28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Лукашэнка абраў шлях, які загнаў яго ў пастку

63
Юры Хашчавацкі: Лукашэнка абраў шлях, які загнаў яго ў пастку
ЮРЫ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Чаму дыктатару стала не да парадаў.

У свеце дзень заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе святкуецца 8 траўня, у краінах постсавецкай прасторы – 9 траўня. Сёлета ўлады Беларусі адзначаюць гэтую дату значна больш сціпла, чым у мінулыя гады, калі дзеля падрыхтоўкі параду ў Менску знішчаўся асфальт і зносіліся танкамі ліхтарныя слупы. Што змянілася?

Пра памятную дату і праблемы беларускіх уладаў сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым беларускім кінарэжысёрам Юрыем Хашчавацкім:

– Напярэдадні і ў дзень 9 траўня ў суседняй Расеі традыцыйна абвастраецца мілітарысцкая рыторыка. Ці мае гэта нешта агульнае з сапраўднай памяццю пра вайну і перамогу над гітлерызмам?

– Пачну з таго, што абсалютна нічога агульнага «победобесие», як вельмі дакладна нехта назваў істэрыку, якая цяпер адбываецца ў Расеі 9 траўня, не мае з сапраўднай памяццю пра вайну і перамогу над гітлерызмам.

Калі камусьці маё меркаванне здаецца няправільным, то я магу падзяліцца сваім досведам. Я нарадзіўся ў 1947-м годзе, адразу пасля вайны. У майго бацькі ёсць медаль «За адвагу», ён кавалер ордэна Славы. У цёплы час года ў нашым двары часта збіраліся суседзі. Уявіце, Адэса, летні дворык, абрыкосавае дрэва, пад якім ставілі сталы 9 траўня. Суседзі-франтавікі ўсе выходзілі, сядалі, выпівалі, а мы, пацаны, слухалі.

Яны расказвалі пра тое, як яны ўратаваліся, як было цяжка, як змагаліся з вошамі, брудам у акопах, як мерзлі, галадалі. Колькі б мы іх ні прасілі апавесці пра нейкія там подзвігі, як узрывалі-забівалі, ніколі яны пра гэта не казалі.

Расказвалі пра загінулых сяброў і пілі за іх. Для сапраўдных франтавікоў 9 траўня было днём, з аднаго боку, смутку пра загінулых таварышаў. З другога ж боку, днём радасці, бо скончылася страшная катастрофа для ўсёй Еўропы. Гэта было свята без гучнага ляманту пра тое, што «можам паўтарыць».

Нас, дзяцей, бераглі ад гэтага. Не хацелі, каб мы даведваліся пра тое, як гэта было. Сапраўды, вось толькі цяпер мы даведваемся падрабязнасці, калі чытаем літаратуру. Гэта было страшна, падступна, антычалавечна. Вайна добраму не вучыць нават добрых людзей. Нават тых, высакародных, якія маюць рацыю.

Тое, што адбываецца цяпер, мяне не проста раздражняе, а дзіка абражае. Абражае памяць пра майго бацьку, маці, загінулага 10 траўня 1945 года дзядзьку. «Победобесие» – гэта не што іншае, як падрыхтоўка грамадства, людзей, фактычна, да новай вайны. Чаго ўжо тут хаваць. Трэба казаць праўду. Гэта «абыдлячванне» людзей для таго, каб яны, у канчатковым выніку, сталі гарматным мясам і пагадзіліся са сваімі вар'яцкімі правадырамі. Вядома ж, гэта трэба спыняць. З гэтым трэба змагацца. Такога быць не павінна.

– У былыя гады Лукашэнка таксама далучаўся да ваеннай рыторыкі з РФ, успамінаючы і пра агульныя «акопы», і пра тое, што гатовы «адстрэльвацца разам з Пуціным спінай да спіны». Чаму сёлета нічога падобнага не чуваць?

– Верагодна, Лукашэнка адчуў пагрозы для сваёй улады з боку Расеі. Пра тое, што Расея – гэта суседка, з якой трэба паводзіць сябе асцярожна, яго папярэджвалі яшчэ пачынаючы з таго моманту, калі ён быў абраны прэзідэнтам. Ён жа сам выбраў такі шлях, які загнаў яго ў пастку. Доўгі час Лукашэнка танчыў вакол расейскіх правадыроў. Ды і цяпер прыскоквае, спрабуючы выцягнуць з іх нейкія прэферэнцыі для таго, каб накарміць сваю эліту. Тым не менш відаць, што для яго гэта ўсё ўжо заканчваецца. Цяпер Пуцін узяў яго за горла. Крамлёўскія так проста яго не адпусцяць. Ён гэта адчувае, разумее і баіцца. Ён як можа змагаецца з імі.

Нехта прымае гэта як яго барацьбу «за суверэнітэт і незалежнасць», але, на самай жа справе, гэта толькі страх за свой пасад, уладу, якую ён не аддасць, а ўсё астатняе, што можна было, ён ужо аддаў.

Лукашэнка настолькі прывязаў Беларусь да Расеі, што гэтая кашчавая лапа імперыі сціснулася на ягоным горле, ды і на нашым, вельмі сур'ёзна. Падкрэслю, дапусціў гэта Лукашэнка, і нам яшчэ вельмі доўга давядзецца расхлёбваць ягоныя справы. Усё праз яго. Паступова ён разумее, што гэты курс быў памылковым, але іншага ён не ведаў і не ўмеў. Ён умее толькі выцыганьваць, выкручваць, смактаць у дзвюх матак, жыць «на халяву».

– Пасля арышту экс-кіраўніка аховы Лукашэнкі Андрэя Уцюрына выданне «Росбалт» апублікавала інфармацыю пра ягоную працу на спецслужбы РФ і магчымую змову супраць Лукашэнкі. Што Вы думаеце пра гэта?

– Тое, як супалі арышт Уцюрына і адкліканне з Беларусі расейскага амбасадара Бабіча, – прымушае задумацца. Дзве вельмі сур'ёзныя падзеі так супалі ў часе. Вельмі верагодна, яны ўзаемазвязаныя. Больш нічога я не магу з гэтай нагоды сказаць. Тут трэба ведаць дакладней, мець нейкую інфармацыю.

Можна будаваць вельмі шмат розных версій, але тое, што яны ўзаемазвязаныя нейкім чынам – гэта верагодна адсоткаў на 90, а далей можна проста дадумваць і разумець, але не здзіўляцца.

Цяпер сапраўды ідзе барацьба крамлёўскіх з драздоўска-шклоўскімі, і гэтая бойка будзе прадаўжацца, прымаць самыя розныя формы: здрады, двурушніцтва, усё што заўгодна. Там жа нармальных людзей няма! Гэта значыць, некаторыя з іх былі нармальнымі да таго часу, пакуль не трапілі ва ўрад. Многія хваляць, напрыклад, Румаса і кажуць, што ён добры спецыяліст, але там не можа быць нармальнага чалавека. У людзей, якія знаходзяцца ва ўрадзе, абсалютна няма сумлення. Чаму? Ды таму, што глядзець на тое, як здзекуецца з нацыі ўся гэтая шклоўска-драздоўская банда, нармальны чалавек не можа і не будзе ўдзельнічаць у гэтым.

Паступова яны ўсе там вар’яцеюць, ператвараюцца ў мярзоту і пачынаюць працаваць на тое, каб фактычна знішчыць беларусаў як від на гэтай зямлі. Вось, уласна кажучы, пра што ідзе размова.

Многія калісьці казалі, што ў Беларусі дзве бяды – Чарнобыль і Лукашэнка. Мне здаецца, што сёння Лукашэнка абышоўся нам нават даражэй.

– Ці ёсць больш празаічная прычына таго, што Лукашэнка больш не праводзіць такіх пампезных парадаў? Ці можа гэта быць вынікам эканамічнай сітуацыі ў Беларусі?

– Магчыма, гэта таксама таму, што нафтавая рэнта накрылася медным тазам. Прэферэнцыі, якія ўлады «дзярбанілі» паміж сабой у Драздах, – скончыліся. Да беларускага насельніцтва яны не мелі ніякага дачынення. Танныя нафта і газ – усё гэта даставалася асобам набліжаным да ўлады, а цяпер – скончылася. Вельмі магчыма, што цяпер у іх увогуле няма крыніцаў.

Адказваючы на ваша пытанне, скажу, што тут магло згуляць сваю ролю і тое, што Лукашэнка цяпер імкнецца адхіліцца ад крамлёўскіх (ці робіць такі выгляд), і тое, што грошай у яго цяпер не хапае. Усё гэта адно і тое, і вырастае з аднаго і таго ж збожжа. А зерне – гэта вар'яцкая цяга да ўлады, яе прага.

Лукашэнка ўчапіўся ў пасад, як клешч, якога не выдраць.

У гэты самы час, паглядзіце, як жыве Польшча ці нават Украіна. Там, вядома, ідзе вайна, але кошты ў 2–2,5 разы ніжэйшыя. Нас ёю палохалі, а там жа ўжо нашмат лепш, вальней. Людзі з Беларусі ўжо туды едуць і хочуць там жыць, а не тут. Вось вынікі кіравання беларускага ўзурпатара.

– Ці не нагадвае Вам тое, што адбываецца ў Беларусі, позні СССР?

– З аднаго боку – так, а з другога – не. Пачну з таго, чаму не нагадвае. Усё ж у СССР было калегіяльнае кіраванне, у палітбюро ўваходзіла шмат людзей і яны паміж сабой, наколькі я ведаю, спрачаліся, дыскутавалі і часта не пагаджаліся адзін з адным. Магчымасць дыскутаваць, на мой погляд, вельмі важная.

Нават крамлёўскія старцы, вы ж звярніце ўвагу, на сусветнай арэне паводзілі сябе значна больш годна, і самае галоўнае, гэта былі людзі, многія з якіх прайшлі вайну, і яны не вялі агрэсіўны наступ на цывілізаваны свет. Яны рэальна баяліся вайны і не жадалі яе. Хоць, вядома ж, і ў Афганістан ірванулі ў свой час, але гэта ўжо пазнейшыя справа. Так што, з пункту гледжання кіравання, усё ж такі, мне тое, што адбываецца ў Беларусі, позні СССР не нагадвае.

Але вось з пункту гледжання выніку нагадвае, таму што я ўжо даўно бачу, што ў нас застой: мала што змяняецца, мала што адбываецца. Жыццё замерла. Звярніце ўвагу, што з 2010 года галоўнае абяцанне, якое выдае Лукашэнка, – гэта ўсім «па пяцьсот». Ён на гэты кручок ужо амаль 10 гадоў спрабуе некага злавіць, а нічога не зрушваецца. Кошты растуць, акцызы растуць, падаткі растуць. Усё пагаршаецца, валіцца ў гэтай улады з рук, таму што яны нічога не ўмеюць і так будзе і далей.

– І што будзе ў выніку?

– У выніку альбо беларусы прачнуцца, альбо з'едуць, альбо іх проста не стане. Вымруць як від. Я раіў бы беларусам прачнуцца! Гэта самае лепшае выйсце з усіх.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках