Трагедыя ў Стоўбцах: усё, што вядома пра напад з нажом у школе №2
- 12.02.2019, 8:14
- 24,172
Паводле афіцыйных паведамленняў, галоўнай мэтай нападніка была менавіта настаўніца.
Раніцай 11 лютага ў стаўбцкоўскай сярэдняй школе №2 16-гадовы вучань напаў з нажом на настаўніцу і трох школьнікаў. Жанчына і 11-класнік загінулі, двое аднакласнікаў цяпер у лякарні. «Еўрарадыё» сабрала ўсю інфармацыю, якая вядомая аб трагедыі ў Стоўбцах.
Са звестак Следчага камітэта, забойца вярнуўся ў клас а 7:40. Ён пакінуў заплечнік, выйшаў хвілін на 10, вярнуўся і ўдарыў нажом настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства. Яго паспрабавалі супакоіць двое аднакласнікаў, але таксама атрымалі ўдары нажом. Пасля гэтага хлопец выйшаў у калідор, забег у адзін з класаў і смяротна параніў нажом 11-класніка.
Нападнік паспрабаваў схавацца, але праз 2 гадзіны яго затрымалі ў пад'ездзе дома на вуліцы Свярдлова.
Матывы школьніка, які зладзіў разню, не зразумелыя. Апытаныя «Еўрарадыё» знаёмыя падлетка мяркуюць, што прычынай маглі паслужыць дрэнныя адзнакі ў школе. Да 9-га класа Вадзім вучыўся вельмі добра, аднак затым яго паспяховасць пайшла ўніз. Акрамя таго, хлопец пачаў паліць і ўжываць алкаголь.
Мяркуючы з афіцыйных паведамленняў праваахоўнікаў, галоўнай мэтай нападніка была менавіта настаўніца, а ўсе астатнія сталі выпадковымі ахвярамі. Пра загінулую 50-гадовую выкладчыцу гісторыі Марыну Пархімовіч вучні і калегі адклікаюцца вельмі добра. Яна адна з тых, хто рыхтаваў «алімпіяднікаў».
Сям'я нападніка характарызуецца станоўча, у сацыяльна небяспечным становішчы не знаходзілася. Бацька і маці хлопца працуюць у мясцовым ЖКГ.
Двое пацярпелых школьнікаў знаходзяцца ў Стаўбцоўскай раённай лякарні. Іх ужо прааперавалі, стан ацэньваецца як стабільна цяжкі.
Гэта не першы выпадак у Беларусі, калі падлетак учыняе спробу масавага забойства.
Паводле афіцыйнай версіі, 23 траўня 2016 года дзевяцікласнік Данат Скакун зайшоў у клас расейскай мовы і літаратуры і напаў з нажом на настаўніцу Валянціну Губарэвіч. Матыў нападу - нізкія адзнакі, якія Данат атрымаў напярэдадні.
Даната Скакуна асудзілі на восем гадоў зняволення. Бацькі хлопца абскардзілі прысуд у Вярхоўным судзе, але безвынікова. Зброю, якой хлопец нібыта наносіў удары настаўніцы, не знайшлі. Вынікі следства многія ўважаюць за непераканаўчыя, а прысуд за несправядлівы.
У кастрычніку 2016 года ў Менску 17-гадовы на той момант Уладзіслаў Казакевіч напаў з бензапілой на людзей у гандлёвым цэнтры «Еўропа». Тады загінула 43-гадовая жанчына, яшчэ дзве жанчыны атрымалі раны. Хлопца прысудзілі да 15 гадоў турмы. Пазней ён напаў на ахоўнікаў калоніі, за што да першага тэрміну яму дадалі яшчэ 7 гадоў пазбаўлення волі.