18 красавiка 2024, Чацвер, 14:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сэнатарка Эмі Клобушар уступае ў прэзідэнцкую гонку ў ЗША

Сэнатарка Эмі Клобушар уступае ў прэзідэнцкую гонку ў ЗША
ЭМІ КЛОБУШАР
ФОТА: WIKIPEDIA

Заканадаўца з Мінесоты спадзяецца перамагчы ў штатах, якія Трамп «забраў» у дэмакратаў у 2016 годзе.

Чакаецца, што сэнатарка Эмі Клобушар у нядзелю ўступіць у прэзідэнцкую гонку-2020, стаўшы першай памяркоўнай кандыдаткай сярод дэмакратаў, якія жадаюць кінуць выклік рэспубліканскаму прэзідэнту Дональду Трампу, паведамляе «Голас Амэрыкі».

58-гадовая Клобушар, якая тройчы выбіралася ў Сэнат на шасцігадовы тэрмін ад Мінэсоты, будзе пазіцыянаваць сябе як супрацьлегласць Трампу, які, як чакаецца, стане рэспубліканскім кандыдатам на выбарах у лістападзе 2020 года. Чакаецца, што пры гэтым яна засяродзіцца не толькі на іхніх палітычных адрозненнях, але і на стылі кіраўніцтва.

Былая пракурорка і адвакатка ў сфэры карпарацыйнага права, Клобушар далучаецца да групы дэмакратычных кандыдатаў, якая ўключае ейных калег: сэнатараў Коры Букера з Нью-Джэрсі, Камалу Гарыс з Каліфорніі і Элізабэт Уорэн з Масачусэтса.

Уорэн афіцыйна абвясціла аб сваіх намерах у суботу і ў нядзелю накіруецца ў Аёву для ўдзелу ў перадвыбарных акцыях. Букер таксама знаходзіцца ў гэтым штаце.

Клобушар прывабіла да сябе ўвагу краіны ў 2018 годзе, калі яна ўступіла ў спрэчку з Брэтам Каванам на слуханнях у Сэнаце, прысвечаных зацвярджэнню ягонай кандыдатуры ў якасці суддзі Вярхоўнага суда. Дзякуючы ейным пытанням яна заслужыла прызнанне ў колах Дэмакратычнай партыі за дзейнасць у прапагандзе руху #MeToo ( «Я таксама»), накіраванага супраць сэксуальных дамаганняў і гвалту.

Аднак ёй яшчэ трэба будзе багата зрабіць, каб стаць вядомай на нацыянальным узроўні. Яна ледзь згадваецца ў апытаннях грамадскай думкі, прысвечаных кандыдатам-дэмакратам.

Клобушар спадзяецца, што ейная памяркоўная палітыка і добрыя электаральныя вынікі ў Мінэсоце дазволяць ёй вярнуць штаты, якія Трамп «забраў» у дэмакратаў на выбарах у 2016 годзе, у тым ліку суседнія Аёву, Вісконсін і Мічыган, а таксама Пэнсільванію.

У сваёй заканатворчай дзейнасці Клобушар засяродзіла высілкі на такіх пытаннях, як антыманапольны нагляд, сельская гаспадарка і бяспека выбаршчыкаў. Надоечы яна патрабавала, каб Сэнат расследаваў магчымыя парушэнні закону з боку Facebook, калі кампанія супраціўлялася спробам высветліць, якім чынам расейцы выкарыстоўвалі яе платформу для ўмяшання ў хаду прэзідэнцкіх выбараў у 2016 годзе.

Яна дапускала памяркоўную крытыку Трампа, кажучы пра негатыўны ўплыў ягоных гандлёвых тарыфаў на фермераў, але ўнікала больш выбухованебяспечных праблем -такіх, як іміграцыя і кантроль над зброяй.

На апошніх выбарах у Сэнат у лістападзе мінулага года яна атрымала больш за 60 адсоткаў галасоў. Пры гэтым яна сабрала на кампанію толькі блізу 7,4 мільёна даляраў, што з'яўляецца параўнальна невялікай сумай у параўнанні з іншымі кандыдатамі ў Сэнат у больш канкурэнтных гонках. Але ёй давядзецца сабраць на мільёны больш, каб стаць канкурэнтаздольнай кандыдаткай у прэзідэнты.

Чакаецца, што на першым этапе перадвыбарчай кампаніі Клобушар засяродзіць сваю ўвагу на Аёве, якая мяжуе з Мінэсотай і з якой пачынаецца працэс дабору кандыдатаў.

Узмоцненая арыентацыя на Аёву і перамога ў гэтым штаце ў 2008 годзе дазволіла Бараку Абаму зрабіць імклівы хапок ад няўдаліцы да афіцыйнага кандыдата ад Дэмакратычнай партыі, які ў канчатковым выніку атрымаў перамогу на выбарах у тым годзе.

Клобушар пачала сваю палітычную дзейнасць у Мінэсоце, выступаючы за павелічэнне доступу да аховы здароўя для немаўлят і новых маці пасля таго, як ейная ўласная дачка нарадзілася з праблемамі са здароўем. Яна, напэўна, будзе выкарыстоўваць свой асабовы досвед у дэбатах пра будучыню нацыянальнай сістэмы аховы здароўя.

Клобушар не падтрымлівае ідэю ўсеагульнага медыцынскага абслугоўвання, якая будзе актыўна абмяркоўвацца падчас дэмакратычных праймэрыз, што, напэўна, будзе адрозніваць яе ад больш ліберальных кандыдатаў, якія займаюць іншую пазіцыю ў гэтым пытанні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках