20 красавiка 2024, Субота, 8:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Авакаў: Кандыдаты ў прэзідэнты Украіны – проста людзі

16
Авакаў: Кандыдаты ў прэзідэнты Украіны – проста людзі
АРСЕН АВАКОЎ
ФОТА: REUTERS

Кіраўнік МУС Украіны заклікаў удзельнікаў перадвыбарчай кампаніі спыніць дэманізацыю апанентаў.

Міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакоў звярнуўся на сваёй старонцы ў Facebook да ўдзельнікаў перадвыбарнай кампаніі на выбарах прэзідэнта Украіны, заклікаўшы іх не распальваць нянавісць да апанентаў, паведамляе gordonua.com.

"Агрэсіўнасць грамадска-палітычнага супрацьстаяння ў краіне дасягнула зусім недапушчальнага ўзроўню. Усе настолькі захапіліся баталіямі, што, падобна, ужо забыліся, дзеля чаго ўведзены сам механізм выбарчага спаборніцтва. А ўсё ж проста: выбары – гэта грамадская дамова пра рэгулярную карэктную дэмакратычную працэдуру, якая забяспечвае вызначэнне дамінантнага пункту гледжання большасці", – адзначыў ён.

Кіраўнік МУС паскардзіўся, што ў інфармацыйнай сферы ўкраінскае грамадства падзялілася на два непрымірэнчыя лагеры.

"Прапагандысты ў патэтыцы сваёй агітацыйнай рыторыкі заяўляюць, што калі не пераможа іхні пункт гледжання, то Украіна загіне. У спробе атрымаць галасы ў сваю падтрымку – ірвуць сваімі заклікамі краіну на часткі, не задумваючыся пра наступствы, атручваючы гневам вялікія групы ўкраінскага грамадства. Убок сыходзіць мудрасць, прыстойнасць і дабрыня – на парадак дня выходзіць нянавісць!" – падкрэсліў Авакоў.

На думку кіраўніка МУС, ніякі кіраўнічы фатэль у краіне не варты таго, каб "размяняць яго на атмасферу ўзаемнай нянавісці", якая адкідвае грамадства назад.

«Палітычная канкурэнцыя выйшла за мяжу здаровага сэнсу, пытанне пра выбары чарговага – я падкрэсліваю – чарговага прэзідэнта падмяняецца барацьбой "абсалютнага зла" з "абсалютным дабром". Гэта вельмі дрэнная, небяспечная і разбуральная падмена паняткаў. Дэманізацыя спаборніка, барацьба на прыніжэнне, знішчэнне і цяперашні ўзровень палярызацыі грамадства зусім недапушчальныя! Час вельмі ясна адчуць гэтую небяспечную рысу і спыніцца!» – папярэдзіў ён.

Авакоў заклікаў грамадства супакоіцца і "падумаць пра галоўнае".

"Час зжываць у сабе свядомасць падданых валадара, для якіх ягоная смерць або змена – гэта крах дзяржавы. Хачу нагадаць, што прэзідэнт – гэта не Бог-бацька, не цар, не Генеральны сакратар ЦК КПСС і не галава сямейства. Прэзідэнт – топ-мэнэджар, наняты грамадствам для выканання пэўнай працы ў рамках сваіх функцыянальных абавязкаў. І вельмі шмат што з таго, што кандыдаты ў запале выбарчай гарачкі абяцаюць выбарнікам, знаходзіцца па-за іхнімі паўнамоцтвамі!" – нагадаў кіраўнік МУС.

Ён дадаў, што выбары прэзідэнта з'яўляюцца важнай і знакавай падзеяй, аднак параза аднаго з кандыдатаў не азначае знішчэння Украіны.

"Пасля выбараў прэзідэнт стане не валадаром лёсаў, як многім здаецца сёння, а ўсяго толькі адным з элементаў – хоць і вельмі важным – дзяржаўнай сістэмы, нароўні з парламентам, урадам і ўсімі іншымі дзяржаўнымі інстытутамі, кожны з якіх мае свае паўнамоцтвы і сваю сферу адказнасці. І ўсе гэтыя інстытуты будуць прадаўжаць сваю працу: нікуды не дзенецца армія, якая прадоўжыць абараняць цэласнасць краіны; застанецца МУС, што забяспечыць парадак і бяспеку; застанецца ўрад, які адказвае за эканоміку, бюджэт, сацыяльныя пытанні; застанецца парламент, што фармуе заканадаўчую базу Украіны", – адзначыў Авакоў.

Кіраўнік МУС падкрэсліў, што ні адзін прэзідэнт або палітык ва Украіне не мае дастатковай сілы, каб пахіснуць асновы краіны.

"Чырвоныя лініі – гэта, перш за ўсё, тэрытарыяльная цэласнасць Украіны, пытанні вяртання акупаваных тэрыторый Данбаса і анэксаванага Крыма – наступная іхняя рэінтэграцыя; гэта арыентацыя на еўрапейскую і еўраатлантычную інтэграцыю; гэта эканамічная незалежнасць ад РФ і недапушчальнасць любых саступак агрэсару; гэта – павага грамадзянскіх свабодаў, бяспека і неабходнасць годнага матэрыяльнага ўзроўню жыцця грамадзянаў Украіны. З вялікага рахунку – усё!" – пералічыў ён.

Авакоў дадаў, што гэтыя каштоўнасці аб'ядноўваюць пераважную большасць украінцаў і з'яўляюцца вельмі магутным чыннікам унутранага балансу ў краіне.

"І не трэба раз'юшанага клікушніцтва – у нас дастаткова ўнутранай сілы да паступальнага збалансаванага стварэння. Трэба проста не забывацца пра гэта, калі нас спрабуюць затармазіць, завабліваючы ў чарговую спіраль нянавісці. Ні адзін з кандыдатаў не Бог і не дэман... Кандыдаты проста людзі, якія маюць патрэбу ў мудрай парадзе і падтрымцы свайго народа", – падсумаваў ён.

31 сакавіка адбыўся першы тур выбараў прэзідэнта Украіны. Паводле афіцыйных звестак ЦВК, за шоўмэна Уладзіміра Зяленскага прагаласавалі 30,24%, за дзейнага кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнкі – 15,95% выбарнікаў. Другі тур выбараў пройдзе 21 красавіка.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках