20 красавiка 2024, Субота, 14:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што не так з афіцыйнай версіяй смерці інспектара ДАІ: пяць неадпаведнасцяў

Што не так з афіцыйнай версіяй смерці інспектара ДАІ: пяць неадпаведнасцяў
Фота: «Радыё Свабода»

Незразумелыя моманты гучнай справы.

У першай палове дня 20 траўня, прыкладна праз 80 гадзін пасля таго, як пад Магілёвам знайшлі цела 22-гадовага супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча, Следчы камітэт правёў тэрміновы брыфінг. На мерапрыемстве, якое не прадугледжвала пытанняў з боку журналістаў і куды запрасілі толькі невялікае кола дзяржаўных СМІ, начальнік Галоўнай следчай управы СК Яўген Архірэеў паведаміў, што галоўная версія смерці афіцэра - суіцыд.

Са слоў следчых, да такой высновы яны прыйшлі пасля вывучэння ўсіх абставін смерці міліцыянта, яго асабістай перапіскі і выяўленых на месцы здарэння слядоў. Тым не менш да версіі, агучанай афіцыйнымі прадстаўнікамі СК, таксама застаюцца пытанні, паведамляе «Радыё Свабода».

Інфармацыю пра забойства распаўсюдзіў сам СК

Першым аб выкраданні афіцэра ДАІ ў Магілёве а 20 гадзіне 16 траўня паведаміў тэлеграм-канал NEXTA.

«Надзвычайнае здарэнне ў Магілёўскай вобласці! - гаварылася там. - Увесь асабовы склад абласнога УУС узняты на трывогу, а ў рэгіёне ўведзены план «Сірэна». Выкрадзены супрацоўнік органаў унутраных спраў - афіцэр дарожна-патрульнай службы ДАІ».

Неафіцыйныя паведамленні аб тым, што цела супрацоўніка ДАІ знайшлі ў лесе пад Магілёвам, з'явіліся праз некалькі гадзін. Першае афіцыйнае паведамленне пра смерць Яўгена Патаповіча прыйшло ад СК у той жа вечар чацвярга. У тэлеграм-канале Следчага камітэта паведамілі, што распачатая крымінальная справа паводле артыкула 362 («Забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем ім абавязкаў аховы грамадскага парадку») і што справа знаходзіцца «на асабістым кантролі» старшыні СК Івана Наскевіча. Пра «гібель падчас выканання службовых абавязкаў» паведаміла і МУС.

Чаму следчыя спачатку ўпэўнена называлі смерць Яўгена Патаповіча забойствам, а потым прыйшлі да высновы аб суіцыдзе, застаецца незразумелым.

На афіцыйным сайце СК (на 14.00 20 траўня) гаворыцца пра расследаванне менавіта забойства, хоць крымінальную справу заводзяць і проста паводле факту смерці чалавека. Як, напрыклад, было ў выпадку смерці Аляксандра Коржыча.

Кайданкі на руках

Тое, што рукі загінулага былі ў міліцэйскіх кайданках, можна было ўбачыць на апублікаваным фота з месца смерці Яўгена Патаповіча. Незразумела, ці можна наогул самому закаваць сябе ў кайданкі. А таксама - навошта гэта было рабіць. Пытанняў дадае і інфармацыя таго ж тэлеграм-канала NEXTA, згодна з якой кайданкі на руках нябожчыка былі зашпіленыя далонямі вонкі. Пры такім спосабе значна больш складана выконваць якія-небудзь дзеянні.

Чорная «Волга»

З паведамленняў Следчага камітэта, першапачатковая інфармацыя пра чорную «Волгу» з расейскімі нумарамі і пасажырамі неславянскага выгляду, якая магла павезці афіцэра ДАІ ў невядомым кірунку, была фальшывай. Яна была ад самага загінулага, які такім чынам нібыта «хацеў паведаміць пра сваё месцазнаходжанне».

Незразумела, якім чынам Яўген Патаповіч мог так расказаць пра месца свайго меркаванага самагубства. Таксама застаецца загадкай, як ён наогул дабраўся да месца, дзе пазней быў знойдзены труп. Паводле версіі СК, супрацоўнік ДАІ мог даехаць туды на невядомым пакуль спадарожным аўтамабілі. Следчыя цяпер высвятляюць асобу кіроўцы, які адвёз Яўгена Патаповіча ў лес.

Прычыны самагубства

Пра гэта таксама пакуль нічога невядома. Як вынікае з брыфінгу Следчага камітэта, Яўген Патаповіч ужо спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, гэта здарылася ў красавіку 2019 года. Аднак застаецца незразумелым, чаму, нягледзячы на спробу суіцыду, Патаповіч заставаўся служыць у ДАІ і нават меў доступ да табельнай зброі.

Таксама, паводле версіі СК, з дапамогай асабістага ноўтбука загінулага аператыўнікі атрымалі доступ да паведамленняў, якія Патаповіч дасылаў знаёмым. Тыя паведамленні, паводле інфармацыі следства, таксама ўтрымлівалі інфармацыю аб магчымым суіцыдзе.

Пры гэтым сябры і знаёмыя Патаповіча, з якімі размаўлялі журналісты неўзабаве пасля ягонай смерці, адназначна характарызуюць яго як пазітыўнага маладога чалавека, які меў планы на будучыню і быў задаволены ўмовамі службы ў ДАІ.

Прыкметы гвалтоўнай смерці

Адной з самых шакавальных дэталяў гісторыі са смерцю афіцэра ДАІ пад Магілёвам стаў здымак цела, апублікаваны ў тэлеграм-каналах. Яго сапраўднасць у СК не адмаўляюць, следчыя нават самі апублікавалі яшчэ адное фота, зробленае на месцы здарэння. На абодвух здымках відаць, што труп міліцыянера голы ніжэй пояса, у пахвіннай вобласці бачныя сляды крыві.

Паводле афіцыйнай версіі, загінулы сам распрануўся перад смерцю і нават спаліў свае форменныя штаны з дапамогай загадзя падрыхтаванай гаручай вадкасці. Навошта гэта было рабіць і ці не можа знішчэнне адзення міліцыянта сведчыць аб жаданні знішчыць сляды злачынства, у СК не тлумачаць. Не тлумачаць і таго, чаму Патаповіч перад смерцю набываў у краме дровы і рыдлёўку (відэа з камер назірання таксама паказвалі на брыфінгу ў СК).

Да таго ж у панядзелак 20 траўня СК паведаміў, што на целе ў загінулага афіцэра не выяўлена ніякіх пашкоджанняў, акрамя стрэлу ў галаву з табельнай зброі. Але ўсяго за тры дні да таго, 17 траўня, на сайце СК з'явілася іншае паведамленне. У ім гаварылася, што ўвечары 16 траўня пад Магілёвам было знойдзенае «цела 22-гадовага лейтэнанта міліцыі з прыкметамі гвалтоўнай смерці».

Урачыстае пахаванне Яўгена Патаповіча прайшло раніцай 18 траўня, менш чым праз два дні пасля смерці. Пакуль невядома, ці будзе перакваліфікавана заведзеная пасля ягонай смерці крымінальная справа. Бацькі таксама пакуль ніяк не каментуюць смерць сына.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках