29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што стаіць за «яблычна-нафтавым» канфліктам Беларусі ды Расеі?

41
Што стаіць за «яблычна-нафтавым» канфліктам Беларусі ды Расеі?

Лукашэнка сур'ёзна пралічыўся.

«Рассельгаснагляд» пад беларускімі сертыфікатамі чарговы раз убачыў санкцыйныя прадукты. Цяпер «беларускія» яблыкі ды грушы ў Расеі пад забаронай. Лукашэнка адказаў на санкцыі РФ пагрозай закрыць на рамонт нафтаправод «Дружба», праз які транспартуецца расейская нафта. Сітуацыю ў «яблычна-нафтавым» канфлікце Расеі ды Беларусі сайту Charter97.org пракаментаваў кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка.

- У «Рассельгаснаглядзе» працуюць людзі прафесійныя. Яны ўмеюць зрабіць аналіз прадуктаў харчавання аж да генетычнага ДНК узроўню. Так што фармальныя падставы для забароны ў іх ёсць. У нас ужо такія канфлікты былі. Напрыклад, з мясам. Гэта лёгка зрабіць спецыялістам праз ДНК. Можна знайсці рэчывы, якія наогул не могуць быць «родам з Беларусі».

Што да яблыкаў, то я хачу сказаць, што наша цётка Прося ў краме, калі заходзіць, то бачыць беларускія - зморшчаныя, высахлыя за некалькі месяцаў захоўвання. Яблыкі ж з Польшчы ў вельмі добрым стане. Арганалептычныя паказчыкі цудоўныя. Галоўнае, што яны сакавітыя. Дык вось, на поўдні Польшчы сады ідуць дзясяткамі кіламетраў. Цалкам натуральна, што яны гэтыя яблыкі выдатна прадаюць. У нас жа такога аб'ёму вытворчасці няма. Мы імпартуем нават з Турцыі, з краін з добрым кліматам.

Я б не стаў на месцы беларускіх чыноўнікаў абараняць тыя кампаніі, якія займаюцца рээкспартам. Яны даволі моцна напракудзілі, бо Данкверт (кіраўнік «Рассельгаснагляду» - заўв. Charter97.org) папрасіў ФСБ высветліць, хто стаіць за гэтымі кампаніямі. Натуральна, што гэта будзе высветлена. Я ўпэўнены, з'явіцца інфармацыя. І вельмі нечаканая.

Лукашэнка дапусціў дзве даволі сур'ёзныя памылкі за апошні час: гэта яго прагноз аб выбарах ва Украіне, у якім ён памыліўся абсалютна, і які паказвае, што ён па сабе мераў. Другая - абарона дастаткова праблемных парушальнікаў усёй сістэмы гандлёвых стасункаў. Злавілі за рукі і будуць лавіць яшчэ. Навошта ён гэта робіць я не ведаю. Могуць быць замешаныя асабістыя інтарэсы, інтарэсы набліжаных. Вось такая сітуацыя.

- Як вы ацэньваеце суму шкоды, якая чыніцца гэтым забаронай «Рассельгаснаглядам»?

- Ніякай шкоды для нас з вамі асабіста не будзе, акрамя маральнага сораму, страты твару і гэтак далей. Але нам жа не ўпершыню чырванець за ўладу. Эканамічнай шкоды - ніякай. Калі вы турбуецеся пра рознага кшталту прайдзісветаў, то чаго пра іх турбавацца? Яны нічога не ствараюць, а проста перапрадаюць. Зноў жа, могуць быць закранутыя асабістыя інтарэсы набліжаных да ўлады людзей. Не сакрэт, што на рээкспарце санкцыйных прадуктаў нядрэнна зараблялі.

- Лукашэнка прыстрашыў закрыць нафтаправод «Дружба» на рамонт. Якія страты мецьме Расея ад такой пастановы?

- Абсалютна дурная рэч, бо тады будзе разбірацца не Пуцін з Лукашэнкам, а расейскія спецслужбы з усімі таварышамі ў Беларусі, якія не разумеюць з кім яны маюць справу. Гэта ўсё небяспечныя гульні з запалкамі ў дзяцей дашкольнага ўзросту. Тут Расея свайго не саступіць.

Беларусь праз Расею села на наркатычную іголку. Для сённяшніх уладаў усё, што звязана з нафтай - нічога добрага не абяцае. Але для Беларусі будучыні - чым менш мы будзем атрымліваць даходаў ад нафты, тым мы будзем разумнейшыя, больш прагрэсіўныя і будзем лепш жыць.

- Як можа развівацца канфлікт далей, раскажыце аб магчымым развіцці падзей на ваш погляд?

- Я не прагназіст, але сёй-той можа захварэць, трапіць у лякарню, упасці, катаючыся на лыжах. Можа быць іншае развіццё падзей: Лукашэнка паедзе ў Крэмль, яму прысвояць годнасць Героя Расеі і зробяць намеснікам Пуціна. А пакуль - купляем яблыкі, найбліжэйшым часам на нашых прылаўках іх будзе вельмі-вельмі шмат.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках