29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Tages Anzeiger: рэжым Назарбаева абрынецца

7
Tages Anzeiger: рэжым Назарбаева абрынецца
НУРСУЛТАН НАЗАРБАЕЎ
ФОТА: ТАСС

Цягам 30 гадоў клан дыктатара не займаецца нічым, акрамя ўласнага ўзбагачэння.

«Мухтар Аблязаў - кроўны вораг па-ранейшаму ўплывовага экс-прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева». У інтэрв'ю швэйцарскаму выданню Tages-Anzeiger, (пераклад - inopressa.ru) прадпрымальнік і экс-міністр, які пражывае ў Францыі, кажа пра «намеры правесці негвалтоўны пераварот у краіне».

Нягледзячы на тое, што пасля сваёй адстаўкі Назарбаеў захаваў у сваіх руках шмат улады, «ягоны сыход з пасады прэзідэнта азначае значнае паслабленне аўтарытарнага рэжыму», мяркуе суразмоўца выдання. «Мы стаім ля пераломнага моманту сучаснай гісторыі Казахстана», - заявіў Аблязаў.

«Насельніцтву надакучыла дыктатура. Цягам 30 гадоў клан Назарбаева не займаецца нічым, акрамя ўласнага ўзбагачэння. Назарбаеў валодае і кантралюе маёмасць арыенціровачным коштам блізу 200 млрд даляраў. Назарбаеў сышоў з пасады кіраўніка дзяржавы, і гэта мае вызначальнае значэнне для насельніцтва. І гэта тое, што цяпер дае людзям надзею на перамены: дэмакратыя і лепшае жыццё магчымыя і ў Казахстане. Набліжаецца момант, калі людзі больш не будуць баяцца гэтага рэжыму», - упэўнены Аблязаў.

«Яны крытыкуюць рэжым, хоць рызыкуюць праз гэта быць арыштаванымі. Яны вальней гавораць на палітычныя тэмы і выходзяць на вуліцы, каб браць удзел у дэманстрацыях. Гэта новая з'ява», - падкрэсліў ён.

«Назарбаеў пакінуў пасля сябе вакуум улады, які ўяўляе небяспеку для ягонага клана. Пануе нявызначанасць. Ягоны часовы пераемнік на пасадзе прэзідэнта Касым Такаеў - ніхто. Чым больш часу праходзіць, тым больш зацятая ўнутраная барацьба за ўладу. Каб пазбегнуць хаосу, запланаваныя на красавік 2020 года прэзідэнцкія выбары давялося перанесці на 9 чэрвеня. Назарбаеў паспрабуе зрабіць кіраўніком дзяржавы сваю дачку Дарыгу. Прызначэнне яе старшынёй сената было першым крокам да гэтага. Яе вельмі не любяць у народзе. Людзі не хочуць сямейнай дынастыі Назарбаевых. Абранне Дарыгі ўмацуе пазіцыі апазіцыянераў», - мяркуе Аблязаў.

У размове аб дзейнасці руху «Дэмакратычны выбар Казахстана», лідарам якога ён з'яўляецца, Аблязаў адзначыў: «Ва ўсіх гарадах і рэгіёнах Казахстана ў нас ёсць хаўруснікі, якія будуць арганізоўваць дэманстрацыі на месцах. На маю ацэнку, дыктатуры больш не хочуць 90% насельніцтва. Але няма неабходнасці ў тым, каб усе гэтыя людзі выходзілі на вуліцы. Дастаткова, калі ў дэманстрацыях удзельнічалі 3-5% насельніцтва».

«У Арменіі, Грузіі, а таксама ва Украіне насельніцтву ўдалося дамагчыся змены рэжыму з дапамогай масавых дэманстрацый. Роўным чынам гэта адбудзецца і ў Казахстане. Рэжым разваліцца як картачны домік. Рэжым Назарбаева можа загінуць яшчэ да канца года», - заявіў суразмоўца выдання.

«Я планую вяртанне ў Казахстан. У патрэбны час я нелегальна ўеду ў краіну. Я рыхтуюся да гэтага вельмі грунтоўна. Рэжым не зможа мяне стрымаць. Задача майго руху - заахвоціць казахаў да таго, каб выйсці на вуліцы», - указаў Аблязаў.

У адказе на пытанне выдання пра тое, што б ён зрабіў, апынуўшыся ва ўладзе, прадпрымальнік сказаў: «Мая прапанова - гэта часовы ўрад пад маім кіраўніцтвам на шэсць месяцаў. Гэты час неабходны для таго, каб заснаваць новыя партыі і правесці свабодныя выбары. Казахстану патрэбны ўрад, абраны дэмакратычным шляхам, а не ўсемагутны прэзідэнт. Я прапаную скасаваць пасаду прэзідэнта, бо гэта сімвал назарбаеўскай дыктатуры. Пасля пераходнага перыяду краінай павінны будуць кіраваць пераможцы парламенцкіх выбараў».

Звяртаючыся да тэмы стасункаў з Расеяй, Аблязаў заявіў: «Расейцы хацелі мяне купіць. Яны дапамаглі б мне прыйсці да ўлады ў Казахстане, калі б я абавязаўся быць верным пуцінскаму рэжыму. Я адмовіўся. У Казахстане павінна ўстанавіцца парламенцкая дэмакратыя паводле заходняга ўзору. Казахстан павінен быць палітычна незалежным ад сваіх буйных суседзяў, няхай гэта будзе Расея ці Кітай».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках