Лукашэнка: Сёння адна авечка, а заўтра будзе адна і тры дзясятых авечкі
58- 11.06.2019, 15:17
- 33,737
Дыктатар наважыў разводзіць авечак.
Узгадняючы 11 чэрвеня прызначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Лукашэнка зноў выказаў шэраг крытычных заўваг аб дзейнасці ўрада, які ўзначальвае Сяргей Румас, паведамляе прэс-служба дыктатара.
Правадыр, прынамсі, нагадаў, што раней даручаў развіваць у сельскай гаспадарцы новыя кірункі і выпускаць запатрабаваную на рынку прадукцыю. Напрыклад, на ягоную думку, у Беларусі можна было б заняцца авечкагадоўляй. Дыктатар адзначыў, што раней у краіне на гэтым спецыялізаваліся многія прадпрыемствы.
«Мне ўрад піша - ну, проста брыдка чытаць. Добра б я не разумеў у гэтым нічога: можна было б адпіску гэтую трываць. Да 2025 года яны дададуць 133% авечак. Гэта значыць, авечкагадоўля будзе ў нас, мы будзем авечак разводзіць. Гэта шэрсць, гэта аўчына, гэта бараніна. Дарэчы, на рынку запатрабаваная. Ну, карацей, будзем разводзіць гэтых авечак. Так, а што такое 33% да 2025 года? Гэта сёння адна авечка, а заўтра будзе адна і тры дзясятых авечкі. Ну што гэта за тэмпы?» - абурыўся Лукашэнка.
Дыктатар падкрэсліў, што за працу трэба брацца сур'ёзна, тым больш, у гэтым кірунку ёсць перспектывы. «Паглядзіце, колькі зямлі ў нас пустуе, нават у Магілёўскай вобласці. Я не кажу ніжэй, на Прыпяці, да цэнтра, на захадзе, Нёман, Прыпяць. Поймы ня занятыя. Часам ляціш - шкада становіцца пустуючай землі. Недзе бліжэй да поймаў можам будаваць лёгкія навесы і ўтрымліваць гэтых авечак, - цытуе дыктатара ягоная прэс-служба. - Я ў гэтым пераканаўся асабіста. У мяне іх, напэўна, цяпер штук пяцьдзесят. Раздаю людзям, дзяваць няма куды. Якія там выдаткі? Раніцай пойдзеш, накосіш за паўгадзіны травы, завязеш - і ім досыць. На пашу ходзяць ці ў лясок запусціў іх, яны ў гэтым лесе сядзяць у спякоту».
Лукашэнка заўважыў, што шэрсць можна пастаўляць на Менскі камвольны камбінат, шматлікія вытворцы маюць патрэбу ў скуры. «Усё можам перапрацоўваць, лёгкая прамысловасць добрая. Не, чагосьці чакаем. Чакаем, пакуль Лукашэнка па галаве не дасць, - дадаў ён. - Таму шукайце новыя кірункі, новыя культуры вырлшчвайце. Трэба прадаваць, трэба зарабляць грошы».