19 красавiка 2024, Пятніца, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зубры» Монтэ-Касіна: подзвіг беларусаў падчас вызвалення Італіі

4
«Зубры» Монтэ-Касіна: подзвіг беларусаў падчас вызвалення Італіі
ФОТА: BBC

Як нашы продкі ўдзельнічалі ў баях за Рым.

4 чэрвеня 1944 года войска хаўруснікаў вызваліла Рым. Сваю ролю ў гэтай аперацыі адыгралі беларусы, якія за два тыдні да вызвалення Рыма разам з брытанцамі і палякамі ўзялі ключавы пункт на падыходзе да сталіцы Італіі - горны манастыр Монтэ-Касіна.

Як беларусы патрапілі ў войска хаўруснікаў, колькі іх было, які іх пасляваенны лёс і як сёння ўшаноўваюць іх подзвіг у Італіі і Беларусі, высветліў АiФ.

Паміж двума агрэсарамі

Для многіх беларусаў вайна з Германіяй пачалася 1 верасня 1939 года. Менавіта з нападу на Польшчу, у склад якой да восені 1939 года ўваходзіла Заходняя Беларусь, пачалася Другая Сусветная вайна. Жыхары Беластоцкага, Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў былі прызваныя ў польскае войска і ваявалі з немцамі на Заходнім фронце. Ужо праз два тыдні пасля нямецкага нападу супраць Польшчы выступіў Савецкі Саюз. Савецкая армія «вызваліла» Заходнюю Беларусь, і ўсе польскія вайскоўцы, сярод якіх было шмат беларусаў, трапілі ў палон і былі сасланыя ў Сібір.

Але ўжо летам 1941 года, калі Гітлер напаў на СССР, пачаліся перамовы паміж польскім і савецкім урадамі аб супольных намаганнях у барацьбе з нацызмам. СССР даў згоду на фармаванне з былых польскіх ваеннапалонных рэгулярных вайсковых частак. Беларусы з польскімі пашпартамі, перажыўшы жахі савецкіх канцлагераў, далучыліся да войска генерала Уладзіслава Андэрса.

Гісторык Юры Грыбоўскі прызнае, што дакладна ацаніць колькасць беларусаў у войску генерала Андэрса вельмі цяжка. Многія беларусы, каб вызваліцца з пекла сталінскага ГУЛАГу, запісваліся палякамі, таму нельга дакладна ўстанавіць колькасць нашых суайчыннікаў, якія ваявалі ў польскім войску на ўсходзе. З больш чым 75 тысяч вайскоўцаў і 37 тысяч грамадзянскіх асоб, эвакуяваных з савецкай Сярэдняй Азіі ў Іран, ад 6 да 8 тысяч маглі складаць беларусы.

На «лініі Густава»

Беларусы ваявалі ў 5-й дывізіі 2-га корпуса. Дывізія атрымала назву «Крэсавая», бо складалася з ураджэнцаў так званых «Усходніх крэсаў» - беларускіх і ўкраінскіх земляў, якія да верасня 1939 года ўваходзілі ў склад Польшчы. У Крэсавай дывізіі былі і чыста беларускія злучэнні, як, напрыклад, «Рысі» - 13-ы батальён. Усю ж дывізію называлі «Зубры». Менавіта зубр стаў сімвалам злучэння і быў намаляваны на шаўроне жаўнераў дывізіі.

У 1942-м злучэнні Андэрса былі перакінутыя на Блізкі Усход, дзе брытанцам трэба было тэрмінова ўмацоўваць свае пазіцыі пасля адпраўкі рэзерваў на вайну з Японіяй. Пасля фармавання частак і адпачынку ў Іране, Іраку, Палесціне і Егіпце польскае войска, а разам з ім і беларусы, атрымала важную баявую задачу. У 1943-44 гадах часткі 2-га корпуса былі перакінутыя ў Італію, дзе хаўруснікі змагаліся з нямецкімі войскамі. Немцы размясціліся ўздоўж «лініі Густава», якая праходзіла ўпоперак усяго паўвострава на поўдзень ад Рыма. Гэтая лінія абароны павінна была стрымаць наступ заходніх хаўруснікаў на Рым і прадухіліць вызваленне Італіі. Ключавым участкам абароны немцаў было ўзвышша Монтэ-Касіна са старажытным манастыром у якасці найважнейшага звяна і пануючай вышыні. Кантроль гэтай вышыні дазваляў не дапусціць руху хаўруснікаў па дарозе, якая вядзе да італійскай сталіцы. Перад уступленнем у бой войска Андэрса немцы тройчы адбівалі наступ у студзені, лютым і сакавіку 1944 года, прычыняючы ворагам істотную шкоду. Усяго ж Бітва за Монтэ-Касіна доўжылася 123 дні.

Манастыр-прывід

Яшчэ ў лютым 1944 года будынак абацтва як важны вузел супраціву немцаў на «лініі Густава» зазнаў бамбаванне амерыканскай авіяцыі і быў зруйнаваны. Аднак немцы прадаўжалі ўтрымліваць там пазіцыі. У красавіку корпус Андэрса прыбыў да Монтэ-Касіна. Беларусы, палякі і габрэі ваявалі тут бок аб бок з індыйцамі і новазеландцамі пад брытанскім кіраўніцтвам. Беларус Анатоль Жак з 2-га Польскага корпуса загінуў першым, яшчэ за некалькі тыдняў да асноўнага штурму ўзвышша і абацтва.

Вяршыня гары Монтэ-Касіна, прыхаваная за аблокамі, атрымала ў жаўнераў назву «прывід». Менавіта гэтай вышынёй і трэба было авалодаць беларусам з 5-й пяхотнай дывізіі.

Гэта быў чацвёрты і апошні наступ на Монтэ-Касіна. Штурм пачаўся 11 траўня. Але ўпарты супраціў праціўніка і вялікія страты вымусілі хаўруснікаў спыніцца. Польскія злучэння адышлі назад. Наступны націск адбыўся ўжо 18 траўня, і гэтым разам хаўруснікам удалося дамагчыся перамогі. Над руінамі абацтва луналі польскі і брытанскі сцягі. З узяццем Монтэ-Касіна дарога на Рым была адкрытая, і 4 чэрвеня 1944 года сталіца Італіі была вызваленая.

У бітве за Монтэ-Касіна загінулі 924 жаўнеры корпуса Андэрса, у іх ліку 180 беларусаў. Усе яны былі пахаваныя на асобных польскіх вайсковых могілках каля манастыра, дзе таксама ўсталяваны Мемарыял. Ва ўсёй жа італійскай кампаніі загінулі 863 выхадцы з Беларусі.

Сотні нашых суайчыннікаў за адвагу, самаадданасць і гераізм атрымалі памятны крыж Монтэ-Касіна. Яшчэ 80 беларусаў удастоіліся гонару атрымаць вышэйшую польскую вайсковую ўзнагароду - Крыж Адважных, 45 чалавек - Срэбны крыж Заслугаў з мячамі, а сямёра - Залаты крыж Заслугаў з мячамі.

Пасля подзвігу - у Сібір

Пасля вайны корпус пад камандаваннем Андэрса яшчэ нейкі час заставаўся ў Італіі, а затым яго перакінулі ў Вялікую Брытанію. Частка жаўнераў-беларусаў вярнуліся на радзіму. Іншыя засталіся ў Вялікай Брытаніі, многія з іх узялі жывы ўдзел у культурным, рэлігійным і палітычным жыцці беларускай дыяспары на Захадзе.

Андэрсаўцы, якія вярнуліся на радзіму, зазналі ўсю горыч расчаравання. У ноч на 1 красавіка 1951 года 890 беларусаў-жаўнераў войска Андэрса разам з сем'ямі былі дэпартаваныя ў Сібір. Ужо другім разам, цяпер - за ўдзел у антыгітлераўскай кампаніі і набліжэнне перамогі, яны былі не ўзнагароджаныя, а асуджаныя. Толькі праз шэсць гадоў, у 1957 годзе, ветэранам Монтэ-Касіна вярнулі свабоду. Рэабілітавалі ж іх толькі ў красавіку 1971 года. Пасля вызвалення многія выехалі ў Польшчу, дзе ўрад прызнаў за жаўнерамі войска Андэрса статус камбатантаў (удзельнікаў баявых дзеянняў) і ветэранаў і выплачвала ім пенсію. Ветэраны італійскай кампаніі, якія засталіся ў СССР, выжыўшы ў нечалавечых умовах сталінскіх лагераў, так і не былі афіцыйна прызнаныя ўдзельнікамі вайны. Толькі ў 1993 годзе ў Беларусі за імі былі замацаваныя правы ветэранаў, ім сталі выплачваць пенсіі.

Лёсы андэрсаўцаў

Адным з нашых землякоў, які праліваў сваю кроў у бітве пад Монтэ-Касіна, быў Язэп Жамойдзін з в. Узбалаць Валожынскага раёна. Яшчэ за два гады да Другой сусветнай яго прызвалі на тэрміновую службу ў польскае войска. Пасля вераснёўскай кампаніі 1939 года Язэп Жамойдзін на два гады трапіў у савецкі палон. Улетку 1941 года ён быў залічаны ў польскае войска ў СССР. Ужо ў 1942 годзе атрымаў званне капрала, а ягоная частка была пераведзеная пад брытанскае камандаванне. Язэп Жамойдзін браў удзел у баях пад Монтэ-Касіна і на Адрыятычным узбярэжжы. За адвагу ён быў уганараваны шматлікіх узнагарод, у тым ліку Памятнага крыжа Монтэ-Касіна. Дэмабілізаваўся Язэп Жамойдзін у 1947 годзе, а ў 1950 годзе ён, як і многія іншыя ягоныя аднапалчане-андэрсаўцы, быў арыштаваны савецкімі рэпрэсіўнымі органамі і апынуўся на спецпасяленні ў Іркуцкай вобласці. Толькі ў 1958-м ён змог выйсці на волю. Памёр у Маладзечне ў 2003 годзе.

Апошні ж удзельнік бітвы за Монтэ-Касіна Якуб Конан, які жыў у Беларусі, памёр зусім нядаўна, у чэрвені 2012 года. Яму было 99 гадоў.

Нягледзячы на афіцыйнае прызнанне подзвігу беларускіх жаўнераў у бітве пад Монтэ-Касіна, пакуль у Беларусі няма ніводнай памятнай дошкі, помніка ці вуліцы ў гонар нашых суайчыннікаў. Людзі, якія шмат перажылі, пакутавалі, якія аддалі свае жыцці, і ветэраны тых баёў, якія нядаўна пайшлі з жыцця, заслугоўваюць куды большых ушанаванняў і памяці.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках