19 красавiка 2024, Пятніца, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўныя паказалі палату Лукашэнкі плошчай 100 квадратных метраў

102
Працоўныя паказалі палату Лукашэнкі плошчай 100 квадратных метраў
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Асабістая палата кіраўніка Беларусі – сапраўдны палац.

Больш за 100 квадратных метраў, тры пакоі, гардэробная, купальня, прыбіральня і двухспальны ложак. Падрабязней – у матэрыяле Вольгі Старасцінай на belsat.eu.

Высока сядзіць – далёка глядзіць кіраўнік нашай краіны. Аднак таго, што блізка, не надта бачыць, і хавае гэта. Акуляры часта ляжаць у Аляксандра Лукашэнкі, ён нават іх надзяваў падчас прэс-канферэнцыі, але, каб не паказваць, што Лукашэнка – недальнаглядны, гэтыя кадры дзяржаўныя медыя выразалі.

ПАЛАТА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ Ў РЭСПУБЛІКАНСКІМ КЛІНІЧНЫМ МЕДЫЦЫНСКІМ ЦЭНТРЫ КІРАЎНІЦТВА СПРАВАМІ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ
ФОТА З ТЭЛЕГРАМ-КАНАЛА «NEXTA»

«Я прачытаў даклад і вярнуў яго прэм'ер-міністру. Вы мне больш не пішыце гэтыя справаздачы. Вы проста марнуеце час. Патрэбныя два радкі», – заявіў Лукашэнка.

Ці значыць гэта, што цяпер у два радкі будуць выдаваць і кніжкі, і артыкулы ў газетах – каб Лукашэнка адолеў? Мы, напрыклад, папрасілі жыхароў Бабруйска, апісаць двума радкамі вынікі кіравання Лукашэнкі.

І вось што сказалі людзі:

«Адсутнасць выніку. Трэба ўсё рабіць своечасова. Смеласці набірацца і своечасова сыходзіць».

«Вытворчасці моцна не разганяюцца. Заробкаў занадта вялікіх няма».

«Рост коштаў. Дэнамінацыя».

Аднак можна не хвалявацца: са здароўем кіраўніка дзяржавы ўсё будзе добра. Бо не проста добры, а звышдобры медыцынскі цэнтр для дзяржаўных чыноўнікаў пабудавалі ў Ждановічах, а ў ім – за браняванымі дзвярыма – палату для Лукашэнкі. Ні вас, ні нас туды не дапусцяць, але будаўнікі падзяліліся з блогерам Сцяпанам Святловым фотаздымкамі.

ВІП-палата – палац: больш за 100 квадратных метраў, тры пакоі, гардэробная, купальня і прыбіральня, залатая не колерам, але коштам сантэхніка, два сталы для пасяджэнняў, каб народ думаў, што кіраўнік на працоўным месцы, і пакой з двухспальным ложкам.

Аднаму хвораму двухспальны, а іншым – спальнае месца ў праходзе, у найлепшым выпадку. А так пацыентку з пераломам таза на брызентавых насілках у кампаніі яшчэ пяці пацыентаў перавозяць з дзяржынскай лякарні ў абласную і назад, бо ў дзяржынскай няма апарата кампутарнай тамаграфіі.

ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

У Барысаве не тое што ў лякарню трапіць, а нават каб на прыём да лекара запісацца, людзі займаюць чаргу ў 4.30.

Але навошта нам медыцына, калі ў нас ёсць спорт? Так для хуткай дапамогі на дарогах няма асобнай паласы, затое такая з'явіцца для аўто, якія будуць абслугоўваць Еўрапейскія гульні. А калі нехта праедзе па ёй – атрымае штраф. Згодна з дэкрэтам Лукашэнкі, яшчэ большае пакаранне пагражае таму, хто ў дні гульняў запусціць дрон ці захоча зладзіць акцыю пратэсту. Гульні ад беларусаў будуць абараняць сілавікі з усёй краіны на чале з міністрам Шуневічам, які даказаў сілу сваёй установы, абараняючы скульптуру гарадавога.

Хто беларусаў абароніць, ні ў гэтым дэкрэце, ні ў іншых – не ўдакладняюць.

Напісаць каментар 102

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках