18 лiпеня 2019, Чацвер, 23:34
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Майк Пампеа: Народ даў паўнамоцтвы Хуану Гуайдо для працвітання ў Венесуэле

МАЙК ПАМПЕА
ФОТА: REUTERS

Дзяржсакратар ЗША здзяйсняе турнэ па Паўднёвай Амерыцы.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа здзяйсняе турнэ па Паўднёвай Амерыцы. Ён ужо зрабіў некалькі прыпынкаў з мэтай заручыцца падтрымкай пазіцыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў дачыненні да Нікаласа Мадуры і ягонага рэжыму, паведамляе «Голас Амерыкі».

У суботу ў Перу Пампеа сустрэўся з прэзідэнтам Марцінам Віскарам і міністрам замежных справаў Нестарам Папалісіа. Пампеа даў высокую ацэнку «жыхарам Перу», якія «велікадушна прынялі амаль тры чвэрці мільёна бежанцаў з Венесуэлы».

Раней у Асунсьёне Пампеа сустрэўся з прэзідэнтам Парагвая Марыа Абдо Бенітэсам. Асноўнымі тэмамі іхняй дыскусіі сталі сітуацыя ў Венесуэле, правы чалавека, міжнародная злачыннасць і ўмацаванне дэмакратыі ў рэгіёне.

Падчас візіту ў Парагвай кіраўнік амерыканскай дыпламатыі даў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі», прысвечанае падыходу ЗША ў дачыненні да Венесуэлы, якая сутыкнулася з крызісам кіраўніцтва.

Пампеа назваў «прафанацыяй» выбары, на якіх, паводле заяваў Мадуры, ён перамог. Дзяржсакратар адзначыў, што ўжо 54 краіны прызналі апазіцыйнага лідара Хуана Гуайдо прэзідэнтам Венесуэлы.

Пампеа сказаў, што, нягледзячы на ўсе спробы Нікаласа Мадуры ўтрымацца ва ўладзе, жыхары Венесуэлы ўжо выказалі сваё меркаванне, якое трэба браць пад увагу.

«Мадура і ягоныя паплечнікі знішчылі гэтую краіну... Таму венесуэльцы не жадаюць бачыць яго зноў (ва ўладзе). Яны далі паўнамоцтвы Нацыянальнай асамблеі... і Хуану Гуайдо для ўстанаўлення сапраўднай дэмакратыі і росквіту ў Венесуэле. Гэта гістарычна вельмі багатая краіна, у якой жыве народ, гатовы шмат і ўпарта працаваць... Ім патрэбны лідар, які зможа змагацца з карупцыяй, які не будзе перадаваць уладу кубінцам або патрабаваць расейскага ўварвання», – падкрэсліў Пампеа.

Адказваючы на пытанне пра новую стратэгію, якой прытрымліваюцца Злучаныя Штаты пры развязанні венесуэльскага крызісу, Майк Пампеа адзначыў, што гаворка ідзе не толькі пра амерыканскую стратэгію, але і пра «стратэгію народа Венесуэлы». Гэтую стратэгію, кажа дзяржсакратар, падзяляюць усе апазіцыйныя групы ўнутры краіны: венесуэльцы адмовілі ў легітымнасці рэжыму Мадуры і далі паўнамоцтвы парламенту для вываду краіны з крызісу.

«Часам людзі думаюць, што Мадура перамагае, але на самай справе ён перадаў усе свае паўнамоцтвы кубінцам і расейцам. Гэта слабасць Мадуры, якая ўрэшце прывядзе да ягонага сыходу, перазапуску дэмакратыі і эканамічнага ўздыму ў Венесуэле», – сказаў дзяржсакратар.

Каментуючы пытанне пра тое, як венесуэльскі крызіс паўплываў на і без таго напружаныя стасункі паміж Вашынгтонам і Масквой, Майк Пампеа адзначыў беспадстаўнасць сцвярджэнняў Крамля пра «недапушчальнасць амерыканскага ўварвання» ў Венесуэлу.

«Расейцы кажуць, што амерыканцы не павінны ўрывацца ў Венесуэлу... Гэта смешна слухаць, таму што яны самі ўжо ўварваліся (у краіну) самым грунтоўным чынам. Кубінцы распараджаюцца апаратам службаў бяспекі. Думаю, калі б вы былі ваенным кіраўніком Венесуэлы, вам было б няёмка ад гэтага... Венесуэльцы хочуць мець свае ўласныя сілы бяспекі. Яны хочуць мець уласную дэмакратыю. Яны хочуць, каб краінай кіравалі жыхары Венесуэлы, а не людзі з нейкай маленькай выспы або з Расеі. Яны хочуць, каб краінай кіравалі венесуэльцы... Злучаныя Штаты гатовыя падтрымаць гэтае патрабаванне», – заявіў Майк Пампеа.

Кіраўнік Дзярждэпартамента падкрэсліў, што пазіцыя ЗША датычна камандавання арміі Венесуэлы застаецца нязменнай:

«Мы ясна і публічна далі зразумець, што яны (вайскоўцы) не павінны падтрымліваць Мадуру, што рэжыму больш няма... Тыя, хто прадоўжыць падтрымліваць Мадуру, сутыкнуцца з наступствамі... Ваенныя лідары, якія прымуць пастанову абараняць народ Венесуэлы, не памыляцца».

Майк Пампеа дадаў, што гэта будзе прынята да ўвагі пасля пераходу ўлады ў рукі дэмакратычнага ўрада. Паводле ягоных словаў, вайсковыя камандзіры, якія чынілі гвалт і наносілі шкоду венесуэльцам, панясуць адказнасць за свае дзеянні.