Вікторыя Азаранка: Вельмі рада вярнуцца ў нацыянальную каманду Беларусі
9- 12.02.2019, 18:49
- 10,237
Экс-першая ракетка свету падзялілася ўражаннямі ад дэбюту за каманду Беларусі ў Сусветнай групе Кубка федэрацыі.
Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка падзялілася ўражаннямі ад дэбюту за каманду Беларусі ў Сусветнай групе Кубка федэрацыі і распавяла пра стаўленне да магчымай рэформы жаночага каманднага турніру.
- Ты прыляцела пазней за ўсіх. Заўзятары перажывалі, пыталіся, дзе ты, ці ўсё ў парадку. У чым была прычына затрымкі?
- Ведала, што на першы дзень мяне не планавалі ставіць, таму наважыла затрымацца ў Менску хаця б яшчэ на дзень. Я даўно не была дома, хацелася пабыць з сям'ёй. Плюс я яшчэ трошкі захварэла, таму пастанавіла на дзень адкласці прыезд. Такое бывае, асабліва зімой. Вірус нейкі, але цяпер адчуваю сябе ўжо лепш.
- Як гэта для цябе вярнуцца ў каманду праз тры гады?
- Вельмі радая вярнуцца, асабліва на гэтай стадыі, на якой яшчэ ніколі не гуляла, хоць здавалася, што ўжо гуляла. Мы прарабілі такі вялікі і доўгі шлях, каб знаходзіцца тут. Рада, што ў нас цяпер ёсць выдатная каманда і велізарны патэнцыял ісці далей.
- Ты ніколі не гуляла ў Сусветнай групе. Ці ёсць нейкія адрозненні ад матчаў у Еўра-Афрыканскай зоне, або, фактычна, усё тое ж самае?
- О-о-о, не, вялікія адрозненні. Усё ж такі і якасць усяго спаборніцтва іншая, і эмоцыі іншыя, калі ты выступаеш у Сусветнай групе. Гэта тое ж самае, што параўноўваць турнір "Вялікага шалома" і які-небудзь 10-тысячнік. Мы прайшлі праз усе вось гэтыя цяжкія "шчыліны", і цяпер не тое каб лёгка, але ўсё ж больш прыемна гуляць.
- Ты ведаеш пра рэформу Кубка Дэвіса? Ходзяць чуткі, што плануецца такая ж гісторыя і з Кубкам федэрацыі. Як думаеш, такая аптымізацыя каманднага турніру пойдзе на карысць табе, як тэнісістцы ў туры або, наадварот, неяк адцягне ўвагу заўзятараў праз адсутнасць выязных і хатніх матчаў?
- Новы фармат, менавіта як у Кубку Дэвіса, яшчэ не зацверджаны, таму цяжка казаць. Ён не такі цікавы, усё ж страціцца камандны дух. Не ўпэўненая, што фармат Кубка федэрацыі будзе такі ж, як і ў Кубка Дэвіса. Можа быць, іншы, але не такі ж. Але буду рада, калі зробяць матчы два разы на год замест трох. Усё ж такі гэта вельмі падаўжае сезон, а ён у нас і так не самы маленькі. Гэта будзе правільна з боку здароўя гульцоў. Думаю, гэта будзе добрым крокам, - сказала Азаранка ў інтэрв'ю афіцыйнаму сайту БТФ.