Андрэй Шарэнда: Свае 300 спартанцаў ёсць у кожным горадзе Беларусі
8- 20.05.2019, 12:41
- 20,250
Людзі разумеюць, што пара ўжо нешта мяняць у краіне.
Традыцыйная нядзельная акцыя супраць акумулятарнага завода ў Берасці перарасла 19 траўня са звычайнага кармлення галубоў у марш па цэнтры горада. У шэсці ўзялі ўдзел больш за 300 чалавек - у 1,5-2 разы больш, чым звычайна.
Сітуацыю для сайта Charter97.org пракаментаваў прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Берасці, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда:
- Тое, што ў нядзелю на плошчу і шэсце выйшла больш людзей, чым звычайна - гэта адказ берасцейцаў на выяўлены дзякуючы 24-гадзіннай вахце факт падман людзей. Нам стала вядома, што фактычна акумулятарны завод пад Берасцем ужо працуе і ў парушэнне ўсіх законаў выпускае па начах акумулятары. Акрамя таго, ён штодня забруджвае атмасферу - і гэта заўважылі актывісты, якія ўвесь час дзяжураць каля завода.
Таму людзі сабраліся і адказалі на беззаконне ўладаў. Марш у нядзелю паказаў, што людзі сур'ёзна настроеныя на перамены і не збіраюцца сядзець дома. Акрамя таго, на нашых штотыднёвых акцыях усё больш і больш гучаць палітычныя лозунгі: людзі патрабуюць мяняць уладу, якая дапусціла будаўніцтва шкоднага завода побач з горадам. Прычым мяняць на самым высокім узроўні.
300 берасцейцаў на ўчорашняй акцыі ўжо параўналі з 300 спартанцамі цара Леаніда, якія перацялі Фермапілы і выратавалі Грэцыю. Думаю, што такое параўнанне дарэчы. Бо свае 300 спартанцаў ёсць практычна ў кожным беларускім горадзе. Незадаволенасць рэжымам Лукашэнкі збіраецца, свае праблемы - і экалагічныя, і сацыяльныя - ёсць у кожным горадзе, таму тыя працэсы і пратэсты, якія цяпер адбываюцца ў Берасці, рана ці позна перакінуцца на ўсю краіну. Берасце можна разглядаць не толькі як каталізатар аб'ектыўных падзей, якяі, я думаю, адбудуцца ў многіх гарадах Беларусі - калі не ў гэтым годзе, то ў наступным.
Людзі разумеюць, што ўжо «пара». Час нешта мяняць у краіне.