25 красавiка 2024, Чацвер, 14:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Пяць тысяч баевікоў набліжаюцца да межаў Расеі

19
СМІ: Пяць тысяч баевікоў набліжаюцца да межаў Расеі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Значную іх частку складаюць грамадзяне СНД, якія ваявалі ў Сірыі.

У апошнія гады тэрарыстычная арганізацыя ІДІЛ перамясцілася з Сірыі і Іраку ў іншыя рэгіёны свету, напрыклад, у Афганістан. Размяшчэнне тэрарыстычных груповак каля мяжы Афганістана і СНД выклікае занепакоенасць у Расеі і краін рэгіёну. Учора кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў пацвердзіў, што 5 тысяч баевікоў ІДІЛ сканцэнтраваліся на мяжы, піша выданне Asharq Al-Awsat (пераклад - inosmi.ru).

Падчас выступу на адкрыцці пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў-удзельніц СНД (САКБ), Бортнікаў заявіў: «Асаблівы непакой выклікае перакідка тэрарыстычных груп у паўночныя правінцыі Афганістана, якія мяжуюць з дзяржавамі Садружнасці. У гэтых раёнах філіял ІДІЛ (Вілаят Харасан) ужо засяродзіў блізу 5 тысяч баевікоў. Значную іх частку складаюць грамадзяне СНД, якія ваявалі ў Сірыі».

Ён папярэдзіў, што нарошчванне сіл тэрарыстаў спрыяе істотнаму абвастрэнню абстаноўкі ў Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне. «Ідзе іх бесперапыннае пранікненне ў краіны Садружнасці, зрошчванне з мясцовай арганізаванай злачыннасцю. Адначасова павялічваюцца трансгранічныя плыні наркотыкаў, зброі і незаконнай міграцыі», - адзначыў кіраўнік ФСБ. З ягоных слоў, даходы выкарыстоўваюцца для папаўнення рэсурснай базы тэрарыстаў і пашырэння іх баявых магчымасцяў.

«Для схаванага перамяшчэння з зон баявых дзеянняў і памежных з імі краін у іншыя рэгіёны ўдзельнікі міжнародных тэрарыстычных арганізацый выкарыстоўваюць плыні ўцекачоў і працоўнай міграцыі», - распавёў Бортнікаў. З ягоных слоў, укараняючыся ў нацыянальныя дыяспары і зямляцтвы, тэрарысты ствараюць заканспіраваныя ячэйкі, ідэалагічна апрацоўваюць і вярбуюць новых прыхільнікаў, у першую чаргу з сацыяльна неўладкаванай моладзі і мігрантаў, навучаюць іх тэрарыстычнай дзейнасці.

Аляксандр Бортнікаў пацвердзіў інфармацыю, што злачынцы валодаюць матэрыяламі, тэхналогіямі і інфраструктурай для вытворчасці хімічнай зброі і біятаксінаў, а для дастаўкі элементаў паразы выкарыстоўваюцца беспілотныя лятальныя апараты. Кіраўнік ФСБ паведаміў, што тэрарысты ўсё часцей выкарыстоўваюць электронныя аплаты і крыптавалюты для перамяшчэння грашовых сродкаў, якiя атрымлiваюць ад некаторых дзяржаў і арганізацый, што падтрымліваюць сусветную тэрарыстычную сетку. Ён выказаў занепакоенасць з нагоды перамяшчэння тэрарыстаў з Сірыі і Іраку ў іншыя нестабільныя рэгіёны свету. Напрыклад, у Афганістан, куды з канца 2016 года пачалі прыбываць баевікі, якія страцілі кантроль над рэгіёнамі ў абедзвюх краінах.

Кіраўнік ФСБ выказаў засцярогі наконт вяртання былых удзельнікаў бандфармаванняў з Сірыі ў Расею і цэнтральнаазіяцкія рэспублікі для прадаўжэння тэрарыстычнай дзейнасці. Ён адзначыў, што тэрарыстычная арганізацыя можа выкарыстаць сітуацыю ў Афганістане, каб зрабіць гэтую краіну новым плацдармам для тэрарыстаў.

У лютым кіраўнік Антытэрарыстычнага цэнтра СНД Андрэй Новікаў заявіў, што «спячыя» тэрарыстычныя ячэйкі, сфармаваныя баевікамі пасля вяртання з зон канфлікту, у апошнія гады ўзначальвалі спіс патэнцыйных пагроз бяспекі рэгіёну. Ён адзначыў, што ідэолагамі ІДІЛ была абвешчаная «новая хіджра», якая спрыяе фармаванню тэрарызму ўнутры краін СНД. «Прагноз, на жаль, пацвердзіўся, як і гіпотэза аб тым, што перасоўванне ацалелых падраздзяленняў ІДІЛ і іншых тэрарыстычных арганізацый з Сірыі і Іраку ў Афганістан пацягне магчымасць фармавання тэрарыстычнага «хабу» ў гэтым рэгіёне, што ўзмоцніць ціск на межы краін СНД», - паведаміў Новікаў.

Змяненне характару і геаграфіі тэрарыстычнай арганізацыі ІДІЛ стала галоўнай тэмай выступу Аляксандра Бортнікава ў канцы 2017 года на XVI нарадзе кіраўнікоў спецслужбаў, органаў бяспекі і праваахоўных органаў замежных партнёраў ФСБ. «Практычна пацярпеўшы паразу ў будаўніцтве халіфата на тэрыторыі Сірыі і Іраку, верхаводы ІДІЛ і іншых далучаных да яе міжнародных тэрарыстычных арганізацый у якасці глабальнай стратэгічнай задачы вызначылі стварэнне новай сусветнай тэрарыстычнай сеткі», - паведаміў ён.

Са слоў кіраўніка ФСБ, тэрарысты мэтанакіравана «распаўзаюцца» за межы Блізкага Усходу, канцэнтруюцца ў нестабільных рэгіёнах з прыцэлам на стварэнне новых ачагоў напружанасці і ўзброеных канфліктаў. Яны актыўна перабіраюцца ў Афганістан, адкуль могуць пракрасціся на тэрыторыю іншых краін Цэнтральнай Азіі, а таксама ў Кітай і Індыю. Акрамя таго, Бортнікаў заявіў, што яны могуць «выкарыстоўваць азіяцкі плацдарм», каб ладзіць тэракты ў Расеі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках