28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Астатні абаронца лініі Сталіна

13
Астатні абаронца лініі Сталіна
ЛІНІЯ СТАЛІНА
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Адзін за адным пераграваюцца і лопаюцца, быццам зношаныя балонікі, дыктатарскія рэжымы.

Усю ноч нястомна расшчапляў дыктатар мірны атам. Магутная крыніца невычэрпнай энэргіі ўжо абазначылася выразна паблізу літоўскай мяжы. І з дня на дзень рыхтаваўся рашуча запатрабаваць загрузкі. Ці магла першая асоба застацца ў баку ад такіх вялікіх спраў, калі нават існыя дробязі ў кантраляванай прасторы не развязваюцца без каманды зверху. Такі прынцып – увасобленая ў жыццё бескампрамісна вялікая ідэя «аднаго акна».

А тут яшчэ хлопцы-фізікі зазірнулі раптам на агеньчык. Цяжкасці ў іх паўсталі: ніяк не расшчапляецца атам акаянны! Куды ж яшчэ па дапамогу ім было звярнуцца? Вось і давялося ўсё адсунуць у бок і дапамагчы навуцы непасрэдна. А заадно і энэргетыку прасунуць. Наперад і вышэй.

Калі нясмелы красавіцкі світанак прачнуўся за строга ахоўным акном, нястомны працаўнік акінуў строгім поглядам просты калгасны кошык, да краёў напоўнены толькі што вылушчанымі ядрамі. Змахнуў з каленяў пастылае электроннае шалупінне і пайшоў пераапранацца.

І вось ён ужо ў строгім камуфляжы явіўся сваім паплечнікам на грознай і суровай лініі самога таварыша Сталіна. Просты і даступны. З рыдлёўкай у руцэ. Здавалася, цяпер ён атуліць акоп поўнага профілю і стане тут са сваёй трохлінейкай. Бяда толькі ў тым, што многія зразумець не маглі, з якога боку павінен наляцець люты вораг. А таму вызначылі саджаць дрэвы, каб схаваць ад патэнцыйнага праціўніка лінію непрыступнай абароны.

А зрэшты, усё гэта сварлівыя здагадкі. І сутнасць усяго толькі ў тым, што мірную нашу краіну ў гэты ранак ўзрушыў усенародны суботнік. Перш называўся ён ленінскім. Але потым перацягванне бярвёнаў у кіроўных колах неяк раптам выйшла з моды. Вось тады і завіравала наменклатурная ініцыятыва. І на гэты раз выбар стаўся багатым. Можна было вызначыцца на добраўпарадкаванні дзіцячага санаторыя. Або ў Смалявіцкім раёне ліквідаваць наступствы ўрагану, наляцеўшага на хваёвы лес. Але дыктатар з усіх магчымых варыянтаў абраў лінію Сталіна.

Ні гэты чалавек у камуфляжы, ні ягонае пакорлівае асяроддзе і дня пражыць не могуць без ідэалагічных бурбалак. Калі масоўцы наменклатуршчыкаў так ужо прыспічыла праявіць сябе яшчэ і на ніве чорнарабочых, чаму б не звярнуцца да грамадзян з прапановай простай і для ўсіх зразумелай: Давайце збяромся ў выходны дзень і дапаможам прывесці ў парадак горад, бо раптам прыйшла вясна. Але хіба так можна? Проста, без саўковага энтузіязму, без развесістых журавін, нахабных вылікаў з заробкаў і ўсенароднага ўздыму з нагоды адміністрацыйнага прымусу? Тут патрэбен не проста дом, у якім жывеш, або прылеглы да яго двор. Ім патрэбны масавы парыў, на прыкладзе якога будуць вырастаць потым новыя абаронцы. Калі не гэтай вось лініі Сталіна, якая яшчэ задоўга да вайны ўважалася за ўзор будаўнічай халтуры і савецкай паказухі, то ўжо лініі Драздоў - абавязкова.

Але калі зрабілі менавіта гэты выбар, то чаму б новаспечаным палітрукам перад пачаткам такіх важных для іх работ не прачытаць сваім паплечнікам скупое сведчанне відавочцы тых даўніх падзей. Ён не з гэтага канкрэтнага месца. Але лінія тая ж быццам бы непрыступная, сталінская.

У першыя дні вайны там апынуўся чырвонаармеец, прызваны на службу са студэнцкай лавы. Разумны. Пісьменны. Назіральны. Яму пашанцавала - вярнуўся жывым. Многім ён потым стаў вядомы. Гэта драматург Аляксандр Валодзін. Вось фрагмент ягоных запісаў аб службе пад ахоўным каўпаком такога ж умацаванага раёна.

«Мы сядзелі ў бетонных дотах старой лініі абароны пад Полацкам. Хадзілі чуткі, што Будзённы ўжо ўзяў Варшаву, Варашылаў падступае да Берліна. Вайна вось-вось магла скончыцца без нас. Мы патрабавалі палітрука, мы пыталіся, калі ж нарэшце выступаем? Нямецкія самалёты ціха ляцелі над нашымі галовамі кудысьці ў тыл і там скідалі бомбы. Неўзабаве нас паднялі па трывозе і павялі назад да Полацка. Белы горад стаў чырвона-чорнай развалінай...праз некаторы час нас павярнулі і павялі назад у доты. Гэта было першае атачэнне»

У цяперашніх абаронцаў лініі Сталіна версія зусім іншая. І кнізе яны аддаюць перавагу сваёй - той фантастычнай сазе, якую ім ужо шмат гадоў распавядае дыктатар. І ў гэты дзень, справіўшыся з пасадкай дрэў, якія на агульную задуму павінны схаваць ад ворага стратэгічную лінію абароны, ён зноў паспяшаўся да тэлекамер. І распавёў захопленай публіцы аб месцах, якія асабліва любіць. Многіх тым закрануць паспеў. І пра апазіцыю не забыўся. Словам, вучыў, як трэба жыць.

Гэтая вусная кніга вертыкальнай мудрасці цягнулася б яшчэ вельмі доўга, але ўжо прыкметна прыпякала веснавое сонца. Толькі што пасаджаныя дрэвы жаданай цені не давалі. Да таго ж і незакончаныя дзяржаўныя справы патрабавалі найвышэйшай прысутнасці. Не адыходзіў у зыбкі цень і кошык з крутабокімі ядрамі, які ён уранку паспешліва засунуў пад ложак. Трывожыла чамусьці невытлумачальна і самае звычайнае пытанне: А ці існуе яна наяве?

Тэлекамеры выключылі. Удзельнікі шоў раз'ехаліся. Здаў рыдлёўку і пакаціў да месца сталай дыслакацыі няўрымслівы чалавек у камуфляжы. На лініі Сталіна застаўся толькі яе апошні абаронца - жалезабетонны таварыш Сталін. Таму што нельга пакідаць без нагляду самую важную мяжу. А тут яшчэ часы наступалі амаль безнадзейныя.

Адзін за адным пераграваліся і лопаліся, быццам зношаныя балонікі, дыктатарскія рэжымы. Гэта ўжо не выпадковыя рэцыдывы, а нейкі нястрымны працэс. Калі і далей так пойдзе, хто ж застанецца на самым апошнім для ўсіх рубяжы? І ці не таму так спяшаўся кудысьці ў тыл і гэты чалавек у камуфляжы. Дрэнныя навіны ішлі за ім па следзе.

Ужо на наступны дзень дзесьці на поўдзень адбыліся чарговыя выбары. Мяркуючы з усяго, і там вышэйшая ўлада страціла над імі кантроль. І той, хто так раптам там перамог, быццам бы мімаходзь, нават смеючыся, вымавіў самую страшную фразу: «Постсавецкія краіны, паглядзіце на нас – усё магчымае».

Як гэта – усё?..

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках