29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якая люстрацыя без рэстытуцыі?

52
Якая люстрацыя без рэстытуцыі?
ІРЫНА ХАЛІП

Грошай у людзей усё менш, а палацаў чыноўнікаў усё больш.

Часам інфармацыйныя стужкі прыносяць і добрыя навіны. Вось, да прыкладу, днямі чытаю: былы начальнік БТ Рыгор Кісель здае камяніцу у Драздах за шэсць з паловай тысяч даляраў. Яму тэлефануюць журналісты, а ён кажа «не лезьце ў маё асабістае жыццё». Ну хіба гэта навіна не цудоўная?

Чалавек нездарма служыў верай і праўдай дзяржаве: хлусіў, шальмаваў, труціў сваіх жа грамадзян, выдаваў у эфір фільмікі ды перадачкі пра апазіцыю - аж змакрэў ад натугі. Затое цяпер выйшаў на пенсію - і можа, як і кожны беларускі пенсіянер, атрымліваць асалоду ад жыцця. Найлепшая ілюстрацыя да вобраза сацыяльнай дзяржавы. Гэта толькі ворагі народа сцвярджаюць, што пражыць на пенсію немагчыма. Яно, можа, і так, ды толькі хто вам, скнарам-пачварам, перашкаджае камяніцы здаваць дзеля прыбаўкі да пенсіі? Што, не назбіралі на камяніцу? Самі вінаватыя - відаць, дрэнна працавалі. Вунь чыноўнікі на дзяржаўны заробак - зусім не самы высокі - змаглі забяспечыць сабе годнае жыццё нават пасля дзяржаўнай службы. А вам што замінала? Толькі пра сумленне не кажаце - яго на хлеб не намажаш. Гэта ўсё казкі для бедных.

А калі сур'ёзна, гісторыя з Кісялём прымушае задумацца. Мы з вамі часта абмяркоўваем будучую люстрацыю. Зменіцца ўлада - і ўсё каты і злодзеі лукашэнкаўскага рэжыму вылецяць з воўчым білетам са сваіх кабінетаў і больш ніколі і блізка не падыдуць да пульта кіравання дзяржавай. Само сабой, усё гэта будзе прынята на заканадаўчым узроўні свабодна абраным парламентам. Але ў нашай сітуацыі люстрацыя сама па сабе - усяго толькі паліятыў. Вядома, хтосьці наогул пойдзе пад суд і на доўгія гады ў калонію. Але гістарычны досвед паказвае, што такіх у выніку не так шмат - ды хоць Нюрнбэрг успомніце. Астатніх проста выганяюць з органаў кіравання і ў найлепшым выпадку ў якасці пакарання яны атрымліваюць смачны штурхель пад зад.

Затое далей у гэтых астатніх, якія вылічваюцца ўжо нават не сотнямі, пачынаецца салодкае жыццё багатых пенсіянераў. І што ім люстрацыя? Ды за шчасце яны яе прымуць! Таму што працаваць яны ўсё адно не ўмеюць. Там, дзе не трэба раскрадаць бюджэты, збіраць даніну, вымагаць хабары, складаць ліпавыя паперкі, ім рабіць няма чаго. Затое цяпер яны змогуць здаваць свае палацы і жыць прыпяваючы - хоць на Блакітным беразе, хоць на міжземнаморскіх выспах, бо нават спіс візавых санкцый ужо даўно скасаваны добрасардэчнымі еўрапейцамі. Уласна, новая ўлада ўсяго толькі ўзаконіць іх раскошны незаслужаны адпачынак.

І атрымліваецца, што сама па сабе люстрацыя - цьфу, дробязь. Затое калі адначасова з рэстытуцыяй - атрымаецца зусім іншая справа. У краінах Балтыі пасля атрымання незалежнасці ўлады пачалі вяртаць дамы, адабраныя бальшавікамі пад райкамы і гаркамы, законным уладальнікам або іх нашчадкам. Гэта было справядліва.

У нашым выпадку ўсе гэтыя чыноўніцкія палацы - навабуды, нікому раней не належалі. Але будаваліся яны на землях, якія мясцовы ўзурпатар надуммаў абвясціць асабістай уласнасцю і пачаў раздаваць у якасці падарункаў за адданасць. Будаваліся гэтыя палацы на грошы, адабраныя сотняй «параўнальна сумленных спосабаў» у людзей. І, заўважце, далей будуюцца. Грошай у беларусаў усё менш (у маленькіх гарадах і з заробкам на 200 рублёў не вельмі знойдзеш працу), затое чыноўніцкіх, міліцэйскіх, пракурорскiх палацаў вакол Менска ўсё больш і больш. І гэта натуральна: грошы, як і энэргія, існуюць паводле закону захавання і ператварэння. І калі ў народа грошы адбіраюцца - і адкрыта, і таемна, - то ў чыноўнікаў іх і павінна станавіцца ўсё больш і больш. Законы фізікі, не больш.

Вось і атрымліваецца, што законны ўладальнік усяго гэтага безгустоўнага, але дарагога хламу - беларускі народ. Яму і павінна будзе ўсё гэта вярнуць новая законная ўлада. Што рабіць з гэтымі жудаснымі палацамі - пытанне другое. Можа быць, адкрыць у Драздах музейны комплекс і вазіць туды турыстаў? Нешта накшталт музея лукашызму - як музеі камунізму ва Усходняй Еўропе, як перасцярога. Пакінуць там усё, як ёсць, і вадзіць экскурсіі, каб кожны турыст мог убачыць, як жылі чыноўнікі ў беднай краіне, дзе нават з беспрацоўных збіралі грошы: вось вам залаты ўнітаз Ярмошынай, а гэта падышахскае ложа Шэймана, а вунь тую мармуровую альтанку са стразамі адмыслова пабудавалі Якубовіч з Давыдзькам, каб там вечарамі сустракацца, а на гэтым парадным партрэце алеем на кані і ў ордэнах - Мясніковіч, да прыкладу.

А можна і без музеяў і экскурсій, па-простаму - аддаць усе гэтыя пабудовы шматдзетным сем'ям, дзіцячым дамах або дзіцячым садкам. Ці ўвогуле - зраўнаваць з зямлёй і пабудаваць у Драздах добрую лякарню, дзе пасляаперацыйныя пацыенты ўжо не павінны будуць паўзці па калідоры да адзінай на ўсё аддзяленне прыбіральні. Усё адно, зрэшты, - гэта будуць вызначаць людзі, калі вернуць сабе выбарчае права. А важна тое, што люстрацыі без рэстытуцыі ў нашых шыротах быць не можа.

А патэнцыйным арандатарам дома Кісяля я спачуваю: ён жа нават уласныя партрэты адтуль не прыбраў. І вось уявіце: здыме хто-небудзь тую камяніцу, прыйдзе вечарам дадому, а там - Кісель на сцяне. Так і апаплексічны ўдар схапіць нядоўга.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках