Цімашэнка назвала будучага прэзідэнта Украіны
39- 17.04.2019, 19:53
- 101,747
Палітык заявіла, што Украіна ўжо адбылася як незалежная дзяржава, і ніякія выбары прэзідэнта гэтага не змогуць скасаваць.
Лідарка ВА Бацькаўшчына Юлія Цімашэнка, якая заняла трэцяе месца паводле вынікаў галасавання ў першым туры выбараў прэзідэнта Украіны, мяркуе, што новым кіраўніком дзяржавы стане Уладзімір Зяленскі.
Пра гэта Цімашэнка заявіла ў відэазвароце, размешчаным у Facebook, паведамляе nv.ua.
"Нам з вамі трэба вярнуцца з палітычнай вайны, спыніць гэты палітычны перадоз у нашым штодзённым жыцці і больш не задаваць пытання, за каго галасаваць у другім туры. Таму што матэматыка вялікіх лікаў ужо гаворыць, што ў другім туры пераможа Уладзімір Зяленскі. Гэта аб'ектыўная рэальнасць. Трэба ўжо думаць, як з гэтым жыць далей", – заявіла Цімашэнка.
Паводле словаў Цімашэнкі, Украіна ўжо адбылася як незалежная дзяржава, і ніякія выбары прэзідэнта гэтага не змогуць скасаваць.
"Мы ўжо пацвердзілі, што можам супрацьстаяць любым аўтарытарызмам і рэжымам і любым зменам курсу... Будзьце спакойныя", – мяркуе Цімашэнка.
16 красавіка Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі апублікаваў сацапытанне, згодна з якім у другім туры выбараў шоўмэна Уладзіміра Зяленскага гатовыя падтрымаць 72,2% украінцаў сярод тых, хто збіраецца галасаваць, а дзейнага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку – 25,4%.
У сваю чаргу, Парашэнка заявіў, што пра рост свайго рэйтынгу, які дасягнуў 40%.
Намеснік дырэктара КМІС Антон Грушыцкі мяркуе, што заява прэзідэнта заснаваная на выніках тэлефонных апытанняў, згодна з якімі ў Парашэнкі прыкметная тэндэнцыя да росту рэйтынгу.
Другі тур выбараў прэзідэнта Украіны адбудзецца 21 красавіка.
Паводле вынікаў першага тура, украінцы будуць выбіраць паміж дзейным прэзідэнтам Пятром Парашэнкам і шоўмэнам Уладзімірам Зяленскім.
Характэрна, што шоўмэн пазбягае стасункаў з журналістамі. Ягоную пазіцыю паводле шэрагу пытанняў часцей за ўсё агучваюць прадстаўнікі ягонага штаба.