Святар Леанід Акаловіч: Гэта сапраўдны вандалізм і святатацтва
15- 15.04.2019, 13:10
- 30,321
Чым ім крыжы заміналі?
4 красавіка ўлады знішчылі блізу 100 крыжоў, якія былі ўсталяваныя па перыметры народнага мемарыялу ў Курапатах, а ў суботу, 13 красавіка, яшчэ 50.
Дзеянні ўладаў сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леаніда Акаловіча:
– Я ад Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы зрабіў заяву яшчэ 4 красавіка. У ёй я назваў дзеянні ўладаў смяротным грахом. Калі ж у суботу здарыўся другі вандалізм у Курапатах, то я адправіў нашаму Уладыку заявы ў Канаду.
Я і айцец Вікенцій, нашы вернікі ўдзельнічалі ў малітвах, хадзілі маліцца ў Курапаты і абаранялі ўрочышча.
Сёння збіраемся ісці на новы малебен а 18-й каля адміністрацыі Лукашэнкі (вул. Карла Маркса, 38 – заўв. Charter97.org).
Мы падтрымліваем пратэсты, якія выказалі ўсе іншыя канфесіі, абураныя дзеяннямі ў Курапатах паводле ўказкі кіраўніка. Ад гэтага "праваслаўнага атэіста" ўсё і пайшло. Тое, што адбылося – самы сапраўдны вандалізм, святатацтва, здзек з знакаў хрысціянства. І гэта ўсё адбываецца напярэдадні Вялікадня. Можна сказаць, што адміністрацыя на чале з Лукашэнкам і выканаўцамі сапсавала ўсім хрысціянам Вялікдзень.
Ён зганьбіў фактычна ўсіх вернікаў. На ім вялікі грэх, як і на выканаўцах ягоных загадаў.
Я збіраюся пратэставаць і, верагодна, мы арганізуем крыжовы ход. Плануем абысці ўвесь народны мемарыял у Курапатах.
Усе абураныя дзеяннямі ўладаў. Напрыклад, амбасада Польшчы заявіла сваё абурэнне. Гэта значыць, пратэст прыняў ужо міжнародны характар. Мемарыял у Курапатах увогуле мае міжнароднае значэнне. Там пахаваныя і расстраляныя не толькі беларусы, але і расейцы, палякі, габрэі. Нявінныя ахвяры сталінскага рэжыму.
Я нават не ўяўляю, да чаго гэта прывядзе. Да якога скандалу. Дзіўна, што ўлады не адступаюць ад свайго. Ужо колькі разоў кіраўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч выказваўся наконт Курапатаў, але рэакцыі няма. Што за сатанізм засеў у галовах у дзяржаўных чыноўнікаў? Гэта вялікі смяротны грэх, і яны хочуць, напэўна, сваёй заўчаснай смерці.
– Вы сказалі, што сёння будзеце ўдзельнічаць у набажэнстве. Чаму, на Ваш погляд, гэта важна?
– Хрыстос на крыжы ўзяў за нас усе грахі. Памёр за нас, а ў Курапатах гэты сімвал хрысціянства руйнуюць.
Як можна быць такімі двудушнымі? Хадзіць у царкву, ставіць свечкі і ў гэты самы час знішчаць крыжы.
Не там вы «наводзіце парадак». Чым крыжы вам перашкодзілі? Я не разумею, што адбываецца з гэтай уладай...
Хачу звярнуцца да беларусаў і сказаць, што нам трэба маліцца. Бог пачуе і нарэшце дасць розум гэтым антыхрыстам. Яны павінны зразумець, што пайшлі супраць усяго святога для хрысціянаў.
Трэба маліцца, каб Гасподзь іх навярнуў. Парушэнне крыжоў – гэта парушэнне лёсаў людзей. Гэта нейкая антычалавечая палітыка. «Гарант стабільнасці» ператварыўся ў разбуральніка.
Кожны чалавек можа саграшыць, але тады трэба пакаяцца, пайсці ў царкву.
Відавочна, што менскі лясгас павінен вярнуць крыжы ў Курапаты.
Нагадаем, партыя «Народная Грамада», якая ўваходзіць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс, заклікала да новага малебну «Вызвалі нас ад лукавага» 15 красавіка а 18.00 каля адміністрацыі Лукашэнкі (Менск, вуліца Карла Маркса, 38).
4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў.
Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.
1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.
На заклік аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча ў цэнтры Менску адбыўся малебен, у якім узялі ўдзел блізу 1000 чалавек.
Заклік падтрымаў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
12 красавіка ўлады зноў знішчылі 50 крыжоў па перыметры Курапатаў.