17 чэрвеня 2019, панядзелак, 6:49
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Фэйсбуку мы ні Курапаты, ні Беларусь не абаронім

25
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ
ФОТА: РАДЫЁ СВАБОДА

Нам усім варта задумацца.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель пракаментаваў сваё затрыманне напярэдадні набажэнства каля адміністрацыі Лукашэнкі, а таксама заклікаў беларусаў больш актыўна абараняць Курапаты.

- Да мяне падышлі ў цэнтры горада на прыпынку грамадскага транспарту даслоўна за хвілін 10-15 да набажэнства за пазбаўленне Беларусі ад лукавага. Спыталі, ці ёсць дакументы і папрасілі паказаць, што ў мяне ў заплечніку, матывуючы гэта тым, што ў гэтым раёне быў учынены нібыта нейкі крадзеж. Вельмі невыразна гэта было сказана. Пасля надгляду мы проста стаялі. Я спытаў, ці магу ісці ці ж затрыманы? Яны сказалі «не, не магу», і хвілін 30 мы проста стаялі побач з прыпынкам, яны з кімсьці размаўлялі паміж сабой, а потым сказалі, што я вольны.

- Гэта значыць, яны чакалі, калі скончыцца малебен?

- Так, думаю, прычына ў гэтым.

- Вы ўжо бачылі, як прайшла акцыя?

- Сітуацыя на самай справе трывожная. Таму што ў сацсетках мы бачылі тысячы абураных каментароў беларусаў з нагоды знішчэння крыжоў. У абарону Курапатаў выказваліся і актывісты, і іерархі ўсіх хрысціянскіх цэркваў, і вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы. Але пры гэтым абараняць знішчаныя ўладай крыжы чамусьці выходзіць не так шмат людзей.

Нам усім варта задумацца над гэтым і задаць сабе пытанне: што мы будзем рабіць найбліжэйшым часам? Відавочна, што ўлады не проста знішчаюць Курапаты, а знішчаюць традыцыі нашага народа, веру і памяць. Услед за гэтым будзе ісці і знішчэнне незалежнасці краіны. І кожнаму з нас варта задаць сабе пытанне: ці гатовы ён абараняць незалежнасць краіны, ці гатовы ён рызыкаваць, чымсьці ахвяраваць для таго, каб жыць у вольнай і незалежнай Беларусі? Таму што гэта не ўлада знішчае крыжы ў Курапатах, гэта мы даем ўладзе знішчаць крыжы.

- Святлана Алексіевіч сказала, што ў абарону Курапатаў павінны выходзіць не сотні, а сотні тысяч беларусаў. Чаму самі нашы вядомыя дзеячы культуры і навукі не выходзяць абараняць народны мемарыял? Яны ж маглі б стаць натхняльнікамі для многіх людзей, калі б выйшлі самі.

- Вядома, яны змаглі б натхніць беларусаў. Але гэтае пытанне лепш адрасаваць ім. Таксама варта спытаць у многіх нібыта незалежных журналістаў (акрамя «Хартыі-97», «Радыё Рацыя», «Белсату» і «Нового Часа»), чаму яны байкатуюць інфармацыю аб правядзенні набажэнстваў і акцый у абарону Курапатаў? Таксама пытанні варта задаць людзям, якія напісалі сотні гнеўных каментароў, чаму яны не абараняюць мемарыял. У «Фэйсбуку» мы ні Курапаты, ні Беларусь не абаронім. Абараняць краіну трэба не ў віртуальнай прасторы, а ў рэальнай.

Нагадаем, 4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў - месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Было знішчана і вывезена блізу 100 крыжоў.

12 красавіка ўлады знішчылі яшчэ 50 крыжоў у Курапатах.