20 красавiка 2024, Субота, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Відэафакт: Што думае жонка «дармаеда» пра беларускую ўладу і медыцыну

20
Відэафакт: Што думае жонка «дармаеда» пра беларускую ўладу і медыцыну
АЛЕСЯ ГАРБАЦЕНКА

Алеся Гарбаценка распавяла падрабязнасці аб скандальнай сітуацыі з бальнічным.

Жыхарцы Бабруйска Алесі Гарбаценцы адмовілі ў бальнічным па догляду за дзіцем праз тое, што яе муж працуе ў Польшчы. Цяпер яна і сама збіраецца з'ехаць з Беларусі. Юрыст сцвярджае, што дзеянні паліклінікі былі незаконнымі, і рэкамендуе жанчыне звяртацца ў суд, паведамляе babruysk.by.

Сямігадовы сын Алесі ў канцы красавіка захварэў на вятранку. Жанчына, як звычайна, выклікала лекара на дом.

На ўчастку сям'ю Гарбаценкі ведаюць, дзіця не першым разам хварэе, і раней Алесі адразу выпісвалі бальнічны.

Гэтым разам лекар спытаў аб месцы працы мужа. А калі Алеся сказала, што муж працуе за мяжой, пачула ў адказ, што бальнічны ёй не выдадуць.

На час хваробы дзіцяці жанчыне выдалі неаплатную даведку. Мужа Алесі паліклініка аднесла да «дармаедаў» і бальнічны выдала толькі пасля таго, як з Польшчы прыйшлі дакументы, якія пацвярджаюць афіцыйнае працаўладкаванне і выплату падаткаў.

Але сям'і гэты бальнічны ліст ужо не быў патрэбны. На час хваробы сына Алеся ўзяла на працы адпачынак за свой кошт, а потым звольнілася, і цяпер збіраецца пераязджаць разам з дзіцем да мужа ў Польшчу.

Участковы педыятр, а таксама загадчыца філіяла гарадской дзіцячай паліклінікі №1 Алена Жвіціяшвілі і кансіліум, які быў скліканы ў паліклініцы на зварот Алесі, спасылаюцца на пункт 30 «Палажэння аб парадку выдачы i афармлення лісткоў непрацаздольнасці і даведак аб часовай непрацаздольнасці».

У гэтым пункце гаворыцца: «Калі маці (мачаха), бацька (айчым), усынавіцель, апякун (папячыцель) знаходзяцца ў сацыяльных адпачынках (па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, па цяжарнасці і родах), ажыццяўляюць догляд за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў ці не належаць да катэгорыі занятых грамадзян, устаноўленых артыкулам 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2006 года «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 год, №94, 2/1222), за выключэннем выпадкаў, указаных у пунктах 31 і 33 гэтай Інструкцыі, іншай асобе па догляду за хворым дзіцем у гэтай сям'і пасля экспэртызы часовай непрацаздольнасці выдаецца даведка».

Прававы інспектар прафзвязу РЭП (радыёэлектроннай прамысловасці), юрыст Леанід Судаленка мяркуе, што бабруйскія лекары няправільна зразумелі гэты пункт Інструкцыі.

«У дачыненні да канкрэтнай сітуацыі сям'і, гэтую норму тут варта разумець, як не «маці і бацька», а як «маці або бацька». Агульнавядома, што маці і бацьку адначасова сацыяльныя адпачынкі не прадстаўляюцца, - пракаментаваў сітуацыю юрыст прафзвязу РЭП. - Згодна з артыкулам 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2006 года «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», на якую маецца спасылка ў гэтай норме, занятымі грамадзянамі ўважаюцца як працоўныя (у гэтым выпадку маці), так і тыя, што займаюцца іншай не забароненай заканадаўствам дзейнасцю, якая прыносіць заробак. Падкрэсліваю, Закон гаворыць аб дзейнасці і прыбытку. Закон не забараняе весці дзейнасць і атрымліваць прыбытак, у тым ліку і за мяжой у іншых краінах. Закон не патрабуе, у тым ліку і афіцыйнага афармлення на працу».

Леанід Судаленка звяртае ўвагу, што ў гэтай сітуацыі і маці дзіцяці, і бацька належаць да катэгорыі занятых грамадзян, а значыць, і адмова ў выдачы бальнічнага, і нават патрабаванне паліклінікі падаць дадатковыя дакументы аб дзейнасці бацькі, незаконныя.

«Рэкамендую сям'і звернуцца ў суд са скаргай аб неправамерных дзеяннях службовых асоб дзяржаўнага органа з пастаноўкай пытання аб кампенсацыі прычыненай сямейнаму бюджэту матэрыяльнай шкоды ў выглядзе неаплачаных дзён бальнічнага ліста», - кажа юрыст прафзвязу РЭП.

«Я б хацела звярнуцца ў суд, але на гэта ўжо няма часу, - заўважае Алеся ў адказ на рэкамендацыю юрыста. - Я цяпер чакаю неабходныя для пераезду дакументы, і ў канцы траўня - пачатку чэрвеня мы з сынам з'язджаем да мужа ў Польшчу».

Больш падрабязна пра сітуацыю Алесі Гарбаценкі глядзіце ў відэасюжэце.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках