18 красавiка 2024, Чацвер, 20:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што стала вядома за два дні пра трагедыю ў Стоўбцах?

Што стала вядома за два дні пра трагедыю ў Стоўбцах?
ФОТА: НАТАЛЛЯ ФЯДОСЕНКА/ТАСС

Прыводзім галоўнае.

Раніцай 11 лютага мернае жыццё Стоўбцаў уразіла трагедыя: вучань 10-га класа сярэдняй школы №2 напаў з нажом на настаўніцу і аднакласнікаў. Два чалавекі ад атрыманых траўмаў памерлі, яшчэ двое знаходзяцца ў бальніцы. Што стала вядома пра трагедыю ў Стоўбцах за гэтыя два дні? Tut.by сабраў галоўнае.

11 лютага. Дзень першы

Вучань 10-га класа Вадзім прыходзіць у школу а 7.40. Пакідае партфель і выходзіць з кабінета. Пасля вяртаецца і наносіць смяротныя раненні настаўніцы гісторыі, якая павінна была весці першы ўрок. За педагога спрабуюць заступіцца два аднакласнікі 15 і 16 гадоў. Яны атрымліваюць раненні.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Вадзім выбягае з класа і заходзіць у суседні кабінет, дзе нападае на вучня 11-га класа. Ад атрыманых ран школьнік памёр.

Міліцыя прыязджае на месца здарэння імгненна. Але злачынцу атрымоўваецца схавацца. Спачатку ён спрабуе збегчы праз чорны ход, але той зачынены, тады выскоквае ў акно.

Праз дзве гадзіны падлетка затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі і АМАПа ў пад'ездзе жылога дома з меркаванай прыладай злачынства - нажом.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

У Стаўбцоўскую цэнтральную раённую бальніцу пацярпелыя школьнікі паступаюць паміж 8 і 9 раніцы. Аперуюць падлеткаў мясцовыя лекары, але, «паколькі сітуацыя неардынарная», на дапамогу прыязджаюць спецыялісты з Менскай абласной клінічнай бальніцы. Падлеткі ў рэанімацыі.

Заняткі ў школе скасаваныя. Настаўнікі просяць бацькоў забраць дзяцей. З будынка школы іх выпускаюць па чарзе. Ля ўваходу дзяжурыць міліцыя.

У доме нападніка падлетка працуе следства.

Сям'ю Вадзіма ў школе ведалі як добрую і прыстойную, якая «ніколі ні на якіх уліках не стаяла». Аднакласнікі і знаёмыя сцвярджаюць: ён быў ціхім і спакойным, вучыўся добра, быў прыкладам у матэматыцы. «Не біўся, не хуліганіў. Усё было нармальна», - пацвярджаюць суседзі. І дадаюць: «Бацька - нармальны мужык, камунікатыўны, жонка - прыемная жанчына».

12 лютага. Дзень другі

Школа №2 працуе ў звычайным рэжыме. З класа, дзе вучыцца Вадзім, прыйшла толькі палова вучняў. Некаторыя бацькі пабаяліся адпускаць сваіх дзяцей у школу. Да брамы школы мясцовыя жыхары нясуць кветкі.

Стан двух параненых падлеткаў да раніцы 12 лютага паляпшаецца - са стабільна цяжкага да сярэдняй ступені цяжкасці. Але яны ўсё яшчэ ў рэанімацыі, паведамляюць у Міністэрстве аховы здароўя.

У школах па ўсёй краіне ўзмацняюцца меры бяспекі, заяўляе Міністэрства адукацыі.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Становіцца вядома, што затрыманы школьнік адмаўляецца даваць паказанні. Следчы камітэт плануе дапытаць сваякоў затрыманага і школьніка, якому, паводле папярэдніх звестак, падлетак таксама спрабаваў нанесці ўдары нажом. Паведамляецца, што ў заплечніку ў затрыманага падлетка быў знойдзены малаток, а пры асабістым вобшуку - дымавыя шашкі і петарды.

Трагедыю ў Стоўбцах каментуе Лукашэнка: «Я днямі аналізую сітуацыю і ўсякага кшталту размовы на гэтую тэму: хто вінаваты. Усе мы вінаватыя, і справа не толькі і не столькі ў інтэрнэце. У нас у школах бардак, поўны бардак. Ніколі такога не было, ні ў савецкія часы, ні ў пераломны перыяд».

Лукашэнка мяркуе, што «трэба на ўсю катушку спытаць перш за ўсё з старшыні райвыканкама».

І з міністра адукацыі. Чаму не навялі парадак у школе? «Школа - святое месца. Як у царкву, трэба ісці ў школу», - перакананы ён.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Сем'ям пацярпелых Стаўбцоўскі райвыканкам аказвае матэрыяльную дапамогу. У горадзе скасаваныя ўсе забаўляльныя мерапрыемствы.

Развітанне з забітымі пройдзе 13 лютага.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках