28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Ганконгу тысячы чалавек патрабуюць адстаўкі уладаў

У Ганконгу тысячы чалавек патрабуюць адстаўкі уладаў
ФОТА: REUTERS

Вулічныя пратэсты трываюць, нягледзячы на прыпыненне закона аб экстрадыцыі ў Кітай.

Тысячы людзей ізноў выйшлі на вуліцы Ганконга 16 чэрвеня, патрабуючы адстаўкі кіраўніка гэтай тэрыторыі Кэры Лам. Гэта адбылося пасля таго, як улады прыпынілі ўкараненне законапраекта аб экстрадыцыі, паведамляе currenttime.tv.

Актывісты заявілі, што гэтага недастаткова, і што гэты дакумент павінен быць адкліканы назаўжды. Таксама Лам, на думку пратэстоўцаў, павінен сысці ў адстаўку і папрасіць прабачэння за выкарыстанне паліцыяй сілы падчас сутыкненняў з дэманстрантамі ў пачатку тыдня.

15 чэрвеня ўлады Ганконга афіцыйна спынілі працэдуру прыняцця законапраекта, які спрашчае экстрадыцыю жыхароў горада ў мацерыковы Кітай. Гэтаму папярэднічаў тыдзень масавых пратэстаў, у якіх узялі ўдзел да мільёна чалавек.

Кіраўнік падпарадкавальнай Пекіну адміністрацыі Ганконга Кэры Лам у суботу заявіла, што "надышоў час як мага хутчэй аднавіць спакой у грамадстве". Паводле ейных слоў, адміністрацыя правядзе кансультацыі "з усімі сегментамі грамадства", каб "выслухаць розныя погляды" наконт гэтай праблемы. Яна дала зразумець, што ўлады цалкам не адмовіліся ад планаў прыняць законапраект, аднак не назвала канкрэтнай даты заканчэння кансультацый.

Парламент Ганконга павінен быў паўторна разглядаць законапраект 12 чэрвеня, але пратэстоўцы заблакавалі падыходы да ўрадавых будынкаў. Тады на вуліцы выйшлі, з розных звестак, ад 300 тысяч да мільёна чалавек. Мірны пратэст скончыўся сутыкненнямі з паліцыяй, якая ўжыла слёзацечны газ і гумовыя кулі для разгону натоўпу.

Жыхары аўтаноміі патрабуюць ад уладаў адмовіцца ад законапраекта, які ўводзіць норму выдачы жыхароў горада іншым дзяржавам, калі там падазраваным можа пагражаць ад сямі гадоў турэмнага зняволення. Цяпер у Ганконгу існуе пагадненне аб экстрадыцыі толькі з 20 краінамі. Калі законапраект прымуць, то ўлады могуць выдаваць жыхароў Ганконга нават урадам, з якімі ў аўтаноміі адсутнічаюць пагадненні, - з мацерыковым Кітаем, Тайванем і Макао. Прыхільнікі законапраекта сцвярджаюць, што ён дазволіць перастаць быць аўтаноміі "сховішчам для крымінальнікаў".

Пратэстоўцы асцерагаюцца, што папраўкі могуць пазбавіць Ганконг часткі аўтаноміі, а менавіта вышэйзгаданыя ўрады могуць злоўжываць экстрадыцыйным правам для пераследу палітычных апанентаў і не могуць гарантаваць поўнае захаванне правоў падазраваных у злачынствах. Законапраект таксама перадае правы на разгляд запыту аб экстрадыцыі суду і лідару аўтаноміі - гэта значыць Заканадаўчы сход Ганконга не зможа кантраляваць працэс выдачы.

Цяперашнія акцыі сталі самымі масавымі з 1997 года, калі Вялікабрытанія вярнула сваю каланіяльную зямлю Кітаю. Адной з умоў вяртання было ўвядзенне спецыяльнай аўтаноміі для жыхароў горада. З тых часоў Ганконг кіруецца паводле прынцыпу "адна краіна - дзве сістэмы". Як кажуць палітолагі, гэта дазволіла выконваць і абараняць правы яго жыхароў значна лепш, чым на мацерыковай частцы Кітая.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках