28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларусы такога не даруюць»

61
«Беларусы такога не даруюць»
ФОТА: EURORADIO.FM

Лукашэнка ў Курапатах стрэліў сабе нават не ў нагу, а ў галаву.

4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў. Актывісты паведамляюць, што былі знесеныя і вывезеныя з урочышча блізу 100 крыжоў.

1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, бачнымі з дарогі. Пасля зносу крыжоў у Курапатах прэс-сакратарка дыктатара Наталля Эйсмант прызналася, што крыжы зносілі на ягоны загад.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч заклікаў выйсці ў нядзелю 7 красавіка а 12.00 на плошчу Свабоды каля Менскай Свята-Духавай Катэдры (праваслаўнай).

Сустаршыня Беларусай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец падтрымаў правядзенне малебну у нядзелю каля Менскай Свята-Духавай Катэдры.

Сайт Charter97.org звярнуўся да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўгена Афнагеля з просьбай пракаментаваць сітуацыю.

- Вы былі актыўным удзельнікам першай курапацкай вахты. Як вы ацэньваеце тое, што напярэдадні Вялікадня ўлады пачалі знішчаць крыжы ў Курапатах?

- Ацэньваю, як і кожны нармальны чалавек - як вар'яцтва і дзікунства. Ды што тут казаць - калі нават сярод чыноўнікаў і штатных прапагандыстаў, якія звычайна ўхваляюць усе дзеянні ўладаў, тое, што адбылося ў Курапатах 4 красавіка выклікала шок, то якой можа быць рэакцыя звычайных людзей?

Я ў дзяцінстве ўсе школьныя канікулы праводзіў у вёсцы ў бабулі ў Бярэзінскім раёне. Памятаю, што самай цяжкай, недаравальнай правінай заўсёды ўважалася апаганьванне магіл. Аднавяскоўцамі, якія выпілі лішняга на могілках або зламалі крыж, нават выпадкова, пагарджалі. З імі не віталіся на вуліцах, яны станавіліся ізгоямі. Прычым, нават па сканчэнні дзясяткаў гадоў людзі не забывалі пра такіх «герояў». Уявіце, мая бабуля памятала імёны людзей, якія яшчэ ў часы калектывізацыі ламалі крыжы, усталяваныя ля мясцовай царквы. А іх нашчадкам давялося з'ехаць з вёскі, бо іх ненавідзелі.

Стаўленне з павагай да пахаванняў і магіл - вельмі глыбінная асаблівасць менталітэту беларусаў, якая фармавалася тысячагоддзямі. Сотні тысяч жыхароў краіны, у тым ліку далёкіх ад рэлігіі, шануюць памяць продкаў. Паглядзіце, колькі людзей збіраецца на могілках на Дзяды і Радаўніцу. Мала ў якіх народаў ёсць такая асаблівасць. Нават камуністычныя кіраўнікі БССР пабойваліся змагацца з ёй – у іх, мабыць, пачуццё самазахавання працавала крыху лепей, чым у сённяшніх уладаў.

- Прэс-сакратарка Лукашэнкі заявіла, што крыжы знеслі на ягоны загад. Навошта дыктатару спатрэбілася аддаваць такія распараджэнні? Бо гэта не дадасць яму папулярнасці сярод беларусаў.

- Папулярнасць важная для палітыкаў, якія ўдзельнічаюць у свабодных і сумленных выбарах і хочуць перамагчы на іх, заваяваўшы рэальныя галасы выбаршчыкаў. Лукашэнка да такіх не належыць, яго не хвалюе рэйтынг. Выбараў у Беларусі даўно няма. За час праўлення дыктатар прыняў дастаткова пастаноў, якія паставілі крыж на ягонай папулярнасці. Адным больш, адным менш - для яго гэта ўжо не важна.

Даўно ўжо заўважана, што абсалютная, некантраляваная ўлада вядзе да таго, што яе ўладальнік губляе сувязь з рэальнасцю. Учынкі Лукашэнкі і дагэтуль складана было растлумачыць з пункту гледжання логікі. Ды і не варта спрабаваць рабіць гэта. Дыягназ яму быў пастаўлены 20 гадоў таму, вайна з крыжамі ў Курапатах, хутчэй за ўсё, проста абвастрэнне хваробы.

Абвастрэнне настолькі моцнае, што ён ужо, вобразна кажучы, «стрэліў» не ў нагу, а проста ў галаву. Аддаць загад на знішчэнне крыжоў у Курапатах - самае недарэчнае, што ён мог зрабіць у варунках эканамічнага крызісу і татальнага расчаравання беларусаў у ягонай мадэлі «сацыяльнай дзяржавы». Фактычна Лукашэнка сваімі ж рукамі пачаў вайну супраць самога сябе. У вачах большасці беларусаў ён цяпер той самы ізгой, які руйнуе могілкі, і без усялякіх умоваў павінен сысці. Людзі здольныя многае забыць, але такое беларусы не даруюць ніколі.

- Дзеянні ўладаў у Курапатах асудзіў кіраўнік МЗС Польшчы, гэтая навіна абляцела ўсе сусветныя СМІ. Якімі могуць быць наступствы для рэнамэ дыктатара на міжнародным узроўні?

- Апошнія гады міжнародная супольнасць аддавала перавагу заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. Многія заходнія палітыкі не заўважалі рэпрэсій, арыштаў і палітвязняў, заплюшчвалі вочы на знішчэнне незалежных СМІ і цкаванне журналістаў. Некаторыя нават не грэбавалі сустракацца з дыктатарам.

Кадры, знятыя 4 красавіка ў Курапатах, больш, чым красамоўныя, адмахнуцца ад іх будзе няпроста. Спадзяюся, што апошнія навіны з Беларусі ўсё ж прымусяць тых, хто спрабуе адбяліць Лукашэнку, быць трохі больш разборлівымі. Усё ж, адна справа - ціснуць руку дыктатару, не прывыкаць ужо, а зусім іншая - дзікуну і вандалу.

Арганізатарам Еўрапейскіх гульняў і спартоўцам, якія плануюць прыехаць у Менск неўзабаве, таксама раю задумацца. Вы ўпэўненыя, што вам варта ехаць у краіну, якой кіруе шалёны маньяк?

- Мікалай Статкевіч заклікаў беларусаў выйсці ў нядзелю 7 красавіка а 12.00 на плошчу Свабоды. Чаму сёння важна правесці такую акцыю?

- Многія беларускія палітыкі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі духавенства ўжо назвалі падзеі ў Курапатах паваротным момантам у гісторыі сённяшняй Беларусі. Так ужо было раней: у канцы 80-х менавіта з гэтага месца пачалося адраджэнне краіны. Сёння сімвалізм Курапатаў не менш важны.

Рэжым Лукашэнкі паслядоўна знішчае нашу краіну. Спачатку ён спрабаваў зрабіць гэта хутка - за некалькі гадоў. Тады, у другой палове 90-х гераічная барацьба беларусаў не дазволіла яму дамагчыся пастаўленай мэты і здаць незалежнасць. Пасля гэтага нас паступова сталі пазбаўляць таго, што нам дорага. Фальсіфікуецца гісторыя, руйнуюцца адукацыя і культура, знішчаюцца ці выціскаюцца за мяжу лідары апазіцыі. Цяпер у Курапатах яны пачалі бітву з фундаментальнымі каштоўнасцямі, са знішчэннем якіх народ, як правіла, хутка знікае - з верай, памяццю, традыцыямі. Не зможам абараніць іх, здадзім - страцім Беларусь. Абаронім, як ужо неаднаразова бывала, - зможам вярнуць і астатняе.

Таму я буду 7 красавіка ля Свята-Духавай Катэдры а 12:00. І прашу прыйсці на малебен усіх, хто разумее, наколькі важна для нас усіх тое, што цяпер адбываецца.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках