29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вільфанд: Ліквідацыя Белгідрамета можа мець наступствы для Беларусі

59
Вільфанд: Ліквідацыя Белгідрамета можа мець наступствы для Беларусі
РАМАН ВІЛЬФАНД
ФОТА: РІА «НОВОСТИ»

Навуковы кіраўнік Гідраметцэнтра РФ раскрытыкаваў заяву Лукашэнкі.

Навуковы кіраўнік Гідраметцэнтра Расеі, заслужаны метэаролаг Раман Вільфанд заявіў, што ліквідацыя беларускага Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі (Белгідрамет), якой прыстрашыў Лукашэнка, негатыўна адаб'ецца на прагнозах надвор'я ў самой Беларусі, Расеі і Еўропе, паведамляе interfax.by.

«Гідраметслужбы - гэта атрыбут дзяржаўнасці, такі ж, як войска, напрыклад. Без гідраметслужбы ў сучасным свеце не можа быць дзяржавы. Ліквідацыя Белгідрамета мецьме вельмі цяжкія наступствы для Беларусі», - сказаў Вільфанд.

Ён нагадаў, што ў свеце прынятае правіла, што толькі нацыянальная гідраметслужба (у Беларусі - Белгідрамет) можа выпускаць штармавыя папярэджанні ў краіне. У міжнароднай практыцы гэта называецца single official voice - «адзіны афіцыйны голас». Іншы прывілей нацыянальнай гідраметэаслужбы - магчымасць абмену звесткамі аб надвор'і з усімі краінамі ў абмен на звесткі са сваёй тэрыторыі, сказаў Вільфанд. Такое супрацоўніцтва арганізаванае ў рамках Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА).

Ліквідацыя Белгідрамета прывядзе да таго, што Беларусь выпадзе з міжнароднага абмену і не зможа выпускаць дакладныя прагнозы. З іншага боку, гэта пазбавіць Расею і Еўропу важных звестак назіранняў з тэрыторыі Беларусі, што, у канчатковым выніку, ударыць па ўсім, заўважыў метэаролаг.

Вільфанд пры гэтым выказаў упэўненасць у прафесіяналізме беларускіх калег, усумніўшыся ў сцвярджэнні аб тым, што дакладнасць прагнозаў Белгідрамета складае «ў найлепшым выпадку 50-70%». «Прагноз надвор'я цяпер такі, што на найбліжэйшыя дні дакладнасць прагнозу складае не менш за 90% - а ў беларускіх калег, я думаю, блізу 92-94%. Мне складана каментаваць гэтыя словы (пра 50-70%) - гэта проста не так з прафесійнага пункта гледжання», - сказаў Вільфанд.

Раней у аўторак Лукашэнка заявіў, што гатовы «разагнаць» рэспубліканскі цэнтр гідраметэаралогіі. «З імі трэба нешта рабіць: іх трэба ці разганяць, або прыводзіць у пачуцці. У найлепшым выпадку ў нейкі дзень на 50-70% дакладнасць прагнозу надвор'я. Нам такі Гідраметцэнтр не патрэбен», - сказаў Лукашэнка.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках