28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вытворцы распавялі, чаму ў Беларусі такія дарагія агуркі

67
Вытворцы распавялі, чаму ў Беларусі такія дарагія агуркі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

З якой нацэнкай прадаюць беларусам вясновыя вітаміны?

Кошт агуркоў ставіць рэкорды: за люты яны выраслі, з афіцыйнай статыстыкі, больш як на 30%. У папярэднія гады такога актыўнага падаражэння не было. У некалькіх гандлёвых сетках іх прадавалі па 11,99 рубля - гэта беларускай вытворчасці. А ў адным месцы на Камароўцы былі і зусім па 30, але з Баку. Вядома, у асноўным гэтая гародніна прадаецца па 6-8 рублёў за кіло, але многія беларусы і такім коштам іх сабе дазволіць не могуць.

Сайт tut.by даведаўся ў вытворцаў і прадаўцоў, як фармуецца кошт агуркоў, і чаму яны столькі каштуюць.

«Увесну зяленіва і вітамінаў хочацца асабліва моцна. Аднак, гледзячы на некаторыя цэннікі ў крамах і на рынку, страчваеш апетыт. Агуркі прадаюць па 11,99 рубля. Калі ўлічыць, што ў людзей у сярэднім заробкі па 600-700 рублёў, то моцна вітамінаў не накупляешся» —напісаў мянчук Максім пад фота з агуркамі ў адной з груп у сацсетках.

«Гандляры зусім знахабіліся! У крамах добрая свініна часта каштуе менш!»- напісалі ў каментарах да допісу.

Ці сапраўды справа ў велізарных гандлёвых надбаўках? Мы пацікавіліся ў вытворцаў, за колькі яны прадаюць агуркі раздробнаму гандлю.

- Калі браць наўпрост у нас з прадпрыемства, то гладкі агурок будзе каштаваць 3,5 рублі за кілаграм, а калючы — 3,7 рубля. Гэта такімі коштамі мы прадаем, калі бяруць ад трох тон. Калі менш, то гладкі агурок каштуе 4,5 рубля за кілаграм, а калючы — 4,7. Але кошты ж на месцы не стаяць. Бываюць крыху вышэйшыя, а бываюць і ніжэйшыя. Яны нават могуць мяняцца кожны дзень —растлумачыў нам прадпрымальнік з Салігорскага раёна, які займаецца вырошчваннем і продажам агуркоў. - Усё залежыць ад таго, якая выбарка. Да прыкладу, прадпрыемства сабрала 30 тон агуркоў, яны ляжаць на складзе, іх трэба хутчэй прадаць. Натуральна, кошт будзе крыху ніжэйшы. Зніжаецца ён на паўрубля максімум. А калі агуркоў мала, а попыт вялікі, то кошт павялічваецца.

Прадпрымальнік сказаў, што «цяпер кошт высокі нават на закупцы з аб'ектыўных прычын».

- Проста перыяд такі: холадна, вырошчваюць агуркі толькі ў цяпліцах, а гэта вялікія выдаткі. Плюс попыт на іх ёсць. Таму такія і кошты.

«Мінская агароднінная фабрыка» таксама вырошчвае і прадае агуркі. 12 сакавіка адпускны кошт іх быў 5 рублёў за кілаграм.

- Але ён будзе зніжацца, - сказалі на прадпрыемстве. - Попыт паменшыўся на агуркі, а на ўсіх камбінатах збіраюць іх вялікую колькасць. Вельмі высокая канкурэнцыя, таму трэба зніжаць.

Цяпер на Камароўскім рынку кілаграм агуркоў без праблем можна купіць за 6-7 рублёў. У адным месцы сімпатычныя і цвёрдыя агурочкі прадаюць па 5 рублёў за кіло - гэта агракамбінат «Ждановічы» рэалізуе такім коштам. Калі выказаць здагадку, што агуркі закупляюць, скажам, па 4,5 рубля, то нацэнка складае 25-35%.

- Далёка не ўсе закупляюць тавар такім коштам, - кажа адзін з прадаўцоў агуркоў на рынку. - Да таго ж у кошт закладваюцца яшчэ розныя выдаткі, да прыкладу, выдаткі на транспартаванне.

Прадаўцы кажуць, што купляюць і тыя агуркі, што за 30 рублёў.

— Ёсць у Менску і такія людзі. Прыходзяць на рынак раз на два дні і закупляюцца, скажам, на 250 рублёў усякай садавіной-гароднінай. Некаторыя бяруць і на вялікую суму, на 500 рублёў, і спаржу, і зялёны гарошак свежы зімой. На вячэру, кажуць, паесці. Смак у гэтых агуркоў - тых, што па 30, насычаны, яны духмяныя, як летнія, не тое што беларускія - вадзяністыя і без паху. Вядома, сярэдні беларус іх сабе не можа дазволіць, але ж ёсць агуркі і па 7 рублёў, і па 5 рублёў.

У крамах гандлёвыя надбаўкі і яшчэ меншыя.

- Мы сабралі звесткі аб гандлёвых надбаўках на агуркі ў розных гандлёвых сетках за апошнія дні. Яны вагаюцца ад 15% да 25% —распавядае начальніца Галоўнай управы гандлю і паслуг Менгарвыканкама Ніна Емяльянава. — Толькі ў адной гандлёвай сетцы была надбаўка 36%. Закуплялі яны агуркі па 6 рублёў за кіло, а прадавалі па 8,99.

Ніна Емяльянава падала яшчэ адзін прыклад: крама закупіла агуркі ў «ДорОрса», на той момант адпускны кошт быў 6 рублёў за кілаграм. У раздробным гандлі іх прадавалі па 7,92 рубля. Атрымліваецца, што 1,92 рубля - гэта 20% гандлёвай надбаўкі.

- Дарэчы, раней пры рэгуляванні коштаў гародніны памер гандлёвай надбаўкі складаў 25% —падкрэсліла начальніца ўправы. — Цяпер надбаўкі ні на якую гародніну ў нас не рэгулююцца. Калі казаць пра кошт агуркоў у крамах, то яны пачынаюцца ад 5,45. Самыя дарагія каштуюць блізу 9 рублёў. Паглядзелі мы і кошт памідораў, яны каштуюць ад 3,99 да 7,94 рубля. На рынках агуркі каштуюць ад 4 да 8 рублёў, а таматы — ад 3,5 да 7,5 рубля.

Пракаментавала Ніна Емяльянава і цэннік 11,99 рубля за кілаграм агуркоў, які сфатаграфавалі менчукі ў пачатку сакавіка.

— Гэта былі першыя агуркі калючыя. Закупляла іх гандлёвая сетка па 7,5 рубля, а прадавала па 11,99. Сёння ў іх такія ж агуркі ўжо каштуюць 6,99 рубля.

Са звестак Галоўнай управы гандлю, тэмп росту кошту свежых памідораў да снежня па выніках двух месяцаў гэтага года склаў 23%.

- Але трэба ўлічваць, што снежань - зніжкавы месяц. Перад Новым годам многія гандлёвыя сеткі ладзяць акцыі —падкрэслівае Ніна Емяльянава. - Рост кошту агуркоў за два месяцы склаў 50%. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. У вытворцаў растуць выдаткі на энэрганосьбіты: газ, электрычнасць. Аб'ём іх спажывання зімой павялічваецца, таму што скарачаецца светлавы дзень і падае тэмпература паветра. А ў сабекошце прадукцыі гэтыя выдаткі займаюць больш за 40%.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках