28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бліцкрыг, які захлынуўся: сябар Пуціна нясе страты ў Лібіі

Бліцкрыг, які захлынуўся: сябар Пуціна нясе страты ў Лібіі

200 байцоў мяцежнага фельдмаршала Халіфы Хафтара патрапілі ў палон пад Трыпалі.

Сілы Лібійскага нацыянальнага войска (ЛНВ) мяцежнага фельдмаршала Халіфы Хафтара сутыкнуліся з жорсткім супрацівам з боку Урада нацыянальнай згоды (УНЗ) на чале з прэм'ер-міністрам Фаізам Сараджам, які карыстаецца падтрымкай ААН і заходніх краін.

Урадавае войска здолела ўтрымліваць праціўнікаў на подступах да сталіцы краіны Трыпалі, ведучы абарончыя баі ў закінутым міжнародным аэрапорце, які знаходзіцца ў 11 кіламетрах ад цэнтра горада з насельніцтвам 1,2 мільёна чалавек. Пра гэта паведамляе Reuters, піша newsader.com.

Паводле звестак агенцтва, сілам Сараджа ўдалося спыніць наступ і, паводле звестак урадавых войскаў, захапіць у палон блізу 200 байцоў з войска Хафтара.

Як адзначаецца, у пятніцу знішчальнік ЛНВ нанёс чарговы ўдар па пазіцыях адданых Сараджу сіл у населеным пункце Зувары на захад ад сталіцы. У гэтым месцы размяшчаецца нафтагазавае прадпрыемства Mellitah, якім кіруе італійскі ENI супольна з дзяржаўнай нафтавай кампаніяй NOC. Завод забяспечвае Італію газам, які ідзе па трубаправодзе Greenstream.

Кіраўнік NOC Мустафа Санала выказаў занепакоенасць тым, што маштабны канфлікт можа негатыўна паўплываць на нафтавы сектар. Сітуацыя пагаршаецца тым, што войска Хафтара - былога генерала з войска Муамара Кадафі - захапіла багатую нафтай пустыню на поўдні краіны. Гэта адбылося ў пачатку года - незадоўга да цяперашняга наступу на Трыпалі, які адбываецца з мінулай пятніцы.

Гэта ўжо не першы выпадак выкарыстання авіяцыі падчас цяперашняга канфлікту. За мінулы тыдзень паветраныя ўдары наносілі абодва бакі.

Паводле звестак ААН, за тыдзень баёў загінулі 75 чалавек. Большая частка з іх - прадстаўнікі ваюючых бакоў. Больш за 300 атрымалі раненні. Блізу 9,5 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

Акрамя гуманітарнай катастрофы, канфлікт пагражае парушыць пастаўкі нафты, узмацніць міграцыйныя плыні праз Міжземнае мора ў Еўропу, сарваць мірны план ААН што да Лівіі і дазволіць ісламісцкім баевікам выкарыстоўваць хаос, адзначае Reuters.

Сам Хафтар называе сябе апорай супраць ісламскіх экстрэмістаў, аднак ягоныя апаненты бачаць у ім патэнцыйнага новага дыктатара, падобнага Кадафі.

Хафтар, Прыгожын, нафта

Халіфа Хафтар у апошнія гады неаднаразова наведваў Маскву і праводзіў перамовы з міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу. Апошні ягоны візіт адбыўся ў лістападзе 2018 года. Тады на сустрэчы Хафтара з кіраўніком Міністэрства абароны Расеі прысутнічаў бізнэсовец Яўген Прыгожын.

У пачатку сакавіка газета The Telegraph паведамляла пра тое, што блізу 300 расейскіх наймітаў «ПВК Вагнера» надаюць падтрымку камандуючаму Лібійскага нацыянальнага войска Халіфе Хафтару. Паводле звестак выдання, расейцы пераследуюць наступныя задачы: па-першае, засцерагчы парты Тобрук і Дзерна для расейскага флоту; па-другое, утрымліваць пад кантролем плыні нафты ў паўднёвую Еўропу пасля таго, як энэргетычная галіна Лібіі патрапіць пад уладу Хафтара, чыё войска са студзеня вядзе захоп нафтавых радовішчаў.

Падзеленая Лібія

Грамадзянская вайна ў Лібіі пачалася ў лютым 2011 года. Спробы кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі здушыць мяцеж на ўсходзе краіны прывялі да ўвядзення санкцый супраць ягонага рэжыму і пачатку ваеннай аперацыі, у якой узялі ўдзел сілы NATO. У кастрычніку 2011 года Кадафі забілі ў горадзе Сірце.

Пасля звяржэння рэжыму Кадафі ў Лівіі пачалася вайна паміж разнастайнымі сіламі паўстанцаў, якія калісьці выступалі адзіным фронтам. Сталіца Трыпалі і захад краіны знаходзіцца пад кантролем Урада нацыянальнага адзінства, створанага ў канцы 2015 года пад эгідай ААН.

Усход Лібіі і збольшага поўдзень падкантрольны палаце прадстаўнікоў Лібіі, якую таксама называюць урадам у Тобруку. Лібійскае нацыянальнае войска, якое ўзначальвае фельдмаршал Халіфа Хафтар, падтрымлівае гэтую палітычную сілу.

Выбары прэзідэнта краіны павінны былі адбыцца ў Лібіі яшчэ ў 2013 годзе, аднак з тых часоў электаральнае мерапрыемства неаднаразова пераносілася. Чарговым разам выбары былі перанесеныя на вясну 2019 года. Іх тэрмін падыходзіў да моманту існага наступу Хафтара. Мяцежны генерал ўдзельнічаў у дамоўленасцях аб пераносе выбараў разам з цяпер дзейным прэм'ерам Фаізам Сараджам, легітымнасць якога прызнаецца на ўзроўні ААН. На 14-16 красавіка запланаваная канферэнцыя ААН у пошуку палітычнага выхаду з лібійскага крызісу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках