20 красавiка 2024, Субота, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнку пара падумаць пра тое, як бясслаўна скончыў блюзнер Сталін»

24
«Лукашэнку пара падумаць пра тое, як бясслаўна скончыў блюзнер Сталін»
ФОТА: «ЕЎРАРАДЫЁ»

Курапаты - духоўны Рубікон для ўсяго беларускага народа.

Рэжысёрка і актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Вольга Нікалайчык, якую ўлады судзілі за заклік на малебен, распавяла сайту Charter97.org пра абставіны свайго затрымання, пракаментавала вандалізм уладаў у Курапатах і распавяла, пра што варта задумацца галоўнаму ініцыятару "крыжалома" ў святым для беларусаў месцы:

- У мяне ёсць такая традыцыя: я стараюся кожны год высаджваць кветкі ў Курапатах. У дзень, калі там была абвешчаная агульнанацыянальная малітва, я таксама ўзяла іх з сабой.

Я пасадзіла цюльпаны і засталася на малітву. Калі я ішла дадому, то ўбачыла, што з горкі ў мой бок ляціць серабрысты мікрааўтобус. Проста не ўяўляю, як яны пераскочылі праз бардзюр, бо там вельмі крутая горка.

Мікрааўтобус спыняецца на поўнай хуткасці і мяне затрымліваюць. У гэты момант я размаўляла праз тэлефон з Максімам Вінярскім. Усё, што я паспела сказаць: "Макс, мяне забіраюць". Мне выкруцілі рукі, забралі тэлефон і павезлі.

Затым мяне перасадзілі ў іншы мікрааўтобус і на ногі надумалі надзець кайданкі з ланцугамі. Міліцыянт-садыст смяецца мне ў твар, паказвае кайданкі і кажа: "глядзі, што ў мяне ёсць для цябе". Мяне гэта вельмі раззлавала і я яму адказала, што я вам не малпа, каб мяне на ланцуг саджаць.

У Першамайскім РАУС на мяне пачалі складаць пратакол. У дакуменце выразна і ясна было напісана, што мяне затрымалі "за прызыў у "Фэйсбуку" на малітву". Я проста не стрымалася і сказала, што вы дзікуны і слугі сатаны.

Спрабавала заклікаць да іх сумлення і душы: "Падумайце пра сваіх дзяцей, што ж вы робіце. Я вам не пагражаю, але Бог ёсць. Мне проста шкада вашых дзяцей". Рэакцыі ніякай не было.

Пасля гэтага мяне адвезлі на Акрэсціна і размеркавалі ў бітком загачаную людзьмі камеру, дзе проста не было чым дыхаць. Мяне адправілі на верхнюю "шконку". А гэта ЦІП а не ІЧУ: калі ў ІЧУ можна залезці на тумбачку і забрацца на "шконку" , то ў ЦІП такой магчымасці проста няма. Узбіраючыся на гэтую "шконку" пашкодзіў нагу Леанід Кулакоў, я год таму траўмавала спіну.

Я проста сказала, што туды не палезу і абвяшчаю на знак пратэсту галадоўку. Усю ноч мне давялося сядзець на лаўцы. Толькі пасля майго пратэсту мяне адправілі на ніжнюю "шконку". Галадоўку я не спыніла, бо мяне пасадзілі за малітву, гэта прынцыповая для мяне рэч.

Трапілася адна “адмарожаная вертухайка" , якая накінулася з мацюкамі. Уявіце, ёй усяго толькі 25 гадоў. Яе ўсе так і называлі "фашыстка". Толькі пасля таго, як я ёй дала адпор - яна змоўкла. Яна сапраўды нагадвала сваімі дзеяннямі нейкую НКВДшніцу.

Затым мяне перавялі ў адзіночную камеру. Ніякіх канфліктаў больш не было. Я проста адмаўлялася ад ежы, хоць яны ўсімі сіламі ўгаворвалі мяне паесці. Мабыць, спалохаліся.

Раніцай 8 красавіка мяне на машыне вывезлі ў РАУС. Машына называлася "рамонт сэрвіс". І за стырном сядзеў чалавек у форме работніка. Уявіце сабе, яны ўжо прымушаюць удзельнічаць у сваіх злачынствах зусім старонніх людзей.

Далей - больш. На суд мяне павезлі на мікрааўтобусе, побач ехаў аўтамабіль суправаджэння. Мяне ахоўвалі 10 міліцыянтаў. З машыны яны выйшлі першымі і пачалі шукаць "нашых людзей", бо актывісты заклікалі падтрымаць тых, каго будуць судзіць за малебен. Толькі пасля таго, як міліцыя праверыла залу, паступіла каманда "выпускайце, усё чыста".

Высветлілася, што маіх таварышаў падманулі і паведамілі, што я знаходжуся ў РАУС Менскага раёна. Мяне там чакалі, людзі хацелі падтрымаць. Мае сваякі і блізкія перажывалі, нават мая старэнькая мама не ведала, дзе я знаходжуся.

Такое стаўленне мяне абурыла. Я не нейкая рэцыдывістка, не камсамолка, не спартоўка, не бодзібілдарка, каб мяне ахоўвалі дзесяць велізарных міліцыянтаў, а маё месцазнаходжанне павінна быць таямніцай.

Суддзя Юрый Гарабатоўскі мяне пытаецца: "Вы заклікалі людзей да малітвы?»

Я яму адказваю, што гэта не заклік, гэта інфармаванне і спытала яго: "Чым адрозніваецца заклік ад інфармавання? "Ён адказаў пытаннем на пытанне: "Хто вам дазволіў запрашаць на малітву?" Пачуўшы гэтыя словы я ледзь не страціла прытомнасць ад абурэння і чатырохдзённай галадоўкі.

Я яму адказала, што калі вы не разумееце, што гэта права чалавеку дае Бог, то ў мяне да вас больш няма пытанняў. Рабіце, што хочаце, мне ўсё з вамі ясна. Я вельмі рада, што нашая "доблесная" міліцыя за столькі гадоў навучыліся рабіць скрыншоты на кампутарах.

Я была ўпэўненая, што мне дадуць арышт і вельмі перажывала, што ў мяне няма пітной вады. Бо ў камерах вада з-пад крана не заўсёды добрая, часта з хлоркай ці гарачая. Але атрымала штраф $417.

- Як вы пракаментуеце тое, што вас аштрафавалі за допіс у «Фэйсбуку», у якім вы інфармуеце людзей пра набажэнства? У нашай краіне ўжо нельга маліцца?

- Калі рэжым баіцца інфармацыі аб малітве ў "Фэйсбуку" - гэта азначае, што яны абсалютна не кантралююць сітуацыю. Калі яны думаюць, што штрафуючы за допісы ў сацыяльных сетках яны нас запалохаюць - то гэта вялікая памылка, якая паказвае, што ўлады нават на сваім абмежаваным узроўні не развіваюцца. Апеляваць да забароны допісаў у сацсетках - апошняя справа, калі ты не ведаеш, за што хапацца.

Калі школьнік піша верш пра бел-чырвона-белы сцяг і публікуе яго ў інтэрнэце, а на яго спускаюць усю рэпрэсіўную машыну - то “не ўсё так добра ў Дацкім каралеўстве”. У высокіх кабінетах даўно пануе страх.

- Чаму ўлады наважыліся на такі вандалізм у Курапатах?

- У мяне такое адчуванне, што яны хочуць знішчыць усе крыжы, паставіць ва ўрочышчы плот, пакінуць адну гэтую "НКВДшную" вышку, якая ў іх завецца “помнікам” і ўсё. А затым казаць усім, што "мы тут усё добраўпарадкавалі". Усё, што адбывалася ва ўрочышчы мне нагадала аповяд расейскага пісьменніка Фёдара Салагуба "Дробны нячысцік". Атачэнне Лукашэнкі нагадвае менавіта дробных нячысцікаў, чые душы пакутуюць і не маюць спакою. Зірніце на тое, што рабілі з Нінай Багінскай - гэта нейкая сумесь сталінізму з фашызмам. Тое, што 72-гадовую жанчыну, якая часта страчвае прытомнасць, затрымлівае дзясятак дубаломаў, паказвае, што ў гэтай улады проста няма межаў для злачынстваў. Гэтыя цвердалобыя бугаі, якія хапаюць маленькую бабулю і цягнуць у мікрааўтобус - сапраўдныя спадчыннікі Гестапа і НКУС.

Такія ж людзі хапалі калісьці Захаранку, Завадзкага, Ганчара і Красоўскага. Яны б з задавальненнем зрабілі гэта з намі, але людзі, якія выходзяць на плошчу людзі не даюць.

Мне брыдка ад таго, што Беларусь дзесьці з'яўляецца ў сусветных навінах, калі гаворыцца аб правядзенні Еўрапейскіх гульняў, а ў нашых уладаў такая гідкая і нізкапробная пыса.

Мяне вельмі здзіўляюць гэтыя "еўрапейскія ігрышчы”, гастралёры-канцлеры, якія прыязджаюць у нашу краіну, “рукаюцца" з Лукашэнкам, а затым знішчаюцца Курапаты. Не варта падлабуньвацца да гэтай брыдкай істоты, якія знаходзяцца ва ўладзе, бо яна даўно знаходзіцца ў руках дробных дэманаў.

- Як вы думаеце, чым можа скончыцца для ўладаў такая вайна з верай і памяццю?

- Даслоўна сёння я размаўляла на гэтую тэму з сябрамі. Курапаты - духоўны Рубікон для ўсяго беларускага народа. Барацьба з Богам у хрысціянскай краіне нічым добрым не можа скончыцца. Усе хрысціянскія канфесіі аднадушна адрэагавалі на блюзнерства ў Курапатах. Лукашэнка гэта бачыў і будзе змагацца з верай далей. Думаю, што ў гэтай краіне неўзабаве будуць кідаць на Акрэсціна за крыжык на шыі.

Але ведаеце, як казала мая бабуля "Бог - не цяля, бачыць круцяля". Лукашэнка зайшоў на тэрыторыю духоўнай, метафізічнай сферы. Нам трэба працягваць рабіць сваю справу, а далей будзе дзейнічаць Бог. Дыктатару лепш падумаць аб тым, як бясслаўна скончыў блюзнер Сталін. Ёсць сферы, у якія лепш не лезці, калі ты не хочаш, каб пасля смерці на тваю магілу плявалі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках