19 красавiка 2024, Пятніца, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Brexit узнёс і адправіў у адстаўку Тэрэзу Мэй

1
Як Brexit узнёс і адправіў у адстаўку Тэрэзу Мэй
ТЭРЭЗА МЭЙ
ФОТА: GETTY IMAGES

Яна знаходзілася на пасадзе прэм'ера Вялікай Брытаніі амаль тры гады.

Праз супярэчнасці з парламентам у планах Brexit Тэрэза Мэй пакінула пасаду кіраўніка Кансерватыўнай партыі і абвясціла аб хуткім сыходзе з пасады прэм'ер-міністра. «Нямецкая хваля» аб палітычным шляху Мэй.

Пратрымаўшыся на чале брытанскага ўрада амаль тры гады, Тэрэза Мэй абвясціла ў пятніцу, 24 траўня, аб сыходзе з пасады прэм'ер-міністра, як толькі будзе абраны яе пераемнік. Мэй таксама заявіла аб сыходзе з пасады кіраўніка Кансерватыўнай партыі пасля таго, як некалькімі днямі раней парламентарыі чарговым разам адкінулі яе ініцыятывы што да выхаду Вялікай Брытаніі з ЕЗ. Прадстаўлены прэм'ер-міністрам план выклікаў негатыўную рэакцыю як сярод лейбарыстаў, так і сярод аднапартыйцаў Мэй - кансерватараў.

Імкненне Мэй правесці законапраект што да Brexit праз парламент яе нешматлікія прыхільнікі называлі неймавернай настойлівасцю, праціўнікі - бясконцай упартасцю. У аўторак, 21 траўня, прэм'ер прапанавала дэпутатам шэраг кампрамісаў аб Brexit, якія не сустрэлі падтрымкі.

Мэй сыдзе ў адстаўку - што далей?

Зрэшты, Мэй ужо даўно не карысталася падтрымкай парламенцкага большасці. За першыя тры месяцы года дэпутаты тройчы адкінулі яе прапановы ва «ўпарадкаваным» Brexit, які першапачаткова быў намечаны на 29 сакавіка 2019 года. У выніку Мэй неаднаразова даводзілася пераносіць тэрмін выхаду Вялікай Брытаніі з ЕЗ. Цяпер ён намечаны на 31 кастрычніка.

Тэрэза Мэй прадоўжыць выконваць абавязкі прэм'ер-міністра датуль, пакуль Кансерватыўная партыя не абярэ новага лідара, які пасля павінен узначаліць Кабінет міністраў.

Кар'ера Тэрэзы Мэй

Сама Мэй заехала ў афіцыйную рэзідэнцыю на Даўнінг-стрыт, 10 у ліпені 2016 года. Яе папярэднік Дэвід Кэмеран сышоў у адстаўку пасля таго, як жыхары Вялікай Брытаніі 23 чэрвеня прагаласавалі за выхад краіны з Еўразвязу. Рэферэндум аб Brexit быў ініцыяваны самім Кэмеронам, які спадзяваўся прымусіць замаўчаць еўраскептыкаў. Ягоны план праваліўся - месца Кэмерона заняла Тэрэза Мэй, якая павінна была падрыхтаваць выхад Вялікай Брытаніі з ЕЗ. Нарэшце, пацярпела паразу і яна.

Тэрэза Мэй упершыню стала дэпутатам брытанскага парламента ў 1997 годзе. Цягам усёй сваёй палітычнай кар'еры яна з'яўлялася ўзорам рашучасці, непахіснасці і спакою нават у цяжкія часы. З траўня 2002 года да лістапада 2003-га Мэй займала пасаду старшыні Кансерватыўнай партыі, што ў Нямеччыне бліжэй за ўсё да пасады генеральнага сакратара партыі.

Пасля Маргарэт Тэтчэр Тэрэза Мэй стала другой у гісторыі Вялікай Брытаніі жанчынай, якая заняла пасаду прэм'ер-міністра. Да гэтага шэсць гадоў Мэй была міністрам унутраных спраў. Крыху даўжэй яе гэтую пасаду займаў толькі Джэймс Чатэр Эд адразу пасля Другой сусветнай вайны.

У якасці кіраўніка брытанскага МУС Мэй зрабіла сабе імя сваёй жорсткай пазіцыяй у пытанні міграцыі. У 2015 годзе яна выступіла са спрэчнай прамовай, у якой заявіла, што іміграцыя робіць немагчымай пабудову трывалага грамадства.

Мэй, аднак, уважаецца за прагматыка, і цягам яе працяглай палітычнай кар'еры яна не раз карэктавала свае пазіцыі ў розных праблемах. Да прыкладу, яна выступіла за легалізацыю аднаполых шлюбаў, хоць многія высокапастаўленыя брытанскія кансерватары прытрымліваліся іншага меркавання ў гэтым пытанні.

Brexit азначае рэальны выхад з Еўразвязу

Перад рэферэндумам аб выхадзе Вялікай Брытаніі з Еўрапейскага Звязу Мэй выступала за тое, каб застацца, аднак, стаўшы прэм'ер-міністрам, яна запэўніла тых, хто прагаласаваў за Brexit, што выканае іх пажаданні. Brexit азначае Brexit, заявіла кіраўніца ўрада і паабяцала паспяхова давесці да канца выхад з ЕЗ.

Час праўлення Мэй не быў бясхмарным для Вялікай Брытаніі. У краіне адбыўся шэраг тэрактаў са шматлікімі ахвярамі. 72 чалавекі загінулі падчас пажару ў 24-павярховым будынку Grenfell Tower у Лондане ў чэрвені 2017 года. Прэм'ер наведала месца трагедыі праз дзень, аднак не стала сустракацца з жыхарамі дома. За гэта яна зазнала жорсткую крытыку. Пазней Мэй сказала, што яна ўсё жыццё будзе каяцца ў тым, што не сустрэлася з выжылымі, і гэта выглядала так, як быццам яна пра іх не клапоціцца.

Жылы дом Grenfell Tower згарэў праз некалькі тыдняў пасля датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў траўні 2017-га. З ідэяй іх правядзення выступіла сама Мэй, спадзеючыся, што галасаванне ўмацуе яе пазіцыі ў перамовах з Еўразвязам аб Brexit. Замест гэтага выбары павярнуліся поўным правалам для Мэй і кансерватыўнай партыі, якая страціла 13 месцаў у парламенце і страціла парламенцкую большасць.

Brexit узнёс Мэй і адправіў яе ў адстаўку

У сваёй першай прамове ў якасці прэм'ер-міністра ў ліпені 2016 года Мэй абяцала змагацца з сацыяльнай несправядлівасцю і паспрабаваць ператварыць Вялікую Брытанію ў краіну адзінай нацыі, дзе ўсім жыхарам будзе камфортна. Аднак гэтыя ўзнёслыя мэты сышлі на задні план, саступіўшы месца развязанню праблем, звязаных з выхадам краіны з Еўразвязу.

З самага пачатку Мэй стала зазнаваць нападкі не толькі з боку актыўных прыхільнікаў Brexit, але і калегаў уласнай партыі. Галоўным аб'ектам крытыкі стала пытанне аб будучых гандлёвых дачыненнях з Еўразвязам. План Тэрэзы Мэй меркаваў стварэнне зоны свабоднага гандлю з ЕЗ для прамысловых і сельскагаспадарчых тавараў на агульных правілах, а таксама стварэнне «супольнай мытнай тэрыторыі». Гэта прывяло да таго, што кіраўнік МЗС краіны Борыс Джонсан і міністр у пытаннях выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу Дэвід Дэвіс, не згодныя з пазіцыяй Мэй, падалі ў адстаўку.

Аднак спрэчка аб гандлі з Еўразвязам стала толькі адным з прыкладаў у доўгім спісе шматлікіх рознагалоссяў у парламенце і ўрадзе аб тым, як найлепшым чынам абараняць брытанскія інтарэсы на перамовах аб Brexit. Неразвязанае пытанне мяжы паміж Вялікай Брытаніяй і Ірландыяй таксама стала прычынай канфліктаў і ў парламенце, і ў кансерватыўнай партыі. У выніку Тэрэза Мэй страціла падтрымку нават ва ўласнай партыі. Так Brexit і ўзнёс Мэй, і стаў у выніку прычынай яе палітычнай катастрофы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках