29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сябар Пуціна страціў уладу

3
Сябар Пуціна страціў уладу

Што дзеецца ў Судане?

У Судане адбыўся ваенны пераварот. Пасля зацяжнога палітычнага і эканамічнага крызісу ў краіне, войска зрынула скандальнага 75-гадовага прэзідэнта Амара Аль-Башыра з пасады кіраўніка дзяржавы. Акрамя рэгіянальных праблем, у велізарнай афрыканскай дзяржаве зацікаўленыя і глабальныя гульцы, перш за ўсё Расея.

Што стаіць за ваенным пераваротам і ці можа выбухнуць маштабная вайна ў Афрыцы, разбіраўся OBOZREVATEL.

У Афрыцы - бунт

Судан - адна з найбуйнейшых краін не толькі афрыканскага кантынента, але ўсяго свету (15-е месца). Аднак, як і многія суседзі па рэгіёне, Судан ужо 30 гадоў знаходзіцца ва ўладзе вайсковага дыктатара Амара Аль-Башыра, яшчэ ў 2008 годзе абвінавачанага ў этнічных чыстках міжнародным судом у Гаазе.

Міжнародная ізаляцыя не замінала Башыру кіраваць краінай, толькі пагаршаючы і без таго даволі праблемную сітуацыю ў рэгіёне. Паводле адкрытых звестак ААН за 2018 год, Судан знаходзіцца на 167 месцы ва ўзроўні чалавечага развіцця. Не сціхаюць і тэрытарыяльныя канфлікты, а таксама лакальныя этнічныя чысткі. Канфлікт вакол непрызнанага Паўднёвага Судана - таму яскравае пацверджанне.

Адпраўным пунктам канфлікту стаў снежань 2018 года. 19 снежня ў некаторых гарадах краіны пачаліся пратэсты. Асноўная прычына - эканамічныя праблемы ў краіне. Інфляцыя дасягнула 70%. Большасці насельніцтва папросту няма чаго есці.

Пратэсты распаўсюдзіліся і на сталіцу Хартум. Са снежня да красавіка 2019 года ў краіне прадаўжаліся дэманстрацыі і сутыкненні з паліцыяй.

СМІ нават паведамлялі, што асобныя раёны кантралююць байцы расейскай ПВК «Вагнер». Былі заўважаныя апранутыя ў камуфляж белыя мужчыны, якія назіраюць за антыўрадавымі пратэстамі ў Хартуме. Уся справа ў тым, што ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, суседняй краіне з Суданам, размешчаныя сотні супрацоўнікаў групы «Вагнер», і летась яны дапамагалі ў навучанні вайскоўцаў.

Як мяркуюць асобныя экспэрты, урад ЦАР прадае правы на здабычу золата і алмазаў за невялікую долю ад іх кошту, каб наймаць інструктараў і купляць зброю ў Масквы.

Развязка пратэстаў наступіла ўжо ў красавіку. Суданскае войска ўзяло пад свой кантроль прэзідэнцкі палац, радыё і тэлевізію. Аль-Башыр падаў у адстаўку і ўзяты пад хатні арышт. У Хартуме прайшло экстраннае пасяджэнне Галоўнага камандавання войска Судана.

На вуліцах сталіцы ўзмацнілі захады бяспекі і размясцілі дадатковыя падраздзяленні войска. Заўважаная перадыслакацыя бронетэхнікі да прэзідэнцкага палаца. Суданскія радыёстанцыі і тэлеканалы спынілі звыклае вяшчанне і транслююць вайсковыя маршы.

Войска Судана ўжо абвясціла аб адхіленні прэзідэнта Амара Аль-Башыра ад улады і прыпыненні Канстытуцыі, а таксама аб роспуску дзейных органаў улады, уключаючы парламент.

Служба Нацыянальнай бяспекі і выведкі Судана паведаміла, што ўсе палітычныя зняволеныя вызваленыя з турмаў. Часовым кіраўніком краіны стаў Авад ібн Аўф, а дэ-факта кіраванне перайшло ў рукі вайскоўцаў.

На змену ўлады адрэагавалі ў Гаазе. Міжнародны крымінальны суд запатрабаваў выдаць ім ужо былога прэзідэнта Амара Аль-Башыра. Пакуль адказу ад іншага боку не было.

Расея губляе пазіцыі - ці магчымая вайна?

Судан — да нядаўняга часу адзін з нешматлікіх хаўруснікаў Расеі ў рэгіёне. Амар Аль-Башыр за прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна паспеў двойчы пабываць у Маскве з афіцыйнымі візітамі.

Нягледзячы на міжнародныя санкцыі, у Крамлі ўсяляк выказвалі падтрымку лідару краіны. Як раней пісала Times, наўзамен Башыр пагадзіўся дапамагчы Пуціну ў рэалізацыі ягоных амбіцый, накіраваных на пашырэнне ўплыву ў Афрыцы. Гаворка ідзе як аб вайсковым узмацненне, так і пошуку новых магчымасцяў для буйных расейскіх нафтавых кампаній. Дарэчы, умацоўваў свае ўзаемастасункі Башыр і з Кітаем.

Менавіта таму ў Маскве засталіся незадаволеныя тым, што адбываецца. Кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі ў міжнародных справах Канстанцін Касачоў ужо параўнаў пераварот у Судане з падзеямі ва Украіне ў 2014 годзе, калі адбылася Рэвалюцыя годнасці. Ён таксама апісаў, якія «каласальныя рызыкі» магчымыя ў Судане, прыраўняўшы ўзброены пераварот да Еўрамайдану.

«Таму што ў гэты момант перастае дзейнічаць парушаная такім чынам Канстытуцыя. З усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі, уключаючы вяршэнства канстытуцыйнага прынцыпу тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Калі насяляюць краіну этнасы, якія не падтрымліваюць пераварот, атрымліваюць законнае права на самавызначэнне. Я цяпер не пра Судан. Я пра Украіну і Крым у 2014 годзе», - заявіў расейскі сенатар.

На думку міжнародніка Іллі Кусы, вертыкаль «аднаго з апошніх старых ільвоў 20 стагоддзя Башыра абрынулася пад націскам часу, сацыяльна-эканамічнага крызісу і барацьбы элітаў за месца ў выратавальных шлюпках карабля, які тоне».

«Сістэма Аль-Башыра проста перастала быць актуальнай для сучаснага грамадска-палітычнага ладу і сусветных тэндэнцый. Эканамічныя санкцыі ЗША падарвалі эканоміку дзяржавы, час спарадзіў карозію, якая прывяла да расколін, самакансервацыя рэжыму гэтыя расколіны паглыбіла, а дэмаграфія, клімат і міграцыя дабілі краіну канчаткова», — мяркуе Куса.

Таксама канфлікт у Судане можна разглядаць і з пункту гледжання глабальнай канкурэнцыі ЗША, Кітая і Расеі. Не сакрэт, што Расея выбудоўвае эканамічныя стасункі з афрыканскімі краінам з мэтай выйсці на новыя месцы здабычы нафты і іншых карысных выкапняў. ЦАР, Судан, Зімбабвэ - таму яскравае пацверджанне.

«Расея тут нямногае страціла, да ўлады прыйшоў намеснік Башыра. Але і не атрымала нічога асаблівага, гэта больш перамога Егіпта, Саудаўскай Арабіі, Эміратаў і ЗША з Ізраілем. Адзін з арганізатараў перавароту, начальнік спецслужбаў Салах Гош мае цесныя і шматгадовыя сувязі з ЦРУ», — растлумачыў OBOZREVATEL Куса.

Кіраўнік «Цэнтра даследавання Афрыкі» Аляксандр Мішын мяркуе, што ў Судане Расея, нягледзячы на падтрымку былога прэзідэнта, пакуль з'яўляецца гульцом другога эшалона. Таму прагназаваць ваенныя сутыкненні пакуль не варта.

«Там больш уплываюць КСА, Катар, Турцыя і ААЭ. Стаўка Масквы ў падтрымку аль-Башыра не спрацавала. Што будуць рабіць цяпер - наладжваць масты. Аўфа расейцы ведаюць вельмі добра» — упэўнены Мішын.

Ацэньваючы сітуацыю ў краіне, важна разумець, што за апошнія гады дзейны прэзідэнт стаў «таксічным». З ім рэдка сустракаліся лідары рэгіёнаў. Сусветныя кіраўнікі дзяржаў папросту ігнаравалі, праз крымінальныя справы Гаагі, а таксама наўпроставых абвінавачваннях у масавых забойствах. Тым больш, сам Башыр прыйшоў да ўлады ў 1989 годзе ў выніку ваеннага перавароту.

Усё залежыць ад рэальных страт расейскага рэжыму з прычыны страты ўлады ў Хартуме. Не выключана, што паводле аналогіі з Венесуэлай, Масква не пойдзе на адкрыты ўзброены канфлікт, а папросту пастараецца з дапамогай ПВК «Вагнер» абараніць свае радовішчы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках