28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таемныя фокусы ў зоне ультыматуму

25
Таемныя фокусы ў зоне ультыматуму
АРХІЎНАЕ ФОТА ТАСС

Вецер перамен наляцеў раптоўна.

Гэта здарылася ў мінулую пятніцу ў Пецярбургу. Не, лютая стыхія там дахі не зрывала. І Нява не пацякла пад напорам буры назад. Але гэтыя дробныя дэталі маштаб сенсацыі абясцэніць няздольныя. Вецер перамен часам больш страшны за ўраган.

Так здарылася і на гэтым пленарным пасяджэнні эканамічнага форуму. Адказваючы на традыцыйнае пытанне пра тое, наколькі праўдзівыя пагалоскі аб магчымым аб'яднанні Беларусі і Расеі, Пуцін раптам наважыў падвесці рысу пад гэтай адыёзнай тэмай. «На маё глыбокае перакананне, мы ўсё ж такі адзіны народ, але так склалася, што мы жывём у розных краінах, розныя дзяржавы ўтварыліся, я ўжо шмат разоў на гэты конт выказваўся. Але сёння няма ніякіх падстаў для дзяржаўнага ўтварэння, у нас няма такіх планаў, мэтаў няма».

Які фокус - няма такіх планаў! І куды ж яны раптам зніклі? Ды няўжо той самы вецер перамен вырваў іх з чэпкіх рук нашага няўрымслівага суседа і забраў у невядомую далеч. Ці гэта ўсяго толькі версіфікацыі наіўнага вершыка пра хітрага хлопчыка, які «спрятал голову в буфет - думал, что его не видно». Гэта ж трэба - ні планаў, ні такіх мэтаў у іх няма. А хто ж тады дастаў з пыльнай шафы даўно забытую паперку пад сарамлівым тытулам «Саюзная дамова» і пачаў патрабаваць няўхільнага і безумоўнага выканання ўсіх яе пунктаў?

А 13 снежня 2018 года на сумесных пасядушках у Берасці прэм'ер-міністр РФ Мядзведзеў выклаў крамлёўскую задуму ў лаканічным стылі ўльтыматуму. «Расея гатовая і далей прасоўвацца па шляху ўдасканалення саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты. У тым парадку, які прадугледжаны дамовай аб стварэнні саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года».

Вось так - выразна і ясна. Без варыянтаў. Здаць ключы і кашалёк. Дакладней, суверэнітэт. А чаго тут цырымоніцца, калі ахвяра з добрай волі накіравалася да цёмнай падваротні, дзе іншы вынік і не прадугледжваўся. Аднак у тыя далёкія часы, калі тутэйшы кіраўнік падмахнуў імгненна гэтую недарэчную дамову, ён быў яшчэ на піку сваёй раптоўнай кар'еры. І яму тады здавалася, што сарваў джэк-пот. Яшчэ крыху - і адкрыецца дарога да вышэйшай улады. Крамлёўскай!..

Але бывалыя хлопцы з той цёмнай падваротні справу ведалі. На некаторы час закінулі далей паперу з подпісам наіўнага правінцыяла. І задумалі з ім звычайную імперскую гульню ў адзін акоп і сяброўства без межаў. Гэта ж так выдатна, калі перад трыбунай у адной калоне на парадзе маршыруюць дэсантнікі двух па сутнасці брацкіх краін. Застаецца толькі знайсці ім агульнага ворага. А потым па-братэрску падзяліць трафеі.

Аднак астатнія справы ішлі з кожным днём усё горш. Яму хутка і адкрыта патлумачылі, у чым сутнасць простай таблічкі «Ходу няма». Указалі яго сапраўднае месца ў імперскай звязцы. А потым і зусім выставілі рахунак. Непад'ёмны. У адным пакеце з ультыматумам.

Відавочна, ён і сам даўно ўжо заўважыў, у якую пастку трапіў. Выкручваецца. Выдыгае перад чэкістам і саюзнікам. Але тая злавесная таблічка яго пераследуе паўсюль. Нават у расейскія правінцыі дарогу перакрылі. І застаецца яму толькі выпадковым сустрэчным скардзіцца на беспрасветны лёс. У чэрвені мінулага года, наведваючы Шклоўскі раён, ён выказаў раптам набалелую крыўду. «Мы на фронце. Калі мы не вытрымаем гэтыя гады, якія правалілі, значыць, трэба будзе ў склад якой-небудзь дзяржавы ісці ці аб нас проста будуць выціраць ногі».

І вось ужо прызначаная канчатковая дата выпрацоўкі сумеснага праекту «паглыблення інтэграцыі». У дакладнай адпаведнасці з расейскім ультыматумам. Як ні спрабавалі ўхіліцца, фокус не прайшоў. Прымусілі. Пасадзілі. І, на ўсялякі выпадак, працу засакрэцілі. Паведамілі толькі, што расейскі праект ужо на 70 адсоткаў ухвалены беларускім бокам. Дата прэзентацыі выніковага варыянту - 21 чэрвеня.

Такім чынам, яны абмяркоўваюць фактычна лёс нашай краіны. Вырашаюць, якую частку суверэнітэту трэба аддаць імперыі, каб нашы тавары паступалі на іх рынак, каб у нейкай меры былі кампенсаваныя расейскім бокам страты ад яе падатковага манеўру і нафтаправод «Дружба» не падключаўся надалей да каналізацыі. Усе пытанні - толькі ў рамках дамовы аб адзінай дзяржаве. Такі быў адказ на ўсе ранейшыя звароты беларускага боку з нагоды парушэння звычайных адносін паміж дзвюма краінамі. Гэтая гульня цалкам зразумелая і правілы яе даўно вядомыя.

А што ж робіць у такі дні віноўніку ўсёй гэтай авантуры з саюзнай дамовай? Ён наведвае «Нафтан», каб падзяліцца з тамтэйшым калектывам актуальнымі думкамі аб неабходнасці адзінай стратэгіі ў гэтым небяспечным і непрадказальным свеце. А заадно і паскардзіцца працоўнаму класу і ўсяму прыкметна парадзеламу электарату на інтрыгі падступнага суседа.

«Вы бачыце, як сябе паводзяць нашы асноўныя партнёры - старэйшы брат на ўсходзе. Гэта падатковы манеўр і іншае паставілі нашы прадпрыемствы ў вельмі сур'ёзную сітуацыю». Проста насланнё нейкае - усё тая ж безвыходнасць. І зноў - старэйшы брат. І толькі пра тое, што адбываецца на перамовах, чаму раптам Пуцін запусціў такі раптам дзіўны фінт - ні слова. Таямніца за сям'ю замкамі.

Аднак чым бы ні скончыліся чыноўніцкія дэбаты, які б вердыкт ні вынеслі кіраўнікі паводле іх вынікаў, пагроза паглынання краіны знятая не будзе. Імперыя ўпарта шукае зручны выпадак. І пры такім усеагульным разгільдзяйстве яна паспрабуе сцерці ледзь прыкметную грань паміж інтэграцыяй і нахабнай акупацыяй. Не цяпер, дык пазней. Праз год. Магчыма, два. Або ў той час, калі ў Пуціна ўжо не будзе іншага спосабу транзіту сваёй улады, акрамя чарговай рэанімацыі здохлага праекта быццам бы «адзінай» дзяржавы. У такія часы небяспечна заставацца ў баку ад таго, што адбываецца. Ды яшчэ спадзявацца на лепшае. Цудаў не бывае. Імперыя не прыходзіць, каб каму-небудзь што-небудзь даць. Яна прыходзіць, каб узяць. І яе глыбокі рэйд у згубленую калісьці Беларусь выключэннем не будзе.

Так ці інакш, але эпоха вясёлкавых сноў і пустых надзей сыходзіць незваротна. І новая рэальнасць прымусіць дзевяць з паловай мільёнаў жыхароў гэтай краіны ўспомніць, што яны - народ. Адзіны і паўнапраўны гаспадар гэтай зямлі і свайго лёсу.

Нікога іншага няма і ніколі не будзе.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках