29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму пра новую «перазагрузку» паміж ЗША і Расеяй не можа быць і гаворкі

2
Чаму пра новую «перазагрузку» паміж ЗША і Расеяй не можа быць і гаворкі
Фота: AP

У стасунках дзвюх краінаў занадта шмат раздражняльнікаў.

Сустрэчы дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым, мяркуючы з тэлевізійнага малюнку, насілі відавочна прыемны абодвум бакам характар. Пампеа і ягоныя суразмоўцы шмат усміхаліся, падкрэслівалі патрэбнасць і шчырасць гутарак, дэманструючы канструктыўны настрой, паведамляе «Голас Амерыкі».

Аднак усё гэта не перашкодзіла кіраўніку дыпламатыі ЗША досыць ясна выказаць у Сочы непрымальнасць для Вашынгтона адразу некалькіх дэталяў у вонкавапалітычных паводзінах Масквы. Сярод іншага, Пампеа заявіў на супольнай прэс-канферэнцыі з Лаўровым, што для падтрымоўванага Расеяй венесуэльскага дыктатара Нікаласа Мадуры прыйшоў час сысці, а ўкраінскія маракі, захопленыя Расеяй восенню летась, павінны быць вызваленыя. Акрамя таго, дзяржсакратар ЗША заклікаў Расею наладзіць кантакты з абраным прэзідэнтам Украіны, каб «спыніць патавую сітуацыю» ў стасунках дзвюх краінаў.

Зрэшты, пасля перамоваў Майк Пампеа напісаў у Твітары: «Сённяшнія сустрэчы сталі пазітыўным крокам наперад. ЗША і Расея раней ужо дэманстравалі, што могуць супрацоўнічаць у ключавых міжнародных пытаннях. Мы заклікаем Расею працаваць з намі, каб на карысць нашых краінаў змяніць траекторыю стасункаў». Беручы пад увагу настрой Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа на сустрэчу ў японскай Осацы на будучым саміце «Вялікай дваццаткі», ці можна чакаць перазагрузкі стасункаў ЗША і Расеі ў найбліжэйшай будучыні, хай нават гэтая перазагрузка не будзе абвешчаная афіцыйна?

Эксперт Інстытута Кенана Уільям Хіл (William Hill), некалі – дыпламат і прафесар Нацыянальнага вайсковага каледжа ЗША, кажа ў інтэрв'ю Расейскай службе «Голасу Амерыкі», што «вынікі паездкі Пампеа трэба разглядаць разам з нядаўняй сустрэчай Пампеа і Лаўрова “на палях” Арктычнай рады і доўгай гутаркай Трампа і Пуціна праз тэлефон, і з гэтай паслядоўнасці кантактаў вынікае, што адміністрацыя ЗША прадпрымае відавочныя намаганні для паляпшэння стасункаў з Расеяй, або, як прэзідэнт Трамп казаў мноства разоў, каб “паладзіць” з Расеяй».

«Расея відавочна да гэтага гатовая, – прадаўжае Уільям Хіл, – але ці будзе гэта рэальна магчымым, і як гэта будзе выглядаць – усё гэта пад пытаннем».

Эксперт Інстытута Кенана адзначае, што ў вонкавапалітычных дзеяннях у прэзідэнта ЗША дастаткова паўнамоцтваў, каб дзейнічаць на сваё асабістае меркаванне, але гэтыя магчымасці не абсалютныя: «Прэзідэнт Трамп часта дзейнічаў, не надта прыслухоўваючыся не толькі да сваіх апанентаў з іншай партыі, але і да сваёй, ды і часцяком ігнаруючы парады супрацоўнікаў уласнай адміністрацыі. Але ў наладжванні мастоў з Расеяй ёсць ліміты: усё ж вельмі аднадушнымі былі галасаванні ў Кангрэсе за законапраекты аб санкцыях у дачыненні да Расеі. У Кангрэсе да кантактаў з Расеяй ставяцца скептычна, і Трампу разам з Пампеа будзе вельмі цяжка пераадолець гэты скептыцызм. Кангрэс усё ж распараджаецца бюджэтам, а таксама можа прыняць законы, што спецыяльна забараняюць пэўныя крокі ў вонкавай палітыцы».

«У нас увогуле былі гісторыі, калі людзі, якія ў адкрытую праігнаравалі падобныя законы, адпраўляліся ў турму: дастаткова ўспомніць скандал “Іран-Контрас” на другім тэрміне прэзідэнта Рэйгана, калі асобныя прадстаўнікі выканаўчай улады, наўпрост парушыўшы закон, прыняты Кангрэсам, пайшлі у суд, а потым апынуліся ў зняволенні», – нагадвае Уільям Хіл.

Дырэктар еўразійскай праграмы ў Атлантычнай радзе Джон Хербст (John Herbst) апавёў «Голасу Амерыкі», што ягонае ўражанне ад вынікаў сустрэчаў Майка Пампеа ў Сочы не наводзіць на думку пра магчымасць новай «перазагрузкі» ў стасунках ЗША і Расеі: «Апісанне сустрэчаў не ўтрымлівае ніякіх звестак пра дасягнуты прагрэс прынамсі ў адным з пунктаў, у якіх бакі разыходзяцца: ні датычна Ірана, ні Венесуэлы, ні Украіны».

«Гутарка Пампеа, Лаўрова і Пуціна перад будучай сустрэчай Трампа і Пуціна на палях “Вялікай дваццаткі” ў Осацы – гэта нармальна, так падобныя сустрэчы і рыхтуюцца. Мы памятаем, што Трамп казаў пра жаданне праводзіць перамовы з Пуціным з моманту свайго ўступлення на пасаду прэзідэнта, і такія сустрэчы ўжо былі – і ў Гамбургу на «Вялікай дваццатцы» ў 2017-м, і асобная сустрэча ў Хельсінкі летась. Аднак вынікам гэтых сустрэчаў была сур'ёзная крытыка Трампа з боку Кангрэсу, і ніякім рэальным прагрэсам або дамоўленасцямі яны не заканчваліся», – кажа Джон Хербст.

Тое, што расследаванне спецпракурора Мюлера пра ўмяшанне Расеі ў выбары прэзідэнта ЗША ў 2016 годзе засталося ззаду, на думку эксперта Атлантычнай рады, мала змяняе сітуацыю: «Заканчэнне расследавання можа накіраваць ход падзей у іншым кірунку, чым гэта было падчас працы Мюлера, але шанцы на гэта даволі малыя: дарадцы Трампа датычна Расеі ў адміністрацыі не памяняліся, Кангрэс таксама не змяніў свайго погляду на дзеянні Масквы».

Дырэктар кампаніі Kissinger Associates Томас Грэм (Thomas Graham), былы спецпамочнік прэзідэнта Джорджа Буша-малодшага і экс-дырэктар датычна Расеі ў Радзе нацыянальнай бяспекі ЗША, у гутарцы з карэспандэнтам адзначае важнасць заяваў Пампеа і Лаўрова пра тое, што іх сустрэчы былі добрымі: «Хоць абодва міністры адзначылі, што нейкага прарыву ў стасунках не здарылася, з абодвух бакоў відаць жаданне палепшыць стасункі і дамагчыся большага ўзаемадзеяння. Рознагалоссі датычна Венесуэлы і Ірана захоўваюцца, але падкрэсленая магчымасць супрацоўніцтва наконт Паўночнай Карэі. У кантактах ЗША і Расеі відаць вельмі прыкметныя перамены ў параўнанні з тым, як ішлі справы ўсяго месяц таму».

«Ніякай “перазагрузкі” паміж ЗША і Расеяй цяпер быць не можа, не трэба фантазіяваць на гэтую тэму. Найлепшае, чаго можна дамагчыся ў стасунках дзвюх краінаў – гэта паляпшэнне іх функцыянавання, павелічэнне кантактаў для абмеркавання спрэчных пытанняў. Рознагалоссі відавочныя, яны публічна падкрэсленыя, тут усё ясна, і трэба заняцца кіраваннем гэтым спаборніцтвам, каб яно не выходзіла з-пад кантролю. Гэта ў корані адрозніваецца ад “перазагрузкі”, ініцыяванай Баракам Абамам, або “пабудовы пазітыўных стасункаў” з Расеяй, дэклараванай прэзідэнтамі Білам Клінтанам і Джорджам Бушам-малодшым», – упэўнены Томас Грэм.

Што павінна быць ясна, на думку экс-памочніка прэзідэнта ЗША – гэта тое, што ў адміністрацыі Трампа няма ніякага намеру дамагчыся ізаляцыі Расеі ў сусветнай супольнасці: «Трамп сустракаўся з Пуціным у Гамбургу і Хельсінкі, ён заўсёды казаў пра неабходнасць кантактаў. Ідэя Барака Абамы – дамагчыся ізаляцыі Расеі пасля анэксіі ёю Крыма – з самага пачатку была невыканальная, таму што такія краіны, як Індыя і Кітай, і не збіраліся спыняць кантакты з Масквой, ні палітычныя, ні эканамічныя. У цяперашняй сусветнай сістэме стасункаў гэтая ідэя не магла быць паспяховай, мы бачым, што прэзідэнт Трамп гэта разумее, і цяпер ён зноў спрабуе ўзаемадзейнічаць з Расеяй».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках