто проста выйшаў прагуляцца па Зыбіцкай, а трапіў на самы сапраўдны канцэрт. Сабралі для вас афішу трох вечароў - у адным матэрыяле.

Класіка ля Ратушы

Калі: кожную суботу з 20 ліпеня, 20.30.

Дзе: ля Ратушы (пл. Свабоды).

Арганізатары «Класікі ля Ратушы» пакуль яшчэ не анансавалі, хто з музыкаў сёлета прыедзе разварушваць натоўп прыхільнікаў высокага мастацтва ў Верхнім горадзе. Але мы дакладна ведаем, што канцэрты пройдуць 20 ліпеня, 27 ліпеня, 3 жніўня, 10 жніўня, 17 жніўня, 31 жніўня з 20.30 да 23.00 кожны.

А-fest

Калі: 10 жніўня, 12.00 - 23.00.

Дзе: Лошыцкі парк (пр-д Чыжэўскіх, 10).

Асобам да 18 гадоў уваход - у суправаджэнні дарослых.

У сталічным Лошыцкім парку чацвёртым разам пройдзе еўрапейскі фестываль піва і ежы A-Fest 2019. Згодна з традыцыяй гасцей шматтысячнага фестывалю будзе чакаць еўрапейскі адпачынак на траве пад адкрытым небам, зоны забаў на любы густ, крэатыўныя фотазоны, дзе кожны зможа зрабіць выдатную картку для сацсетак, смачная і разнастайная ежа і напоі на фудкорт. На бясплатны open-air ужо збіраюцца ўкраінскі гурт «Бумбокс» і франкамоўны хіп-хоп-выканаўца K-Maro. Беларускім хэдлайнерам стане гурт Nizkiz.

Графіці: Vulica Brasil

Калі: 10 і 11 жніўня, з 10.00.

Дзе: вул. Кастрычніцкая.

Vulica Brasil - фестываль урбан-арта, дзякуючы якому ўся Кастрычніцкая вуліца і іншыя гарадскія аб'екты пакрыліся татуіроўкамі. У рамках праекта бразільскія і беларускія мастакі распісваюць сцены ў розных лакацыях Менска і ствараюць муралы вышынёй у некалькі паверхаў. З 26 ліпеня графіцісты будуць апранаць яшчэ некалькі сталічных будынкаў у фантастычныя ўборы. Фіналам традыцыйна стане вялікае свята на Кастрычніцкай вуліцы, якая ператворыцца ў пешаходную з 10 да 11 жніўня. Дарэчы, усё яшчэ можна запоўніць анкету валанцёра, калі вам гэта цікава.

Усё і адразу: Дні нацыянальных культур

Калі: кожную суботу.

Дзе: Верхні горад.

Згодна з традыцыяй на плошчы Свабоды ўсё лета ў выхадныя будуць праводзіцца святы розных культур. З размахам у першы дзень лета ўжо прайшоў Дзень Швецыі - на ім нават выступіла пераможца «Еўравізіі-2012» Лорын. 8 чэрвеня адзначалі Дзень шматнацыянальнай Расеі (з самаварамі і Долінай), 15 - Дзень Польшчы. Добра, а што наперадзе? 23 чэрвеня пройдзе Вялікі брытанскі фестываль - не па чутках ведаем, што гэта мерапрыемства на ўзроўні. Свята Італіі - 13 ліпеня. Знаёміцца з карэйскай культурай будзем 3 жніўня. Дзень Эстоніі - 10 жніўня. Свята ўкраінскай культуры - 17 жніўня. Рыхтуйце вашы жываты да фестывалю грузінскай культуры «Тбілісоба-2019» - гэта 24 жніўня. Завершыць гадавы цыкл Дзень армянскай культуры - 31 жніўня.

А бабіна лета лічыцца?

15 верасня з 14.00 у парку Перамогі пройдзе Wargaming Fest, то бок Дзень танкіста. Не, гэта не проста свята для прыхільнікаў «танкаў», але яшчэ і паўнавартасны фестываль з музыкай і плюшкамі - вось як гэта было летась. Пакуль невядома, хто з музыкаў будзе выступаць, але арганізатары абяцаюць сюрпрызы нябачанага маштабу. Забыліся сказаць: уваход вольны.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках