17 красавiка 2024, Серада, 0:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Карбалевіч: «Бабіч – толькі прадвеснік новай рэальнасці»

169
Валер Карбалевіч: «Бабіч – толькі прадвеснік новай рэальнасці»

Праз некаторы час Беларусь можа быць пазбаўленая ўсіх расейскіх субсідый.

Палітолаг выказаўся пра незвычайныя паводзіны расейскага амбасадара і новую тактыку Расеі.

«Такая лінія Бабіча вельмі нязвыклая, – піша Валер Карбалевіч у сваім блогу на Радыё Свабода. – Ніякія амбасадары заходніх краінаў так сябе не паводзілі нават у перыяды самых вострых стасункаў паміж афіцыйным Менскам і краінамі ЕЗ і ЗША. Ён дазваляе сабе назваць развагі Лукашэнкі “дзіўнымі”, “недарэчнымі”, “анэкдатычнымі”, “вывіхам”. Раней Бабіч вучыў, як правільна праводзіць “беларусізацыю”. 18 сакавіка ён запланаваў прэс-канферэнцыю, прымеркаваную да 5-годдзя далучэння Крыма да Расеі. У любой іншай краіне такі крок расейскага амбасадара выклікаў бы скандал.

Гэта значыць амбасадар Бабіч паводзіць сябе ў Беларусі як у краіне-сатэліце. У поўнай адпаведнасці з палітычнай вагой Расеі ў звязе з Беларуссю. Гэта дэманстрацыя таго, што хвост больш не будзе кіраваць сабакам. У савецкі час амбасадары СССР у сацыялістычных краінах або «краінах сацыялістычнай арыентацыі» выконвалі ролю паралельнага ўрада. Але гэта адбывалася кулуарна. А Бабіч спрабуе гуляць тую самую самую ролю публічна. Як кажа прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, “ён проста не зразумеў розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай”. Бабіч паказвае сапраўдны статус Беларусі ў беларуска-расейскім звязе. І гэта стала адкрыццём, пэўным шокам як для кіраўніцтва Беларусі, так і для грамадства. Гістарычная роля новага амбасадара РФ – разбурэнне ілюзій.

Ёсць яшчэ адзін важны чыннік дзейнасці Бабіча, на які не звяртаецца ўвага. Ён спрабуе апеляваць да той часткі беларускага грамадства, якая лаяльная да Расеі, падтрымлівае пазіцыю РФ у канфлікце з Захадам і Украінай праз галаву афіцыйнага Менска, імкнецца кансалідаваць прыхільнікаў “расейскага свету” ў Беларусі. З'яўленне ў беларускіх рэгіёнах расейскіх інфармацыйных рэсурсаў, пра якія з трывогай гаварыў Лукашэнка падчас “Вялікага размовы”, – адна з прыкметаў гэтай з'явы.

І яшчэ. З інтэрв'ю Бабіча вынікае, што і пытанне кошту на газ, і вылучэнне расейскіх крэдытаў, і праблему бесперашкоднага доступу беларускіх тавараў на рынак РФ Масква ўвязвае з будаўніцтвам саюзнай дзяржавы. Гэта значыць, праз некаторы час Беларусь можа быць пазбаўленая ўсіх субсідый, калі не захоча аб'ядноўвацца з Расеяй. Мяркуючы з усяго, набліжаецца момант ісціны. А Бабіч – толькі прадвеснік новай рэальнасці».

Напісаць каментар 169

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках