19 красавiка 2024, Пятніца, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ГМ-дзеці: навукоўцы патрабуюць мараторыя

4
ГМ-дзеці: навукоўцы патрабуюць мараторыя

Навукоўцы патрабуюць накласці сусветны мараторый на генетычнае рэдагаванне клетак чалавека.

«Трохі больш за тры месяцы таму, 26 лістапада 2018 года, свет з сумессю здзіўлення і страху даведаўся пра нараджэнне першых у гісторыі двух генетычна мадыфікаваных дзяцей. У сясцёр-блізнят Лулу і Нана была мадыфікаваная ДНК, калі яны яшчэ былі эмбрыёнамі, з тым, каб зрабіць іх устойлівымі да віруса СНІДу. Навуковая супольнасць асудзіла гэты эксперымент праз мноства нявызначанасцяў у дачыненні да здароўя дзяцей і іх будучых нашчадкаў. Каб прадухіліць паўтарэнне такой падзеі, 18 сусветна вядомых навукоўцаў (у тым ліку францужанка Эмануэль Шарпанцье, сааўтарка тэхналогіі генетычнага рэдактара CRISPR, неабходнага для мадыфікацыі ДНК) у сераду апублікавалі калектыўны ліст у вядомым навуковым выданні Nature з патрабаваннем накласці сусветны мараторый на генетычнае рэдагаванне клетак чалавека (эмбрыёнаў, яйцаклетак) і эмбрыёнаў з мэтай з'яўлення на свет генетычна мадыфікаваных дзяцей», - паведамляе Le Figaro (пераклад - inopressa.ru).

«За гэтым эксперыментам адказны кітайскі навуковец Хе Цзянькуй. Ён парушыў усе рэкамендацыі мадыфікацыі чалавечага геному, «ён не толькі не здолеў давесці тое, што змог бы кантраляваць наступствы такіх мадыфікацый для здароўя гэтых дзяцей, або тое, што яны не апынуцца згубнымі ў далейшым. У яго нават не было ніякага дазволу на такія дзеянні, - падкрэслівае Катрын Бурга, генетык і сябра камітэта этыкі Нацыянальнага інстытута аховы здароўя і медыцынскіх даследаванняў Францыі (INSERM). - У гэтым выпадку праведзеная ім мадыфікацыя была не той, якую ён планаваў першапачаткова, тут існуе мноства нявызначанасцяў. Не кажучы ўжо пра тое, што мэтазгоднасць такой працэдуры наогул не даказаная».

«Хтосьці ўмешваецца ў працэс стварэння людзей і нават у само ўяўленне аб чалавечым родзе, - падкрэслівае Катрын Бурга. - Гэта падымае пытанні, якія хвалююць усіх. Дыскусія павінна быць адкрытай і шырокай, і не толькі ў рамках навуковай супольнасці».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках